Фельчар Валянціна Кацуба: і выдатны спецыяліст, і цудоўная гаспадыня

Главное Нашы праекты: імёны малой радзімы

Найбольшай павагай і аўтарытэтам у вяскоўцаў з даўніх часоў карысталіся настаўнікі і медыкі. Першыя адкрывалі дарогу да ведаў, другія – ратавалі жыцці. І не так важна, што на ахове здароўя ў сельскай мясцовасці стаяў адзіны спецыяліст – фельчар. Ён не толькі дасканала ведаў сваю справу, але і ўклад жыцця ў кожным вясковым доме, таму яго па праву лічылі сямейным доктарам. Пацыенты яму давяралі, дзяліліся патаемным, чакалі дапамогі, калі адольвала хвароба.

З цягам часу, праўда, у сістэме аховы здароўя многае змянілася. Вяскоўцам цяпер адкрыта дарога ў самыя прэстыжныя медыцынскія ўстановы. Да іх прыязджаюць, каб правесці медабследаванне, пракансультаваць ці даць рэкамендацыі, спецыялісты розных профіляў. Але роля фельчара на сяле, яго аўтарытэт не зменшыліся.

Валянціна Кацуба атрымала гэтую спецыяльнасць з заканчэннем у 1990 годзе Гомельскага медвучылішча. І была накіравана на працу ў Брагінскі раён, дзе маладую асобу сустрэлі з радасцю. Ужо 29 гадоў, як яна загадвае Вуглоўскім ФАПам, а мясцовыя жыхары цэняць гэтую жанчыну за сардэчную шчодрасць, чуласць і спагадлівасць.

Сёння Валянціна Міхайлаўна, ураджэнка Рэчыцкага раёна, з цеплынёй узгадвае, як некалі ў іх сельскую школу, дзе вучылася, наведвалася мясцовая фельчар Ніна Гапоненка. Кожная сустрэча з гэтай жанчынай выклікала ў дзяўчынкі захапленне, бо ад Ніны Дзянісаўны веяла нейкім святлом, дабрынёй, душэўнасцю. Глядзела на яе вучаніца – і хацела быць такой жа: шчырай, сумленнай, ураўнаважанай, тактоўнай. Людзі да гэтага чалавека гарнуліся ўсім сэрцам. А моцнае ўражанне, якое аказала на дзяўчынку чалавечнасць Ніны Дзянісаўны, потым паўплывала і на яе прафесійны выбар.

Зразумела, што веды, атрыманыя ў вучылішчы, патрэбна было замацаваць практычнымі навыкамі, і на дапамогу маладому спецыялісту ў складаныя хвіліны прыходзіла старэйшая, больш вопытная калега Марыя Гардзеенка, загадчыца Дублінскага ФАПа. Раіла, падказвала, накіроўвала. Стала для Валянціны Міхайлаўны настаўнікам. І аддала, дарэчы, любімай прафесіі 53 гады – у 2018-м Марыю Герасімаўну ўрачыста правялі на заслужаны адпачынак. А мне чамусьці ў момант, калі пра яе ўзгадала маладзейшая калега, усплыла ў памяці адна з сустрэч з гэтай цудоўнай, энергічнай і пазітыўнай жанчынай. Таму захацелася і вам, паважаныя чытачы, паведаміць пра адну з яе жыццёвых гісторый, што была пакладзена ў аснову матэрыяла некалькі гадоў таму:

Стары драўляны будынак з саламяным дахам і грубкай для ацяплення ўжо самім сваім знешнім выглядам прасіўся на знос. У суровыя завейныя зімы холад прабіраўся ўнутр праз усе шчыліны, а снег з лёгкасцю пранікаў праз ненадзейныя дзверы. Да адзінага ў вёсцы тэлефона ў экстранных сітуацыях патрэбна было імчацца ў кантору, праз увесь Дублін. Ды маладой загадчыцы фельчарска-акушэрскага пункта ні гэтыя, ні іншыя нязручнасці зусім не перашкаджалі весці прыём пацыентаў і наведваць хворых, з’яўляцца ў дамах па выкліках, спяшацца на дапамогу да жыхароў з суседніх населеных пунктаў. Выручала ўменне кіраваць галоўным на той час транспартным сродкам – коньмі з гужавой павозкай, якую зімой замянялі сані. Такім чынам, напрыклад, па выбеленай снегам дарозе давялося дастаўляць аднойчы ў Брагін жанчыну-парадзіху. А як інакш, калі на раён – адзін аўтамабіль хуткай дапамогі. Чакаць, пакуль вернецца ад хворага, ды яшчэ недзе з аддаленай вёскі, рызыкоўна. Вось і пасадзіла цяжарную ў конную “карэту” – ды ўперад.

Колькі яшчэ такіх, з лейцамі ў руках, кіламетраў! Адзінае, чаго баялася Марыя, дык гэта каб коні па дарозе не распрэгліся. На ўхіленне такой непаладкі патрэбна было сапраўднае майстэрства, а ім дзяўчына так і не авалодала.

Ды аднойчы чаго баялася, тое і здарылася: на шляху з сельсавета, куды адвозіла справаздачы, збруя паслабілася, аглоблі ўпалі… І побач – нікога. Як-небудзь, прымітыўна, няўмела, але прыладзіла. Невядома, праўда, дакуль бы з такім “рукадзеллем” даехала, калі б па дарозе не сустрэла дзяцей, якія вярталіся ў Міхалоў са Спярыжжа, куды хадзілі ў школу. Пачуўшы прапанову падвезці, яны тут жа заўважылі: “Дык у вас коні распрэжаныя!” – і хлапчукі-падлеткі, якія аказаліся ў гэтай справе больш падкаваныя, хуценька і спрытна ўсё ўладзілі. Цяпер можна і на воз садзіцца. Так, усе разам, паспяхова да сваіх хат і даехалі.

Мінулі дзесяцігоддзі, а Марыя Гардзеенка дагэтуль памятае кожную дробязь таго здарэння, і калі пра яго некаму расказвае, абавязкова дадасць: “Каб на вашым шляху коні ніколі не распрагаліся”.

Такая вось яна, Марыя Герасімаўна, была ў справе – бойкая, дзейсная, рашучая. І ў дадатак да ўсяго жыццярадасная, аптымістычная. У такой сапраўды ёсць чаму павучыцца.

Зараз жа яе калега Валянціна Кацуба ўжо сама можа падзяліцца вопытам з маладымі. На яе ўчастку, а гэта вёскі Вуглы, Такліноў і Міхнаўка, пражывае 351 чалавек. Пад пастаянным патранажам, як і належыць, малыя да года, сем’і, у якіх дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, інваліды, адзінокія састарэлыя… Плюс прыём пацыентаў, тэлефонныя выклікі, комплекс прафілактычных, супрацьэпідэміялагічных, санітарна-гігіенічных мерапрыемстваў – клопатаў у Валянціны Міхайлаўны заўсёды шмат. Але з усім яна паспяхова спраўляецца. І атрымлівае ў свой адрас нямала ўдзячных слоў. Ва ўсялякім разе, толькі самыя цёплыя і прыемныя водгукі давялося пачуць ад пацыентаў у дзень нашай сустрэчы ў будынку ФАПа.

А яшчэ гэтая жанчына, як падзяліліся яе калегі, выдатная гаспадыня і адмысловая кулінарка. Прычым “смачна” ў яе заўсёды мяжуе з “прыгожа” – да афармлення сваіх “фірменных” тортаў і пячэння падыходзіць творча. І дзеці, калі накіроўваюцца дамоў, добра ведаюць: маці іх чакае з салодкімі пачастункамі.

24-гадовая дачка Анастасія, педагог па адукацыі, працуе ў Рэчыцы – выкладае замежную мову. Яе малодшая сястра Юлія вучыцца ў магістратуры Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны – выбрала факультэт псіхалогіі і педагогікі. А брат Аляксей, якому сёлета споўнілася васемнаццаць, – студэнт Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, будучы інжынер.

Дзеці для Валянціны Міхайлаўны – яе галоўная апора, радасць, падтрымка і надзея.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *