Віктар Губар: Афганістан сустрэў не па-сяброўску

Главное Нашы праекты: імёны малой радзімы

 

Віктар Губар – адзін з тых жыхароў раёна, на чые плечы выпала няпростае выпрабаванне: у мірны час зведаць, што такое вайна.

Яго прызвалі ва Узброеныя Сілы СССР у красавіку 1985-га. І аб тым, дзе давядзецца несці службу, даведаўся ўжо на зборным пункце ў Гомелі. Так… Адным, відаць, суджана вяршыць лёсы іншых людзей, другім – быць у эпіцэнтры ваенных дзеянняў. А трэцім, на шчасце, ведаць пра трагічныя і адначасова гераічныя падзеі толькі са сціплых успамінаў іх сведкаў.

Спачатку была вучэбка ва Узбекістане – некалькі месяцаў юнак пазнаваў асновы ваеннай справы ў Фергане. І ў першую чаргу тут навабранцаў імкнуліся навучыць змагацца з ворагам у няпростых умовах пустыні і гарыстай мясцовасці. Шмат увагі ўдзялялі фізічнай падрыхтоўцы, а таксама тактычнай і агнявой. Адсюль Віктар выйшаў механікам-вадзіцелем БТР.

Пасадка ў самалёт, пералёт – і вось ужо салдаты-навабранцы ступілі на чужую зямлю. Спачатку прызямліліся ў Кабуле, а потым іх накіравалі на пастаяннае месца дыслакацыі ў Баграм. Афганістан сустрэў юнакоў зусім не па-сяброўску.

Менавіта тут, удалечыні ад радзімы, Віктар адчуў розніцу паміж юнацкімі марамі пра гераізм, подзвігі, вернасць доўгу і рэальнасцю, калі табе якраз і выпадае шанц здзейсніць гэты самы подзвіг, выпрабаваць на трываласць сваю волю і маральныя якасці. Падчас адной з баявых аперацый радавы Губар атрымаў сур’ёзнае раненне – побач узарвалася міна. Запомніў не толькі той жудасны дзень, але і час: 4 лютага 1986 года, 15.30. Дваццаць чатыры дні правёў у шпіталі ў Ташкенце і яшчэ некалькі месяцаў знаходзіўся на лячэнні ў Самаркандзе.

Дамоў, у родную вёску Краснае, вярнуўся летам. Для Брагіншчыны гэта быў няпросты, напоўнены болем, разгубленасцю і адчаем час – у жыццё трывогай уварваўся Чарнобыль. Але Віктар Мікалаевіч пацярпелы ад катастрофы раён не пакінуў. Вырашыў вярнуцца ў саўгас, дзе да арміі працаваў слесарам. Праўда, зрабіў гэта не адразу – яшчэ паўгода не дазваляў стан здароўя.

Калі атрымаў пасведчанне вадзіцеля, уладкаваўся па прафесіі. Дзесяць гадоў шчыраваў у будаўнічай брыгадзе. А зараз з’яўляецца аператарам кацельні КЖУП “Брагінскае”, якая атаплівае памяшканні Красненскага цэнтра культуры і вольнага часу.

Аб сваіх заслугах і трагічных падзеях на тэрыторыі Афганістана Віктар Мікалаевіч не аматар расказваць. Але пра тое, што ён з годнасцю выканаў свой воінскі абавязак, праявіў мужнасць і адвагу, сведчаць медалі і ордэн Чырвонай Зоркі.

Для кожнага з тых, хто прадстаўляў у свой час інтарэсы Радзімы, прайшоў дарогамі мужнасці і гераізму, сённяшняя дата – памятная і дарагая. Споўнілася трыццаць гадоў пасля таго, як апошнія падраздзяленні савецкіх узброеных сіл пакінулі тэрыторыю Афганістана. Таму ўсе, каму давялося глядзець смерці ў вочы, збяруцца разам, каб успомніць нялёгкія воінскія будні, баявое братэрства, а таксама сваіх сяброў – не кожнаму суджана было дачакацца шчаслівага дня вываду нашых войскаў з чужой краіны, дажыць да чарговай юбілейнай даты. Як наказ маладому пакаленню прагучаць самыя галоўныя словы:  берагчы, шанаваць на роднай зямлі мір, спакой, стабільнасць і згоду.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА

Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *