І на фермах павінен быць парадак

Официально

Для нашага паўднёвага раёна, які звычайна пачынае сяўбу ранніх яравых адным з першых у вобласці, падрыхтоўка да выхаду ў поле – задача для аграрыяў нумар адзін. З гэтага і пачаў чарговую апаратную нараду старшыня райвыканкама Аляксандр Кохан. Ён запытаў, калі пройдзе свята першай баразны, у якой гаспадарцы. Па ўсёй верагоднасці, гэта будзе ААТ “Камарынскі” з яго лёгкімі глебамі. І камарынцы, і чамярысцы лепш за іншых адрамантавалі тэхніку, паклапаціліся аб насенным матэрыяле. Аляксандр Васільевіч даў даручэнне правесці на базе “Камарынскага” раённы семінар, у час якога абмеркаваць усе пытанні пасяўной кампаніі: ад тэхналогіі сяўбы да аплаты працы і стымулявання механізатараў.

Кіраўніка раёна вельмі непакоіць стан спраў у жывёлагадоўлі. Пры тым, што саломы ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах хапае, у хлявах і кашарах брудна. Антымастытная праграма не выконваецца, соль адсутнічае, у рацыёне часам кіслы сілас. Назіраецца паморак жывёлы, каровы пакутуюць ад так званай капытнай хваробы. Недастакова ўвагі ўдзяляецца пытанням якасці малака. Кіраўнікі гаспадарак адышлі ад пытанняў жывёлагадоўлі.

З наступленнем цёплых дзён з асаблівай вастрынёй паўстала праблема добраўпарадкавання двароў і вуліц, дзіцячых пляцовак. Што датычыць тэрыторый сельскіх Саветаў, то тут патрэбна ўстанаўліваць новую агароджу, убіраць смецце, асаблівую ўвагу звярнуць на санітарны стан могілак. Раённыя арганізацыі, якія будуць замацаваны за кожным сельсаветам, дапамогуць убраць сухія аварыйныя дрэвы.

Мабільная група райвыканкама праверыла гандлёвыя кропкі ў Крыўчы, Дубліне, Малажыне. Аб выніках маніторынгу расказаў галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дзмітрый Тамко. Кіраўнік раёна ўказаў старшыні праўлення райспажыўтаварыства Надзеі Кукрак на неабходнасць павелічэння тавараабароту і насычанасць прадуктамі харчавання, вырашэння кадравай праблемы. У магазін н.п. Кірава патрабуецца прадавец.

Аляксандр Кохан пацікавіўся, чаму спынілі сваю работу мабільныя групы сельскіх Саветаў. Гэтае пытанне ўзята на кантроль.

Начальнік РАНС Андрэй Грыгаровіч праінфармаваў, што на мінулым тыдні выратавальнікам давялося выязджаць на месца здарэнняў тры разы. Не абышлося без пажараў: у Малажыне загарэўся дом, у якім пражываў жывёлавод ААТ “Малажынскі”. На шчасце, дзякуючы пажарнаму апавяшчальніку ён застаўся ў жывых. Наглядальныя камісіі абследавалі 57 дамоў.
Узровень вады ў Дняпры падняўся на 14 сантыметраў, рака ачысцілася ад лёду, але ж па-ранейшаму небяспеку для аматараў рыбнай лоўлі ўяўляюць затокі, дзе ён застаўся.

На мінулым тыдні ўзбуджаны крымінальныя справы па фактах крадзяжу веласіпедаў, прадуктаў харчавання і грошай. Аднаго чалавека накіравалі ў ЛПП. Аб гэтым прысутным паведаміў начальнік РАУС Валерый Чэкан.

На апаратнай нарадзе кіраўнік раёна вярнуўся да пытанняў водазабеспячэння і заключэння дагавораў з насельніцтвам. Як высветлілася, імі ніхто не займаўся, сабекошт вады ў гаспадарках ніхто не падлічваў. Аляксандр Кохан даў указанне ўзяць праблему на кантроль.

Размова ішла таксама аб патруляванні вуліц райцэнтра, якасці пітной вады і адстрэле бадзяжных сабак, рабоце камісіі па барацьбе з карупцыяй.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *