У ААТ “Камарынскі” падвялі вынікі работы за 2018 год

Главное Сельское хозяйство

У суботу, 16 лютага, у ААТ “Камарынскі” падвялі вынікі работы за 2018 год, выбралі старшыню прафсаюзнага камітэта і ўнеслі дапаўненні ў калектыўны дагавор.

У апошнія гады не ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах праводзяцца справаздачныя сходы ў традыцыйнай форме: з глыбокім аналізам вытворчай дзейнасці, сваіх пралікаў і ўпушчэнняў, ушаноўваннем ветэранаў працы, якія ідуць  на заслужаны адпачынак, уручэннем грашовых прэмій лепшым. У ліку нямногіх таварыстваў, якія складаюць выключэнне – ААТ “Камарынскі”, дзе такія мерапрыемствы не страцілі ўрачыстасці і актуальнасці. Дырэктар Рыгор Анапрэенка па-ранейшаму сам выходзіць на трыбуну,  расказвае падначаленым, як калектыў справіўся з пастаўленымі задачамі, якіх поспехаў дабіліся  жывёлаводы, механізатары і вадзіцелі, куды пайшлі заробленыя грошы, на чым страцілі і па чыёй віне, дзе хаваюцца скрытыя рэзервы.

Як адзначыў дакладчык, у 2018-м акцыянернае таварыства прагноз па тэмпах росту валавой прадукцыі ў супастаўных цэнах  не выканала. Рэалізавана  прадукцыі на 6369 тысяч рублёў (больш чым у 2017-м на 172 тысячы), або ў разліку на аднаго працаўніка 36,2 тысячы –  трэцяе месца   пасля “Брагінкі” і  “Чамярыскага”. Жывёлагадоўчай  прадукцыі прададзена  менш мінулагодняга. Па выніках фінансавай дзейнасці “Камарынскі” атрымаў 1773 тысячы рублёў прыбытку, рэнтабельнасць склала 32,1%, у тым ліку прыбытак  ад рэалізацыі – 134 тысячы (рэнтабельнасць – 2,4%). Значную падрымку аказала дзяржава: выдзеліла бязвыплатна 2536 тысяч  рублёў.

Па лізінгу сельгаспрадпрыемства набыло касілку, кормараздатчык, пагрузчык (усяго на 450 тысяч рублёў). За ўласныя грошы купіла машыну для ўнясення мінеральных угнаенняў коштам 2,9 тысячы рублёў. Тут шмат будуецца і рамнатуецца вытворчых памяшканняў, іншых аб’ектаў.

Асноўным сродкам сельгасвытворчасці з’яўляецца зямля. Ад таго, як яна выкарыстоўваецца, залежыць развіццё ўсіх галін. Сярэдні бал ворыва – 17,6, сельгасугоддзяў – 15,6 бала. Ураджайнасць зерневых на 1 бала-гектар склала 152 кг (найвышэйшая ў раёне). Валавы збор  зерня кукурузы пасля дапрацоўкі атрыманы ў колькасці  1803 тоны, ураджайнасць – 45 цнт/га, рапсу намалацілі 560 тон ( у цэлым па раёне – 2010 тон).

Валавы збор зерневых і зернебабовых камарынцы знізілі  на 1105 тон. Прычыну невысокіх  ураджаяў Рыгор Мікалаевіч бачыць у парушэнні тэхналогіі вырошчвання сельгаскультур:  не захоўваюцца  аптымальныя тэрміны сяўбы, уздыму зябліва, не ўкараняюцца новыя і перадавыя культуры і тэхналогіі. Нельга скідваць з рахунку высокія цэны на ГЗМ, адсутнасць сродкаў для рамонту тэхнікі, у выніку чаго  апрацоўка глебы праводзіцца па мінімуму.

Колькасць буйной рагатай жывёлы на 100 га сельгасугоддзяў – 63,8 галавы (па раёне на 8,3 галавы менш). За справаздачны перыяд атрымана 847 тон валавой прывагі (плюс 9 тон), сярэднясутачныя прывагі склалі 615 грамаў пры сярэднераённым паказчыку 570 гр. А вось малака надаілі 4424 тоны – на 308 тон менш, чым летась, у разліку на карову –  па 6703 кг. На 2129 кг больш сярэднераённай лічбы. Дарэчы, нядаўна “Сельская газета” надрукавала спіс сельгасарганізацый з прадуктыўнасцю дойнага статка звыш 6000 кілаграмаў малака. Прыемна было бачыць сярод іх і наш “Камарынскі”.  Хаця дырэктара гэта не радуе: у 2017-м даілі і рэалізоўвалі малака больш. Уся загвоздка ў тым, што на ферме ў вёсцы Прудавіца не асемяняліся каровы. Няма расцёлаў, няма і малака. Рыгор Мікалаевіч заўважыў, што калі і далей будзе ісці спад, сярэднямесячная заработная плата, якая на сёння найвышэйшая ў раёне, апусціцца да ўзроўню гаспадарак з невысокімі даходамі.

У 2018-м было вылаўлена 20,4 тоны рыбы, па 1854 кілаграмы  на аднаго рыбака. Яе  рэалізацыя прынесла ў касу таварыства  51 тысячу рублёў. Сярэдняя рэалізацыйная цана аднаго кілаграма склала 2,5 рубля, сабекошт – 2,01 рубля. Атрыманы прыбытак у суме 10 тысяч рублёў пры рэнтабельнасці 19,6%.

Рыгор Мікалаевіч праінфармаваў, як працавалі механізатары і вадзіцелі, колькі эталонных гектараў кожны з іх запісаў на свой рахунак, якая выпрацоўка на аўтамашыну. Назваў унушальныя сумы, якія пайшлі на набыццё запчастак і ГЗМ, аплату электраэнергіі і заўважыў, што расход энерганосьбітаў можна скараціць на 15-20%, што дасць дадаткова 150 тысяч рублёў, якіх хопіць на месячную зарплату калектыву.

 

У рабоце сходу прыняў удзел старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар Балобан. Сюды ён прыехаў не з пустымі рукамі. У рамках акцыі “Наш жывёлавод” лісты з падзякай і падарункі уручыў чатыром чалавекам.

Адзінагалосна старшынёй прафкама яшчэ на адзін  тэрмін абраны Аляксандр Петруненка, галоўны аграном. Прынцыпова аднесліся прысутныя ў зале да паправак у калектыўны дагавор: выплат да юбілейных дат (пры ўмове, што чалавек адпрацаваў у гаспадарцы не менш пяці гадоў), да 8 Сакавіка і 23 лютага, воінам-афганцам. Той, хто аддаў сельгаспрадпрыемству не менш чым 20 гадоў свайго жыцця, пры афармленні на пенсію атрымае тры сярэднямесячныя зарплаты. На адмаўляецца кіраўніцтва пасадзіць і апрацаваць бульбу камарынцам. А паколькі камбайна няма, убіраць яе давядзецца самім.

 На заслужаны адпачынак сёлета пайшлі сем чалавек, на падарункі для іх дырэкцыя не паскупілася. Грашовымі прэміямі адзначылі ўсіх, хто сумленна працаваў на працягу года.

 Ад усёй душы хочацца пажадаць калектыву ўдачы,  эканамічнай  стабільнасці і настойлівасці ў дасягненні намечанага, бо ў планах на перспектыву прадугледжана  давесці валавы збор зерневых да 12 000 тон, што дазволіць увесці ў рацыён жывёлы да 30% канцэнтратаў, павялічыць рэалізацыю зерня дзяржаве да 7000 тон. А таксама ўвесці ў севазварот азімы рапс як высокарэнтабельную культуру, зрабіць стаўку на якасць кармоў, і асабліва бялковых. Павялічыць вытворчасць малака і давесці надой ад каровы да 8000 кілаграмаў, атрымліваць сярэднясутачныя прывагі не менш 900 грамаў. І, што немалаважна, звесці да мінімуму невытворчае выбыццё жывёлы, бо пакуль работа ветэрынарнай службы выклікае ў дырэктара шмат нараканняў.

Аплата працы будзе праводзіцца толькі за колькасць і якасць прадукцыі, больш шырока прымяняцца натуральная. Няхай будзе так, як задумана.

Ніна СІНІЛАВА

Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *