4 сакавіка – Дзень міліцыі

Грамадства Территория закона

У органах унутраных спраў служаць людзі, для якіх абавязак і гонар – не проста высокія словы, а штодзённая складаная праца. У любы час сутак, пры любым надвор’і, у будні і выхадныя яны на пасту, заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу. Ім уласцівы мужнасць і адвага.

Напярэдадні Дня міліцыі, які будзе адзначацца ў панядзелак, мы сустрэліся з першым намеснікам начальніка раённага аддзела ўнутраных спраў Русланам Хіхлом, каб падрабязней даведацца, чым сёння жывуць вартавыя правапарадку.

Падчас аператыўнай нарады

– Руслан Аляксандравіч, з якімі вынікамі калектыў РАУС сустракае прафесійнае свята?

– На працягу апошніх гадоў нашаму аддзелу ўнутраных спраў удаецца ўтрымліваць даволі высокую пазіцыю па выяўленні і раскрыцці злачынстваў сярод іншых РАУС Гомельшчыны. Так, у мінулым годзе ў раёне было здзейснена 105 злачынстваў, 99 з якіх раскрыты. А гэта (85,2%) – лепшы паказчык у вобласці.

Па-ранейшаму большасць супрацьпраўных дзеянняў складаюць крадзяжы. Зарэгістравана 11 фактаў па лініі наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі. Між тым колькасць цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў знізілася на 10,5%.

Безумоўна, трымаць крымінагенную сітуацыю пад кантролем дапамагае цеснае супрацоўніцтва з іншымі суб’ектамі прафілактыкі.

– А што яшчэ, на Ваш погляд, садзейнічае дасягненню такіх высокіх паказчыкаў?

– На шчасце, у РАУС нямала супрацоўнікаў, якімі сапраўды можна ганарыцца. Іх добрасумленнае стаўленне да справы дапамагае паспяхова спраўляцца з пастаўленымі перад міліцыяй задачамі. Многія, дарэчы, маюць ведамасныя ўзнагароды. А нядаўна медалі “За бездакорную службу” атрымалі начальнік аддзялення крымінальнага вышуку Сяргей Катлярэнка і старшы аператыўны дзяжурны Уладзімір Грамыка.

Між тым галоўнае ў нашай рабоце – гэта не лічбавыя паказчыкі, хоць і яны шмат аб чым гавораць, а абарона людзей ад злачынных замахаў, ахова правапарадку.

– Стаўленне грамадзян да міліцыі ў многім залежыць ад граматных і аператыўных дзеянняў супрацоўнікаў АДС.

– Так, цэнтрам кіравання ўсімі сіламі і сродкамі РАУС з’яўляецца аператыўна-дзяжурная служба, дзе кругласутачна прымаюцца заявы аб злачынствах і здарэннях. Ужо сёлета сюды паступіла больш за 320 паведамленняў аб крадзяжах, сямейных скандалах, канфліктах паміж суседзямі і інш. Прычым дзяжурны павінен не толькі высвятліць усё да дробязей, якія спатрэбяцца, каб затрымаць злачынцу па гарачых слядах, але і супакоіць чалавека, які, бывае, знаходзіцца ў стане стрэсу. Усе, хто тэлефануе на 102, могуць быць упэўнены, што іх абавязкова выслухаюць і дапамогуць.

– У нашы дні новыя тэхналогіі з’яўляюцца неад’емнай часткай дзейнасці многіх структур. Ці карыстаецца дапамогай сучасных тэхнічных сродкаў РАУС?

– У мэтах прафілактыкі правапарушэнняў і злачынстваў у грамадскіх месцах працягваецца работа па павелічэнні колькасці аб’ектаў, якія абсталяваны сістэмай відэаназірання. Лічу, што гэта дапаможа не толькі хутчэй раскрываць злачынствы, але і папярэджваць іх. Бо калі чалавек ведае, што знаходзіцца пад пільным наглядам камеры, то, магчыма, і стрымаецца ад супрацьпраўных дзеянняў.

Дарэчы, прафілактыка – адна з галоўных задач міліцыі. Вядома, што лягчэй папярэдзіць прапаварушэнне, чым потым шукаць вінаватых. Да таго ж прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці з’яўляецца дзейснай мерай па недапушчэнні цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў у далейшым. Так, за з’яўленне ў нецвярозым стане ў грамадскіх месцах у мінулым годзе да адказнасці прыцягнуты 318 чалавек, за дробнае хуліганства – 60, за парушэнне антыалкагольнага заканадаўства – 57.

– Супрацоўнікам міліцыі практычна штодня даводзіцца сутыкацца з негатывам. Да гэтага, безумоўна, патрэбна быць гатовым.

– Так. У нашай рабоце неабходна валодаць высокай стрэсаўстойлівасцю. Ад супрацоўнікаў любога аддзялення заўсёды патрабуецца максімальная засяроджанасць на справе і прафесіяналізм, бо за кожным зваротам у міліцыю, статыстычнымі лічбамі стаяць чалавечыя лёсы, перажыванні і надзеі людзей на дапамогу. Без перабольшвання магу сказаць, што кожны мясцовы крымінальны “сюжэт” утрымлівае ў сабе рысы трылера. І калі начальнік крымінальнага вышуку Сяргей Катлярэнка аднойчы задумае выдаць мемуары, то матэрыялаў хопіць не на адзін том. Як і ў любога ўчастковага інспектара міліцыі.

Дарэчы, кожны з іх ведае не толькі ўсіх, хто пражывае на падкантрольнай тэрыторыі, але і мянушкі іх хатніх жывёл. Напэўна, няма іншай прафесіі ў сістэме органаў унутраных спраў, якая была б такой блізкай да людзей, звязанай з іх ладам жыцця, бытавымі праблемамі і нягодамі. Таму ўчастковы – гэта не толькі вартавы парадку, але адначасова і псіхолаг, мудры дарадца. Адзін з адукаваных і вопытных у гэтай справе – Аляксандр Савянок, працоўны стаж якога каля 18 гадоў. Карыстаецца павагай і аўтарытэтам сярод насельніцтва Канстанцін Катлабай, на пасадзе – з 2014 года.

А самы малады ўчастковы інспектар забяспечвае правапарадак у Брагіне. Гэта Арцём Казачэнка, які, нягледзячы на сур’ёзную нагрузку, паспяхова спраўляецца са сваімі абавязкамі. Як доказ – на даверанай яму тэрыторыі назіраецца тэндэнцыя да зніжэння правапарушэнняў.

– Відаць, самае важнае тут – уменне наладзіць кантакт з насельніцтвам, заслужыць давер людзей…

– Эфектыўнасць работы міліцыі ў значнай ступені залежыць ад садзейнічання грамадзян: інфармацыі пра магчымыя правапарушэнні, сведкавых паказанняў і інш. Адзін з такіх прыкладаў – неабыякавы прахожы дапамог затрымаць падпальшчыка саломы каля Кавакі. Потым высветлілася, што гэты ж зламыснік крыху раней падпаліў і магазін у Малажыне, папярэдне здзейсніўшы з яго крадзеж. І тут зноў якраз дарэчы прыйшлася дапамога мясцовай жыхаркі, якая апазнала адну са скрадзеных рэчаў на месцы працы злодзея і паведаміла аб гэтым у міліцыю.

– Аснову беларускай міліцыі заўсёды складалі адданыя сваёй справе людзі. Бачу, што нямала такіх і ў раённым аддзеле. Напярэдадні прафесійнага свята, напэўна, хочаце сказаць ім шмат добрых слоў?

– Так, служба ў праваахоўных органах не толькі патрабуе высокага прафесіяналізму, стойкасці і прынцыповасці, але і абапіраецца на лепшыя чалавечыя якасці – вернасць абавязку, узаемадапамогу, самаахвяраванне. Гэтыя паняцці маюць асаблівы сэнс і для работнікаў РАУС, таму дзякую ўсім за плённую працу, жадаю моцнага здароўя, шчасця, поспехаў і сямейнага дабрабыту. Самыя цёплыя віншаванні перадаю родным і блізкім супрацоўнікаў міліцыі. Усе нашы службовыя дасягненні – гэта і іх заслуга, іх падтрымка і разуменне.

 

Будзь у курсе!

Днём нараджэння беларускай міліцыі лічыцца 4 сакавіка 1917 года, бо ў гэты дзень грамадзянскі камендант Мінска падпісаў прававы акт, паводле якога Міхаіл Фрунзе быў прызначаны часовым начальнікам міліцыі Усерасійскага земскага саюза па ахове парадку. Гэта адбылося пасля Лютаўскай рэвалюцыі, калі царскую паліцыю пачала замяняць народная міліцыя з выбарным начальствам, падпарадкаваным органам мясцовага самакіравання.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *