Год  напружанай  працы

Грамадства

На выяздной калегіі Мінсельгасхарчу, якая прайшла ў Гомельскім аблвыканкаме, дэталёва прааналіза-валі сітуацыю ў АПК, указалі на неда-працоўкі і ўпушчаныя магчымасці, якія прывялі да рэзкага зніжэння прадукцыі раслінаводства і жывёла-гадоўлі ў 2018-м.  За апошнія гады для аграрыяў вобласці менавіта 2018-ты быў вельмі неспрыяльным і прымусіў нямала пахвалявацца. Якія вывады зрабілі для сябе спецыялісты нашага  раёна, што ўзялі на ўзбраенне, і пойдзе  гутарка з галоўным аграномам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Максімам Каўцэвічам.

– Максім Юр’евіч, як можна палепшыць вынікі ў раслінаводстве ў сельгаспрадпрыемствах нашага раёна, за кошт чаго?

– За кошт строгага прымянення тэхналогіі, вызначэння структуры пасяўных плошчаў з улікам бальнасці зямель і падліку рэнтабельнасці вырошчвання той або іншай культуры. Многія газеты, і ваша ў тым ліку, пісалі, што недабор зерня каласавых аграрыі плануюць папоўніць  за кошт кукурузы. Так яно і атрымалася.  Намалот каралевы палёў у мінулым го-дзе склаў 126,8% да ўзроўню 2017-га пры ўраджайнасці 67 цнт/га. Акцэнт на вырошчванне каштоўнай кармавой культуры будзе зроблены і сёлета: пасяўныя плошчы пад кукурузу павялічым на 1700 гектараў, у тым ліку на зерне – на 800 га.  Дзеля гэтага частку зямель давядзецца раздыскаваць, а некаторыя плошчы, на якіх азімы рапс  загінуў,  перасеяць. Менш будзем вырошчваць нехарчовага аўса. Яго рэнтабельнасць у тры-чатыры разы ніжэйшая, чым кукурузы, зерня якой  намалацілі летась 16 585 тон. Сёлета плануем палепшыць гэты паказчык на 20 тысяч тон і не знізіць ураджайнасць.

Пры захаванні тэхналагічнага рэгламенту валавы збор зерня (з улікам  кукурузы) ў вазе пасля дапрацоўкі скла-дзе 58,4 тысячы тон, або 139,5 % да ўзроўню  2018-га. Неабходна павялічыць вытворчасць на 15,8 тысячы тон, што ў супастаўных цэнах складзе 4,1 млн рублёў.

– Што патрэбна зрабіць, каб дасягнуць намечанага?

– Каб павялічыць валавы збор зерневых і зернебабовых, давядзецца пашырыць пасяўныя плошчы пад яравыя культуры на 729 гектараў (пра кукурузу я ўжо гаварыў). Гэта дазволіць выканаць дзяржзаказ і забяспечыць жывёлагадоўлю фуражным зернем.

Мяркуем атрымаць сярэднюю ўраджайнасць азімых зерневых не менш 27 цнт/га, яравых – 26 цнт/га за кошт акупнасці мінеральных угнаенняў шляхам збалансаванага іх унясення пры строгім захаванні агратэхнічных патрабаванняў. Кожнаму гектару зерневых – не менш пяці  тон арганічных угнаенняў.

Належны эфект дасць своечасовае прымяненне сродкаў аховы раслін, якіх плануецца закупіць 17,3 тоны на суму 85 тысяч рублёў, і сяўба ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны.

– Калі ўжо размова зайшла пра мінеральныя ўгнаенні, якая забяспечанасць імі на сёння?

– Вышэй мінулагодняга і сярэднеабласнога паказчыка. У цэлым пад яравую сяўбу-2019 яна складае 31,4%: азотам – 19,6%, фосфарам – 28,2%, каліем – 41,4%. Фосфарныя і калійныя мінеральныя ўгнаенні сельгаспрадпрыемствы атрымліваюць па дзяржаўнай праграме ліквідацыі паследкаў катастрофы на  ЧАЭС, азотныя – за кошт субсідый і крэдытаў. Працэнт забяспечанасці вітамінамі ўрадлівасці будзе намнога вышэйшым,  пад поўную патрэбнасць.

– Перад раслінаводамі раёна стаіць задача забяспечыць жывёлагадоўчую галіну  сенам, сенажом і сіласам  і палепшыць іх якасць. Што ў структуры кармавога поля?

– Усяго плануецца  назапасіць з траў 69,6 тысячы тон кармавых адзінак, або 33 цнт кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы грамадскага сектара. З гэтай мэтай пасеяна 1125 гектараў шматгадовых бабовых і злакавых траў (люцэрны, канюшыны, цімафееўкі лугавой і купкоўкі зборнай). Патрэбна нарыхтаваць 186,1 тысячы тон кукурузнага сіласу, або 115,8% да патрэбнасці, 42 тысячы тон сенажу са шматгадовых траў  (121,4%) і 13,5 тысячы тон сена (100%).

– Ці папоўніцца машынна-трактарны парк новай тэхнікай?

– У канцы мінулага года ва ўсе адкрытыя акцыянерныя таварыствы (за выключэннем “Камарынскага”) паступілі трактары МТЗ з кормараздатчыкамі. Да пачатку веснавых палявых работ “Пераможнік” атрымае энерганасычаны трактар і дыскатар, а “Малажынскі”, “Пераможнік” і “Імя Жукава” – пагрузчыкі “Амкадор”. На ўзбраенні нашых аграрыяў – шыроказахопныя камбінаваныя агрэгаты, якія яны набывалі ў папярэднія гады. Кіраўнікі, якія дбаюць аб перспектыўным развіцці, эканамічнай стабільнасці не толькі прадпрыемства, але і людзей, купляюць новыя сучасныя сельгасмашыны. Як правіла, і палявыя работы тут праходзяць арганізавана і якасна.

Усіх нас чакае напружаная праца, інакш не зможам выканаць даведзеныя планы па вытворчасці прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі. Неабходна нацэльваць сябе на гэта і быць гатовымі  да новых выпрабаванняў, бо невядома, які год выдасца, якіх намаганняў запатрабуе ад вяскоўцаў і ў час пасяўной, і ў перыяд уборкі ўраджаю.

 Гутарыла Ніна СІНІЛАВА

Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *