Як змагацца з дзіцячай злачыннасцю: разважаем разам

Главное Территория закона

 

Дзіцячая злачыннасць. Само гэтае словазлучэнне гучыць некалькі парадаксальна. Але суровая рэальнасць даказвае: ёсць не толькі дарослы, але і юны твар у крыміналу. Як змагацца з такой балючай праблемай?

Намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Вольга ЯСІНСКАЯ аналізуе сітуацыю за мінулы год:

– Колькасць злачынстваў, здзейсненых юнымі асобамі на тэрыторыі Брагіншчыны, знізілася ў параўнанні з 2017-м з чатырох да аднаго. Але гэта не з’яўляецца падставай для самазаспакаення. Па-першае, таму што супраць закону пайшлі падлеткі ў групе: у крадзяжы ўдзельнічалі трое. Па-другое, непрыемную афарбоўку сітуацыі надаюць “заслугі” яшчэ двух непаўналетніх, якім не споўнілася 14 год, у сувязі з чым ва ўзбуджэнні крымінальнай справы адмоўлена. На рахунку кожнага таксама крадзеж.

Заўважу, што ўсе пяцёра – школьнікі, і праявілі яны такое “геройства” ці ў выхадны дзень, ці ў вячэрні час. А гэта сведчыць: асобных бацькоў нават не хвалюе, дзе знаходзяцца і чым займаюцца іх дзеці па-за ўстановай адукацыі і домам. Прычым у апошнія гады, як паказвае практыка, усё часцей парушаюць межы дазволенага падлеткі з сем’яў, дзе, здавалася б, пануе лад і дабрабыт. Дарослыя сёння больш заклапочаны матэрыяльнымі праблемамі. Таму і не дзіўна, што ў дэфіцыце застаюцца звычайная ўвага, даверлівая размова, нейкія сумесныя справы. Дзеці ў адных выпадках карыстаюцца адсутнасцю кантролю і празмернай занятасцю сваіх бацькоў, у другіх – іх залішняй апекай, усёдазволенасцю. А ў выніку? Уласная самастойнасць даказваецца не самым правільным спосабам, часам – пад уплывам кампаніі ці сумніўных сяброў.

І сапраўды, каб “натхніць”, падштурхнуць непаўналетняга да дзеянняў, якія ідуць у разрэз з законам і нормамі маралі, не абавязкова псаваць з ім адносіны. Дастаткова проста не цікавіцца яго справамі і інтарэсамі, не ўнікаць у варыянты баўлення ім вольнага часу. Пусціць, у рэшце рэшт, выхаванне на самацёк. За падлеткавай злачыннасцю, супрацьпраўнымі ўчынкамі нярэдка стаяць бацькоўская несур’ёзнасць і безадказнасць.

Нямала яшчэ, па словах Вольгі Міхайлаўны, выпадкаў, калі дзеці знаходзяцца ў позні час на вуліцы без суправаджэння дарослых, часам – у нецвярозым стане.  І каб папярэдзіць гэтыя і іншыя негатыўныя з’явы, адной растлумачальнай і прафілактычнай работы мала. Куды большы ўплыў аказваюць асабісты прыклад і аўтарытэт бацькоў.

ПУНКТ ПОГЛЯДУ

Зразумела адно: дзіця і злачынства – паняцці несумяшчальныя. Але гэта, калі ў ідэале. Насамрэч выкараніць такую з’яву, як парушэнне непаўналетнімі закону, не проста. Як засцерагчы дзяцей ад бяды, не даць пакалечыць іх  жыццё? Гэтае пытанне па-ранейшаму застаецца адным з хвалюючых і актуальных.

 

Алеся ЗУБАРАВА, пракурор раёна:

– Падыход да работы па папярэджанні злачынстваў сярод непаўналетніх павінен быць комплексны. Вялікае значэнне, безумоўна, маюць і арганізацыя вольнага часу дзяцей, і фарміраванне прававой культуры, і індывідуальная работа, і іншыя меры, якія дапамагаюць паўплываць на свядомасць маладых асоб. Важна, каб не назіралася збояў у сістэме міжведамаснага ўзаемадзеяння. А шлях у дарослае жыццё пачынаўся не з крымінальных “сюжэтаў”, а з асэнсавання адказнасці за ўласныя паводзіны і ўчынкі.

Кожны падлетак павінен дакладна разумець, што за парушэнне закону яго чакае пэўнае пакаранне. Прычым у шэрагу выпадкаў крымінальная адказнасць прадугледжана з 14 гадоў. Напрыклад, за крадзеж, хуліганства, наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання ці незаконны абарот наркатычных сродкаў. Ды і ўвогуле, любое супрацьпраўнае дзеянне нясе за сабой толькі негатыўныя наступствы. З’яўляецца падстава для пастаноўкі на ўлік у інспекцыю па справах непаўналетніх, занясення інфармацыі ў агульнарэспубліканскую базу даных аб злачынствах і правапарушэннях. А гэта ў далейшым можа стаць перашкодай для атрымання візы, паступлення ў спецыялізаваную ВНУ (Акадэмію МУС, Ваенную акадэмію), праходжання службы ў праваахоўных органах, займання вышэйшых пасад і т.п. Ці варта сабе псаваць жыццё?..

Сяргей ПАРХАМЕЦ, старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”:

– Сёння, на мой погляд, патрэбна шукаць больш дзейсныя, жывыя і неардынарныя формы прафілактычнай работы з дзецьмі і іх бацькамі. З аднаго боку – каб было ўяўленне, куды здольна зацягнуць злачынная багна, а з другога – прысутнічаў прыклад, які можна браць з працалюбівых, паспяховых людзей, трывалых і законапаслухмяных сем’яў. Важна накіроўваць сумесныя намаганні дзяржаўных і грамадскіх структур на выхаванне маладых асоб з высокімі маральнымі якасцямі, актыўнай жыццёвай пазіцыяй. А гэта значыць, далучаць дзяцей да карысных спраў, дапамагаць ім раскрывацца ў спорце, творчасці, грамадскай дзейнасці, падтрымліваць іх добрыя пачынанні.

Ніна ПІКУЛЬ, загадчыца Рыжкаўскай фермы, маці і бабуля:

– У нашай сям’і, дзе выхоўвалася трое дзяцей, заўсёды панавала павага да працы. Да хатніх спраў і гаспадарчых клопатаў кожны прывучаўся з маленства. І гэта, як мне здаецца, самы лепшы спосаб засцерагчы падлеткаў, асабліва вясковых, ад негатыўных з’яў.  Калі яны занятыя пасля школы працай, ведаюць, што ім патрэбна дапамагчы па гаспадарцы бацькам, часу на гульні з законам у іх проста не застанецца.

Марына КАЦУБА, жыхарка в. Такліноў:

– Факты, калі непаўналетнія дазваляюць сабе зусім недзіцячыя забавы, якія прыводзяць на лаву падсудных, выклікаюць, безумоўна, трывогу, неспакой і хваляванне. Тым больш што ў мяне падрастае трое дзяцей. Старэйшыя, Аліна і Кірыл, вучацца ў пачатковых класах, а меншаму, Арцёму, толькі два годзікі. Хочацца кожнага засцерагчы ад усяго дрэннага і негатыўнага, што падсцерагае на жыццёвым шляху. Таму вельмі важна, на маю думку, выхаваць іх у бацькоўскай любові, атмасферы даверу і ўзаемаразумення.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА

Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *