Выхаванцы цэнтра творчасці дзяцей і моладзі сустрэліся з воінам-афганцам

Грамадства

Напярэдадні 30-й гадавіны вываду савецкіх войск з Афганістана ў Брагінскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі  прайшла сустрэча з воінам-афганцам Сяргеем Ярмоленкам. Такія мерапрыемствы ва ўстанове з’яўляюцца  добрай традыцыяй і даюць магчымасць аддаць даніну павагі людзям, якія выконвалі інтэрнацыянальны абавязак за межамі Радзімы.

Удзельнікі сустрэчы ўважліва слухалі госця, які прайшоў выпрабаванне вайной,  задавалі пытанні. У сваіх успамінах Сяргей Уладзіміравіч расказаў, як стаў удзельнікам ваенных дзеянняў,  як не раз трапляў з таварышамі пад абстрэлы, аб салдацкай узаемадапамозе і радасці вяртання дадому.

У Афганістан  юнак  трапіў пасля вучэбкі ў Ашхабаце. Служыў у дэсантна-штурмавым батальёне каля Кандагара.  Жылі ў палатках. Многім салдатам цяжка давалася адаптацыя да афганскага клімату: днём да 60 градусаў спёкі, а ноччу замярзалі. Вядома, не раз даводзілася прымаць удзел у наступальных баявых аперацыях, іншых кровапралітных сутычках з ворагам. Але стараліся не думаць аб дрэнным. Да таго ж, каб падняць настрой і баявы дух воінаў, да іх неаднаразова наведваліся вядомыя савецкія артысты.

Напрыканцы  мерапрыемства дзеці падрыхтавалі тэматычную насценгазету і ўручылі ганароваму госцю юбілейную паштоўку, якую зрабілі сваімі рукамі. А Сяргей Уладзіміравіч у сваю чаргу падзякаваў арганізатарам мерапрыемства за прыемную сустрэчу,  іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і неабыякавасць да выхавання падрастаючага пакалення, пажадаў хлопчыкам і дзяўчынкам добра вучыцца і расці патрыётамі.

У гэты ж дзень у ЦТДіМ прайшла выстава малюнкаў, прысвечаных 30-годдзю вываду савецкіх войск з Афганістана.

Вольга ПАЛЯШЧУК

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *