Раённы дом культуры правёў дзень адкрытых дзвярэй

Грамадства

Тут кожны можа абраць занятак па душы: спяваць, танцаваць, паспрабаваць сябе ў ролі акцёра ці вядучага, навучыцца рабіць прыгожыя рэчы з падручных матэрыялаў.


Як паведаміла загадчыца аддзела арганізацыйна-метадычнай работы Любоў Дубатдзел, якая і пазнаёміла прысутных з клубнымі аб’яднаннямі, ва ўстановах культуры раёна сёння працуе каля 150 гурткоў рознай накіраванасці, 26 з іх – у РДК. У дзіцячых займаецца больш за 600 хлопчыкаў і дзяўчынак.

Любоў Аляксандраўна таксама нагадала, што ў абноўленым выглядзе дом культуры прыняў сваіх першых наведвальнікаў некалькі месяцаў таму. Змяніўся фасад, папрыгажэлі фае, кабінеты, глядзельная зала. Тут з’явілася сучаснае гукавое і светлавое абсталяванне і інш.

Калі нехта цікавіцца дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам і жадае вырабляць розныя рэчы з прыродных матэрыялаў, паперы, тканіны і пацерак, то гэтаму можа навучыць Святлана Русак. Яна ж займаецца і з дзецьмі, якія наведваюць тэатральны гурток “Задзіры”.

А ці ведаеце вы, што такое квілінг? Гэта выраб плоскіх ці аб’ёмных кампазіцый са скручаных у спіралі палосачак паперы. Зацікавіліся? Тады спяшайцеся да Дар’і Прымак, якая з задавальненнем дапаможа вам асвоіць гэты від мастацтва. Уладзімір Дзямянчык гатовы навучыць роспісу па дрэве, а Наталля Гаўрыленка – плесці з паперы прыгожыя скрыначкі і вазы.

У свет гукаў прысутных запрасіў гукааператар РДК Яўген Кукуеў. Трэба адзначыць, што гэта адна са складанейшых і запатрабаваных творчых пра-фесій у сучасным свеце. Яўген Эльбрусавіч дапаможа набыць навыкі запісваць, апрацоўваць і манціраваць гук усім, хто будзе наведваць яго гурток. А яшчэ ён з’яўляецца дыджэем (вядучым дыскатэкі). І сваімі ведамі ў складанні працяглых міксаў, што з’яўляецца досыць карпатлівай працай, якая патрабуе не толькі музычнага густу, але і цярпення, гатовы таксама падзяліцца.

Аб гуртках “Я – у ролі” і “Вясёлы КВЗ” расказаў Яўген Корхаў. Ён запэўніў, што ўдзел у тэатральных і гумарыстычных пастаноўках – гэта і самаразвіццё, і карысны адпачынак, і проста прыемнае баўленне часу.

Пры знаёмстве з калектывамі наведвальнікі не толькі атрымалі цікавую інфармацыю, але і ўбачылі вынікі творчай працы некаторых з іх. Так, перад гледачамі выступіў вакальны ансамбль “Вясёлыя ноткі”, кіраўніком якога з’яўляецца Андрэй Дзядкоў.

А акцёры лялечнага гуртка “У гасцях у Алісы” прапанавалі ўвазе прысутных тэатральнае прадстаўленне пра Лісу і Катафея Іванавіча (кіраўнік – Святлана Корхава).

Прыемным сюрпрызам для юных наведвальнікаў РДК стаў удзел у флэшмобе з харэографам Віялетай Рэпічавай. Хлопчыкі і дзяўчынкі не толькі развучылі новыя танцавальныя рухі, але і атрымалі зарад пазітыву.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *