Навядзём  чысціню  і  парадак

Год малой родины Официально

З 11 сакавіка па 11 красавіка ў нашым раёне, як і ва ўсёй вобласці, праходзіць месячнік па добраўпарадкаванні. Гэтай тэме старшыня райвыканкама Аляксандр Кохан удзяліў шмат увагі.

Нельга сказаць, што ў нас нічога не робіцца. Калектывы прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый наводзяць парадак на замацаваных тэрыторыях, ачышчаюць вуліцы і паркі ад смецця. Але, здараецца, эфектыўнасць іх намаганняў – нулявая. Невялікія кучы змеценага з дарожак пяску, галля ляжаць па некалькі дзён, не звозяцца, а вясенні сухавей разносіць усё па ваколіцы. Кіраўнік  раёна звярнуў на гэта ўвагу  камунальнай службы і начальніка аддзела ЖКХ, архітэктуры і будаўніцтва. Да арганізацыі працы людзей у час суботнікаў неабходна падыходзіць больш прадумана і зацікаўлена.

“Калі абновіце разметку на пешаходных дарожках? Што трэба зрабіць, каб прывесці ў парадак вуліцу Паркавую?” – пытанні, адрасаваныя дарожнікам, гучаць на апаратных нарадах не ўпершыню. Зразумела, ім давядзецца выканаць вялікі аб’ём работ, але ж, па словах Аляксандра Васільевіча,   да 26 красавіка ўсюды павінна быць чыста і прыгожа. Тэрміны вызначаны, задачы пастаўлены – за справу. Неабходна таксама звярнуць увагу на стан  дарожных знакаў.

Да тых, хто дапускае брак у рабоце, адносіны ў старшыні райвыканкама  непрымірымыя.  Няякасна заасфальтаваная  дарожка ад другога мікрараёна да бальніцы выклікае нараканні ў Аляксандра Васільевіча невыпадкова. З абурэннем гаварылі пра гэта і жыхары дома №50. Адна з жанчын,  будаўнік па адукацыі, з недаўменнем разводзіла рукамі: як можна было так спаганіць  дарожку і чаму не прадумалі, як зрабіць пераход цераз канаву, на якой ляжыць пліта, камфортным і зручным?

Дэталёва Аляксандр Кохан абмеркаваў з адпаведнымі службамі пытанні  абнаўлення парка ў Камарыне, пасадкі дрэў. Камарынская зона, як паказвае жыццё, патрабуе неаслабнай увагі.

Аб выніках маніторынгу мабільнай групай райвыканкама сацыяльных  аб’ектаў расказаў в.а. начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дзмітрый Тамко. Праверка паказала, што аб навядзенні парадку на тэрыторыях клапоцяцца не ўсе. Што выявіла мабільная група Вуглоўскага сельсавета, праінфар-мавала  старшыня Святлана Протчанка.

Першы намеснік начальніка РАНС Віктар Цімонін паведаміў, што мінулы  тыдзень выдаўся адносна спакойным. Да месцаў узгарання выратавальнікі выязджалі чатыры разы. Наглядальныя камісіі працавала згодна з планам, усе пытанні, якія ўзніклі, вырашаліся ў рабочым парадку. Узровень вады ў Дняпры  практычна не змяніўся.

Начальнік РАУС Валерый Чэкан ахарактарызаваў сітуацыю са злачыннасцю ў раёне: узбуджана  крыміна-льная справа (здзейснены крадзеж грошай у Гдзені). У в. Кірава выяўлены факт самагонаварэння, у сельскай бібліятэцы (в. Сялец) разбілі шкло ў акне. У Чамярысах зафіксаваны крадзеж шчэбеню. Усяго на тэлефон міліцыі 102 паступіла 53 паведамленні.

Да інспекцыі прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя ў кіраўніка раённай вертыкалі заўсёды шмат пытанняў, якія датычаць навядзення парадку і выканання  прыродаахоўнага заканадаўства. Тут патрабуюцца строгасць, прынцыповасць, непрымі-рымасць.

На асаблівым кантролі – выкананне прагнозных паказчыкаў за першы квартал, рост заработнай платы, ход сяўбы ранніх яравых культур.

На апаратнай нарадзе былі таксама разгледжаны пытанні забеспячэння насельніцтва дрывамі, правядзення суботнікаў, пастаўкі прадукцыі  “Дары ад Зары”, спілоўвання сухіх дрэў, добраўпарадкавання могілак, асвятлення вуліц у вясенні і летні час.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *