Нашы землякі: Род Лазовікаў

Важное Нашы праекты: імёны малой радзімы

 

Сёння мы раскажам яшчэ пра адну  дынастыю брагінчан з прыгожым беларускім прозвішчам Лазовік. Старэйшы прадстаўнік  роду  Антон Адамавіч  (1886 – 1982)  вырас у шматдзетнай сям’і, у яго было сямёра братоў і сясцёр. Служыў   у царскай арміі  пяць гадоў,   ваяваў у першую сусветную вайну і  закончыў баявы шлях у  Венгрыі. За храбрасць і мужнасць наш зямляк  атрымаў шматлікія ўзнагароды. На жаль, у час пажараў і перездаў яны згубіліся.

Калі пасля службы  вярнуўся дамоў, бацькі  пасваталі  прыгожую дзяўчыну Тэклю Раманавец,  маладзейшую  за Антона Адамавіча  на 15 гадоў. Да жаніцьбы ў яго быў  зруб будучага дома і хромавыя чобаты. Вось і ўсё багацце. Кемлівы і працавіты, Антон Лазовік слыў  добрым  цесляром, дапамагаў людзям будаваць хаты.  Тэкля,  калі ўзгадвала сваё вяселле, а яно доўжылася некалькі дзён,  падкрэслівала, што гасцям хапіла адной  скрыні гарэлкі. Спіртнога ў той час вяскоўцы ўжывалі  мала, хаця ўмелі павесяліцца ад душы.

Брата  Антона Адамавіча, Карнея,  расстралялі ў Брагіне ў 1937 годзе, а  Лаўрэнцій  загінуў у савецка-фінскую вайну ў 1939 годзе. Сястра Агаф’я пражыла доўгае жыццё і памерла ў 1995-м.

 Тэкля Фёдараўна Раманавец з’явілася на свет  6 чэрвеня 1903 года ў в. Шкураты. У яе  быў  родны брат Якаў (яны – дзеці ад другога шлюбу бацькі), а яшчэ зводныя брат і сястра Сяргей і Елізавета. Якаў быў жанаты на прыгажуні Наталлі, якая падаравала яму пяцёра дачок. У 1941-м яго прызвалі ў Чырвоную Армію, і з таго часу   роднага і каханага чалавека  больш не бачылі.  Дочкі Дуся, Фрося  і Марыя завербаваліся ў Керч, дзе працавалі на рыбным комплексе. Крым засяляўся, і  многія беларусы  паехалі туды на працу. Дзяўчаты выйшлі замуж, стварылі свае сем’і і  на Брагіншчыну не вярнуліся.

Пасля смерці сваіх бацькоў Тэкля засталася сіратой і пражывала ў доме зводнага брата Сяргея. Гэта быў цяжкі і складаны перыяд у яе біяграфіі. Працавала на пана, атрымліваючы за гэта капейкі. Іх ледзьве хапала, каб не памерці з голаду.  Адзіную сукенку берагла, а калі мыла, чакала, пакуль высахне. Другой не было.

Пасля таго як  выйшла замуж за Антона Лазовіка, пераехала ў в. Вялікі Лес, дзе і стаяў зруб.  Але землі ў гэтых мясцінах былі малаўрадлівыя, пустыя, як іх называлі, і сям’я перабралася ў пасёлак Уладзіміраўскі Брагінскага раёна. Тут давалі вялікія надзелы. У хуткім часе пабудавалі хату, нарадзіліся дзеці: Ніна, Фёдар, Аляксей і Валянціна.

Лазовікі апрацоўвалі сваю зямлю, атрымлівалі нядрэнныя ўраджаі, які давалі магчымасць перажыць зіму і пракарміць сям’ю. Антон Адамавіч  цяслярыў, а Тэкля Фёдараўна хадзіла на працу ў калгас. Перад пачаткам вайны гаспадар  паехаў на заробкі ў Расію, ды там і застаўся. Не ведаючы нічога аб лёсе сваёй сям’і, стварыў новую. Ужо пасля вайны дачка Ніна пачала пошукі бацькі. Той, даведаўшыся, што дзеці і жонка  не загінулі ў час акупацыі, вярнуўся на радзіму.

Выжылі яны цудам. Вёску спалілі, а  ўсіх жыхароў разам з жывёлай пагналі, каб пагрузіць у эшэлоны і адправіць у Германію. Як расказвала Тэкля Фёдараўна,  на пад’ездзе да Хойнік на коннай падводзе да іх пад’ехала жанчына (аўстрыйка). Яна карысталася аўтарытэтам у начальніка нямецкага штаба і папрасіла пакінуць людзей з Вялікага Леса, не адпраўляць у Нямеччыну, і такім чынам выратавала ім жыццё.

А ў другі раз зберагала сям’ю … карова. Калі немцы гналі людзей па чужой вёсцы, рагуля забегла ў чыйсьці  двор. Гэты момант  выкарыстала жанчына, сама пайшла за ёй і  дзяцей пацягнула,   схавала  за фортку. Людзей пагналі, а яны засталіся.

Ніну ўключылі ў спіс для перасылкі ў Германію. Высакароднасць і  мужнасць  праявіў брат Фёдар. Ён даў згоду паехаць замест сястры. На чужыне прабыў да канца вайны. Тэкля Фёдараўна з разам з дзецьмі  перажыла ўсю вайну на  акупіраванай тэрыторыі, пякла хлеб для партызан. Яна была мужнай і бясстрашнай, выстаяла, зберагла дзяцей, за што ёй вялікі дзякуй ад унукаў і праўнукаў.

Ніна потым закончыла тэхнікум і настаўнічала на Брагіншчыне. Яе  зноў хацелі адправіць у  Германію, а каб гэтага не здарылася,  выйшла замуж (сямейных не чапалі). Яе каханы быў прызваны ў армію, змагаўся на франтах Вялікай Айчыннай і загінуў. Пасля вызвалення раёна  сям’я пераехала ў Мікулічы і заняла дом Фяськовых, бо свой  згарэў. А калі гаспадары вярнуліся назад, дзвюм сем’ям давялося дзяліць жылую плошчу. Так, відаць,  было наканавана лёсам. Дэмабілізаваўся з арміі іх сын  Аляксей і ажананіўся на Ніне. Аляксей Акімавіч быў накіраваны  інструктарам райкама партыі ў Лельчыцы, а потым – у Брагінскі РАУС. Атрымаў у Брагіне кватэру і пераехаў сюды з жонкай і сынамі Валерыем і Анатолем. І Аляксей Акімавіч, і Ніна Антонаўна, якая да пенсіі таксама працавала ў міліцыі, пахаваны ў Брагіне.

Іх сын Валерый пасля заканчэння васьмі  класаў Брагінскай школы выехаў з гарпасёлка, пасля службы ў войску паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на юрыдычны факультэт і атрымаў накіраванне ў Калінінград. Пракуратура, следчы камітэт, школа міліцыі, у якой выкладаў і якая потым стала Акадэміяй, пакінулі адбітак на характары і паводзінах. У час службы разам з курсантамі быў у гарачых кропках, удзельнічаў у ліквідацыі вынікаў аварыі ў Спітаку і на ЧАЭС у Брагінскім раёне.

Фёдар Лазовік, які замест сястры апынуўся ў Германіі,  працаваў там на заводзе. Цяжка даводзілася  падлетку выконваць  складаную работу, якая пад сілу была дарослым.  Яго будучая жонка Аня Ярац у  гэты час  батрачыла ў нямецкай сям’і. Ведаючы, што на заводзе шмат рускіх, насіла ім прадукты харчавання. Родам яна з вёскі Рыжкаў. Пасля вяртання на радзіму Фёдар і Аня стварылі сям’ю, жылі ў бацькоўскім доме па вуліцы Южнай,14.

Фёдара Антонавіча як сумленнага чалвека і добрага сем’яніна павінны памятаць у сельгастэхніцы (ранейшая назва ААТ “Брагінаграсэрвіс”). Пасля аварыі на ЧАЭС ён займаўся эвакуацыяй абсталявання з зоны адчуджэння, цяжка захварэў і  27 ліпеня 1987 года памёр. Пахаваны ў Брагіне. Яго Аня працавала ў райбальніцы, а калі  людзей з забруджанай тэрыторыі адсялялі, апынулася з сынам Аляксандрам у Светлагорску, а потым – у Растове-на-Доне, куды забрала ўнучка. Там яе і праводзілі ў апошні шлях.

Калі пачалася Вялікая Айчынная, Аляксандру Лазовіку споўнілася 13 гадоў.   Разам з Тэкляй Фёдараўнай, сёстрамі Нінай І Валянцінай  ён жыў у чаканні вызвалення ад карычневай чумы, якая перакрэсліла дзяцінства, прымусіла галадаць і пакутаваць. Па ўспамінах родных, быў упартым і настойлівы. Тэрміновую службу праходзіў спачатку ў Калінінградзе, а потым – на Поўначы. Пасля арміі да 1953 года распрацоўваў цалінныя землі, а ў 1953-м вярнуўся ў Брагін  і ўладкаваўся  ў сельгастэхніку трактарыстам. Яго жонка Варвара Кацуба да выхаду на песію працавала ў Брагінскай бальніцы  ў рэгістратуры.

Валянціну  браты і сёстры, пляменнікі  вельмі любілі і жартам называлі “хадзячы камп’ютар”, таму што яна пра ўсіх усё ведала, зберагала памяць пра свой род. І цяпер, калі яе няма ўпобач з намі, многае з таго, што аб’ядноўвала, звязвала гэтых людзей, забылася, а без Валянціны Антонаўны ўзнавіць некаторыя падзеі цяжка. І ўсё ж яна паспела  данесці да свядомасці маладога пакалення Лазовікаў, што  іх дзяды і прадзеды былі сапраўднымі патрыётамі,  працавітымі і ўмелымі, жылі годна, не баяліся цяжкасцяў і ўмелі пераадольваць іх. Імі можна ганарыцца.

Ніна СІНІЛАВА

Фота з сямейнага альбома



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *