Сям’я Кукуевых арганізавала двухпавярховае птушынае кафэ

Грамадства


Пад акном – яблыня, на ёй – кармушка, каля якой, вось ужо амаль тыдзень на розныя птушыныя галасы чуваць “чык-чырык”, “цью-цью”, “ф’ю” і іншыя гукі, якія ў перакладзе на чалавечую мову, азначаюць ні што іншае як сардэчны “дзякуй”. А адрасаваны ён маленькай Паліне Кукуевай і яе бацькам. Менавіта яны арганізавалі гэтае двухпавярховае птушынае кафэ.

Як расказала маці дзяўчынкі Валянціна, пад іх акном заўсёды шмат дзюбатых гасцей, таму і вырашылі зрабіць для іх добрую справу і падтрымаць у галодны зімовы час. А тут як раз і конкурс у групе BRAGIN.BY (сацыяльная сетка ВК) аб’явілі.

Кармушку майстравалі ўсёй сям’ёй: тата зрабіў драўляны каркас, а Палінка з маці яе ўпрыгожвалі. Для аздобы ў ход ішло ўсё самае-самае (бо ў дзяўчынак толькі так): яркая падарункавая абгортка, сувеніры з шышак, а завяршыў кампазіцыю капялюш, пад палямі якога заўсёды ўтульна і сытна. У сям’і з’явілася магчымасць назіраць за шумным птушыным сняданкам.

Спадзяёмся, што і вы, натхніўшыся прыкладам неабыякавасці да братоў нашых меншых, зробіце для іх нешта добрае. А мы нагадваем, што наш конкурс працягнецца да 15 лютага.

Ірына СТЫЧЫНСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *