Правілы дыктуе вясна

Официально

Наколькі гатовы да ВЕСНАВОЙ ПАСЯЎНОЙ КАМПАНІІ сельгаспрадпрыемствы раёна? З гэтага далёка не рытарычнага пытання пачаў апаратную нараду старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Кохан.

Надвор’е такое, што праз лічаныя дні патрэбна выводзіць тэхніку на палі. Аднак далёка не ўсюды яна гатова. Ёсць пытанні і з насеннем. Гэтая тэма праходзіла праз усю апаратную нараду: свае недахопы павінны ўхіліць дарожнікі, прадпрыемству меліярацыйных сетак неабходна правесці работы па водазатрыманні. Быць беражлівымі да пасеваў, не руйнаваць працу аграрыяў – гэта патрабаванне адрасавана ўсім, хто займаецца нейкімі работамі на засеяных тэрыторыях.

 

Аб выніках выязду МАБІЛЬНАЙ ГРУПЫ праінфармаваў галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дзмітрый Тамко. Яе прадстаўнікі аб’ехалі раённы цэнтр і выявілі шмат недахопаў. Значная іх частка – на аб’ектах КЖУП “Брагінскае”, што недапушчальна, – падкрэсліў кіраўнік раёна

Дзмітрый Ігаравіч расказаў і аб званках, што паступілі ў дыспетчарскую службу камунальнага прадпрыемства. У асноўным яны датычылі якасці вады. “Становішча выпраўляць, на звароты рэагаваць неадкладна”, – даручыў старшыня райвыканкама.

Пажараў і іншых надзвычайных сітуацый за тыдзень на тэрыторыі раёна не здарылася, – давёў да ведама прысутных начальнік РАНС Андрэй Грыгаровіч. Праводзіліся рэйды па месцах, дзе па-ранейшаму бавяць час аматары рыбнага лову. Прафілактычная работа працягваецца.

Намеснік начальніка РАУС Руслан Хіхол праінфармаваў: за тыдзень узбуджаны дзве крымінальныя справы. У сувязі з гэтым яшчэ раз міліцыя папярэджвае: будзьце асцярожнымі. У тым ліку і ў віртуальных сетках. Не паведамляйце рэквізітаў сваіх банкаўскіх картак нават людзям, якія здаюцца вам добра знаёмымі. Тыя, хто не асцерагаецца, застаюцца з пустымі рахункамі. Такі выпадак у чарговы раз зарэгістраваны з жыхаром раёна, які ў выніку даверлівасці пазбавіўся 150 рублёў. Выяўлены таксама выпадкі крадзяжоў у сельгаспрадпрыемствах: пяць літраў малака неслі з фермы ў “Чамярыскім” і салому спрабавалі скрасці ў “Малажынскім”.

Аляксандр Кохан падкрэсліў: у напружаны веснавы час асаблівую ўвагу патрэбна звярнуць на захаванасць гаруча-змазачных матэрыялаў. У выпадку крадзяжоў кожны кіраўнік гаспадаркі будзе несці прамую адказнасць за сваіх падначаленых, у тым ліку і матэрыяльную.

“Стан лесасек далёкі ад ідэальнага”, – звярнуўся старшыня райвыканкама да дырэктара ДЛГУ “Камарынскі лясгас” Аляксандра Дзягцярыка. Той  запэўніў: адміністрацыя трымае пытанне на кантролі. Накіроўваюцца лісты ў адпаведныя арганізацыі, парадак будзе наводзіцца.

Як паведаміла намеснік галоўнага ўрача Вольга Рабыкіна, назіраецца зніжэнне вострых рэспіраторных інфекцый. Сітуацыя па ДЭМАГРАФІЧНАЙ БЯСПЕЦЫ з пачатку года характарызуецца нязначным зніжэннем паказчыка агульнай смяротнасці.

Аб выкананні даведзеных ПРАГНОЗНЫХ ПАКАЗЧЫКАЎ праінфармавала начальнік аддзела эканомікі Людміла Шахніцкая.

На апаратнай нарадзе разгледжаны таксама пытанні землеўпарадкавання, работы экалагічнай службы, будаўніцтва.

Галіна ШАЎЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *