На працу — у міліцыю: Аляксей Дзегцярэнка ганарыцца абранай прафесіяй

Важное

Крыху больш за два месяцы засталося да таго часу, калі для выпускнікоў школ празвініць апошні званок. І, напэўна, адно з самых актуальных пытанняў для іх зараз: дзе прадоўжыць навучанне? Безумоўна, да справы патрэбна падыходзіць сур’ёзна, каб не памыліцца ў выбары, бо ад гэтага залежыць далейшы жыццёвы шлях.

Некалькі год таму гэтак жа з нецярпеннем і хваляваннем чакаў моманту, калі паступіць у вышэйшую навучальную ўстанову і Аляксей Дзегцярэнка з Вуглоў. А сёння ён ужо курсант чацвёртага курса Магілёўскага інстытута МУС, праходзіць практыку ў раённым аддзеле ўнутраных спраў і ганарыцца абранай прафесіяй.

Як і многія хлопчыкі, працаваць у міліцыі Аляксей марыў з дзяцінства. Разнастайныя серыялы пра будні аператыўнай службы і адлюстраваны ў іх гераізм яе супрацоўнікаў прыцягвалі сваёй рамантыкай. Маці не пярэчыла сыну, але папярэджвала, што гэта на першы погляд прафесія міліцыянера здаецца поўнай займальных прыгод і захапляльных падзей. Насамрэч абарона правапарадку – адказная і карпатлівая работа. Вядома, Аляксей гэта разумеў, але здраджваць сваёй мары не збіраўся. Наадварот, у дзявятым класе юнак пачаў мэтанакіравана рыхтавацца да паступлення ў ВНУ, стаў больш увагі ўдзяляць прадметам, па якім планаваў здаваць ЦТ (грамадазнаўству, беларускай і нямецкай мовам).

І вось, нарэшце, усе іспыты паспяхова пройдзены. Аляксей знаходзіць сваё прозвішча сярод залічаных на факультэт міліцыі Магілёўскага інстытута МУС. Але расслабляцца не было часу: наперадзе юнака чакаў курс маладога байца. У жніўні, калі ў іншых абітурыентаў яшчэ працягваліся канікулы, будучыя вартавыя правапарадку ўжо засвойвалі асновы тактыка-спецыяльнай і агнявой падрыхтоўкі, вучыліся маршыраваць, рыхтаваліся да прыняцця прысягі.

Жыццё курсанта ў інстытуце падобна на армейскае: пад’ём у 6.00, потым – зарадка, сняданак, заняткі, самастойная падрыхтоўка… Суткі распісаны літаральна па гадзінах. Аляксей прызнаецца, што спачатку было цяжкавата, але праз некаторы час такі рэжым стаў для яго нормай. Прызвычаіўся і ўсвядоміў, што кожны новы дзень – гэта новыя веды і яшчэ адзін крок да прафесіі, якая прызвана зрабіць жыццё грамадзян больш спакойным і бяспечным.

Сярод прапанаваных спецыяльнасцей Аляксей аддаў перавагу аператыўна-пошукавай дзейнасці. Зараз ён ужо на чацвёртым курсе, і ў гэтыя дні праходзіць практыку ў раённым аддзеле ўнутраных спраў пад чулым кіраўніцтвам начальніка аддзялення крымінальнага вышуку Сяргея Катлярэнкі. Курсант выязджае ў складзе следча-аператыўнай групы на месцы здарэнняў, бярэ тлумачэнні ў асоб, якія маюць дачыненне да справы, запаўняе працэсуальныя дакументы.

Практыка працягнецца да 9 чэрвеня. Потым юнака чакаюць выпускныя экзамены і атрыманне дыплома. А ў жніўні Аляксей вернецца ў Брагінскі РАУС ужо ў якасці маладога спецыяліста і ў званні малодшага лейтэнанта.

– Добрасумленны, працавіты, імкнецца ўнікнуць ва ўсе тонкасці прафесіі, – характарызуе курсанта намеснік па кадравым забеспячэнні начальніка РАУС Сяргей Брыцько.Упэўнены, што ён і далей будзе з поспехам спраўляцца з задачамі, якія стаяць перад крымінальным вышукам.

Сяргей Андрэевіч таксама нагадаў, што ў нашай краіне спецыялістаў для службы ў органах унутраных спраў рыхтуюць не толькі ў Магілёўскім інстытуце МУС, але і ў Акадэміі МУС. На дзённую форму навучання могуць паступаць грамадзяне Беларусі ва ўзросце ад 17 да 25 гадоў, якія маюць сярэднюю, прафесійна-тэхнічную з агульнай сярэдняй ці сярэднюю спецыяльную адукацыю.

Каб стаць абітурыентам, неабходна да 15 красавіка падаць адпаведную заяву ў РАУС (для афармлення асабістай справы). Потым прайсці спецыяльную праверку, ваенна-ўрачэбную камісію і прафесійна-псіхалагічны адбор. Дазвол і рэкамендацыі на паступленне дае атэстацыйная камісія ўпраўлення ўнутраных спраў Гомельскага аблвыканкама. У лік прадметаў, па якіх неабходна прайсці цэнтралізаванае тэсціраванне, уваходзяць беларуская (руская) і замежная мовы, а таксама грамадазнаўства.

У выпадку залічэння ў ВНУ курсант атрымае не толькі бясплатную вышэйшую юрыдычную адукацыю, даволі высокую стыпендыю, але і поўнае дзяржаўнае забеспячэнне. Выпускніку гарантуецца працаўладкаванне і сацыяльная абарона.
Дарэчы, працаўладкавацца ў міліцыю можна не толькі пасля заканчэння ўстановы адукацыі сістэмы МУС. Сёння ў раённым аддзеле ўнутраных спраў ёсць тры вакансіі міліцыянераў па ахове тэрыторый радыеактыўнага забруджвання і чатыры вакансіі афіцэрскіх пасад. Іх могуць заняць працавітыя, адказныя і моцныя духам людзі. Дарэчы, служба ў арміі не з’яўляецца абавязковай умовай.

Па пытаннях, якія датычаць прыёму на службу ці атрымання накіравання на вучобу, можна звяртацца ў РАУС па адрасе: г.п. Брагін, вул. Гагарына, 53. Тэлефон: 2-19-83.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *