Фестываль-конкурс “Хачу быць педагогам!” прайшоў у Брагіне

Грамадства

Аб значнасці прафесіі настаўніка, яе мінулым і будучым гаварылі ўдзельнікі раённага фестывалю-конкурсу “Хачу быць педагогам!”
Мерапрыемства прайшло 9 лютага на базе Брагінскай СШ, у ліку яго арганізатараў – цэнтр творчасці дзяцей і моладзі.

У першай намінацыі – “Педагагічны каляндар” – спаборнічалі вучні восьмых класаў. Так, на экскурс у гісторыю заснавання Дня настаўніка прысутных запрасілі Вераніка Макаранка, Мікіта Савін і Уладзіслаў Краўчанка з Брагінскай школы. Удзельнікі конкурсу не толькі расказалі аб тым, як яго святкуюць у розных краінах, але і правялі з гледачамі віктарыну. Адказы на пытанні па гэтай тэме ведалі ўсе прысутныя.

У сваім педагагічным календары вучань Малажынскай школы Андрэй Маручок адзначыў дні нараджэння вядомых беларускіх педагогаў. У іх ліку – Мікалай Запрудскі, які з’яўляецца аўтарам больш за 100 навуковых і метадычных работ; Рычард Смольскі, які таксама спалучае навуковую і педагагічную дзейнасць; Валерый Барашкоў – у 2016 годзе атрымаў званне “Народны настаўнік Беларусі”; Аляксандр Вітчанка, доктар геаграфічных навук, распрацоўвае тэарэтычныя асновы геаэкалогіі, у тым ліку ў галіне ацэнкі якасці навакольнага асяроддзя; Якаў Радына – савецкі і беларускі матэматык, член-карэспандэнт НАН Беларусі і інш.

Вучаніца Іялчанскай СШ Вераніка Дзешча лічыць, што выхоўваць падрастаючае пакаленне – асаблівая грамадзянская місія, якую і выконвае настаўнік. Прычым педагог – гэта не толькі прафесія, але і лад жыцця. Несці дзецям веды, аддаваць ім часцінку сваёй душы і сэрца – менавіта такой бачыць сваю будучыню васьмікласніца.

Настаўнік – гэта слова, з якога пачынаецца свет ведаў. Такое меркаванне агучылі гімназісткі Анастасія Пугачова, Дана Брэгід і Марына Ятчанка. Дзяўчынкі прывялі мноства цікавых фактаў з прафесіі педагога. Напрыклад, ці ведалі вы, што ў Старажытнай Грэцыі настаўнікаў арыфметыкі называлі калькулятарамі? А тое, што і сёння ў школах некаторых краін дазваляюцца цялесныя пакаранні?

Дарэчы, напярэдадні конкурсу гімназісткі спыталі ў сваіх педагогаў аб галоўных прафесійных каштоўнасцях. І даведаліся, што асноўныя складальнікі ідэальнага настаўніка – мудрасць, цярпенне, кампетэнтнасць і пазітыўнае мысленне.

Марыць звязаць свой лёс з прафесіяй настаўніка і вучаніца Мікуліцкай СШ Кацярына Здор. У яе календары на 2019 год змясціліся практычна ўсе значныя даты, якія маюць дачыненне да сферы адукацыі. Будзь то дзень нараджэння вядомага педагога, дзень заснавання ВНУ ці нейкая іншая цікавая падзея.

Вольга Палявая пазнаёміла прысутных з настаўнікамі-мужчынамі, якія, па словах васьмікласніцы, “руляць” у Чамярыскім дзіцячым садзе – сярэдняй школе. Адзін з іх – Мікалай Панчанка, класны кіраўнік дзяўчынкі, і паўплываў на тое, каб яна пажадала абраць такую ж прафесію.

Вучаніца Камарынскай СШ Алена Цімошчанка прымала ўдзел у намінацыі “Відэаролік” (для дзевяцікласнікаў). Сярод іншых школьных прадметаў дзяўчынка выдзяляе літаратуру, таму і прысвяціла сваё выступленне ролі мастацкага слова ў яе жыцці.

Пры падвядзенні вынікаў фестывалю-конкурсу журы ацэньвала змястоўнасць творчых работ, іх сацыяльную значнасць, эстэтычнасць афармлення, арыгінальнасць падачы матэрыялу. І пераможцам у намінацыі “Педагагічны каляндар” стала вучаніца Мікуліцкай СШ Кацярына Здор. Другое месца заняў Андрэй Маручок з Малажынскай СШ. А вось на трэцім месцы апынуліся адразу дзве каманды ўдзельнікаў: з Брагінскай СШ і гімназіі.

У намінацыі “Відэаролік” дыпломам першай ступені ўзнагароджана вучаніца Камарынскай СШ Алена Цімошчанка.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *