Пра землякоў – з любоўю

Нашы праекты: імёны малой радзімы

10 сакавіка 60-гадовы юбілей адзначыць Адам Анісімавіч Царанок

Змалку Адам Анісімавіч зведаў нястачу, прызвычаіўся да сялянскай справы і зразумеў, што шлях да прызнання пракладваецца працай.

Памятаю яго з 1972 года трынаццацігадовым падлеткам. Ужо тады ўразіла незвычайная адказнасць і неверагодная працаздольнасць: у параўнанні з аднагодкамі ён ужо ўмеў араць і не горш вясковых мужчын хадзіць за плугам, самастойна нарыхтоўваць дровы ў лесе, пілаваць, калоць, штабеляваць іх. Спраўна рамантаваў старэнькую агароджу і спрытна даглядаў жывёлу ў стойлавы перыяд.

Пры знаёмстве з сям’ёй даведалася, што ў яго вельмі рана памёр бацька. На руках хворай маці засталося чацвёра непаўналетніх дзяцей. Старэйшай была сястра, але ж асноўны цяжар мужчынскай працы Адам узваліў на свае кволыя плечы. І хаця падлетак рос кемлівым і здатным, многае ў яго атрымлівалася не адразу. Таму не раз ім апаноўвалі роспач і адчай. Але ненадоўга. Адам знаходзіў у сабе сілы пераадольваць часовыя, як ён спадзяваўся, цяжкасці. У такія хвіліны хлопец зайздросціў бесклапотным сябрам, якія пры жывых бацьках былі ім толькі памагатымі, а яму даводзілася спадзявацца больш на сябе…

Школа з фонду ўсенавуча штогод аказвала матэрыяльную дапамогу сям’і, а брыгадзір паляводчай брыгады (прыкмеціў у падлетку здольнасці арганізатара і рыхтаваў сабе замену) на ўсе летнія канікулы замацоўваў за ім каня. На ім Адам ваду падвозіў, баранаваў, апрацоўваў пасевы бульбы і буракоў, адвозіў салому. Напэўна, таму хобі яго дзяцінства – коні. Добра ведаючы іх звычкі і норавы, мог асядлаць любога каня, што ўдавалася не кожнаму вяскоўцу. Імкненне падлетка ўзяць сваю вышыню, паказаць, на што здатны, гартавала яго.

Школьныя гады

Нягледзячы на загружанасць па гаспадарцы, вучобу ў школе не запусціў. Наадварот. Рана праявіў інтарэс да прыродазнаўчых прадметаў, што стварыла спрыяльную базу для паступлення і паспяховага заканчэння сельгастэхнікума.

Успамінае аднакласніца юбіляра Наталля Шаўчэнка (г. Гомель):

– На 20-годдзі з дня выпуску школы перада мной паўстаў не той хударлявы віхрасты вясёлы юнак, якім мы яго запомнілі, а ўзмужнелы, з лёгкай сівізной на скронях, той жа адкрытай усмешкай і бляскам у вачах кіраўнік. Я спытала ў яго, чаму так рана лёг на скроні снег, і Адам расказаў аб сур’ёзных выпрабаваннях падчас службы на флоце. Цёпла адгукваўся аб сваім камандзіры, якога шанаваў як роднага бацьку. Падзяліўся, што пасада галоўнага агранома патрабуе не толькі прафесійнай падрыхтоўкі, але і ведання псіхалогіі сучаснага калгасніка, бо амаль штодзень здараюцца непрадказальныя сітуацыі, якія іншы раз патрабуюць неардынарнага вырашэння, таму даводзіцца быць і чулым, і строгім, і часам жорсткім. І ўсё гэта, вядома, пакідае адбітак у душы, на сэрцы і на знешнасці.

Далей Наталля Шаўчэнка прыгадала два эпізоды са школьнага жыцця:

– Наш юбіляр быў у класе лідарам і падбухторыў хлопчыкаў прыняць удзел у конкурсе ваеннай песні. Створаны ім ансамбль атрымаў высокую ацэнку журы за песню “Тры танкісты”, падзяліўшы першае месца з непараўнальнымі нашымі салістамі Святланай Дарашковай, Тамарай Пракопенкай і Ганнай Шупан.

Класная Любоў Антонаўна Масанавец праводзіла з буду-чымі выпускнікамі завочнае падарожжа ў будучую прафесію. Вядома, у кожнага з нас была запаветная, але патаемная мара, але ніхто, акрамя Адама Царанка, не агучыў яе. Мабыць, пасаромеліся. Тады настаўніца прапанавала на лістку паперы падзяліцца з ёю ананімна. Прааналізаваўшы тое, што прачытала, сказала: “Я рада, што сярод вас будуць урачы і тэхнолагі, ткачыхі і кандытары. Нядрэнна, што ўсіх вас вабіць гарадское жыццё, але ж памятайце, што хлеб – усяму галава. Без хлеба няма ні жыцця, ні песні”. І, памаўчаўшы, дадала: “Адам Царанок усвядоміў гэтую ісціну з маленства, таму і марыць стаць аграномам”.

Тады многім стала неяк няёмка, быццам мы здрадзілі сваёй малой радзіме. Лёс у кожнага з нас склаўся па-свойму, а ў сённяшняга юбіляра – як і планаваў. Лічу, што бязмежная любоў не толькі да маці і жаданне дапамагчы ёй падняць дзвюх сясцёр і брата на ногі, але і да роднай зямлі, да мясцін, дзе перажываў боль першых страт і радасць перамог, трымала яго ў вёсцы.

Служба на флоце

Канчаткова загартавала характар і волю нашага земляка служба ў арміі. На вечарыне-провадах усхваляваная маці падзякавала аднавяскоўцам і школе, якія не засталіся ў баку ад праблем сям’і. Яна адначасова ганарылася тым, што з усіх прызыўнікоў толькі яе сыну выпаў гонар служыць на флоце, і тут жа ў роспачы гаварыла:

– Дык як жа я буду спраўляцца без свайго Дашыка?

Так своеасабліва, па-мацярынску пяшчотна, называла яна сына.

Неўзабаве не толькі маці, але і школа атрымалі лісты з падзякай ад камандзіра за ўзорнае нясенне службы маладым матросам. Склалася ў нас такая традыцыя: арганізоўваць сустрэчы школьнікаў са звольненымі ў запас. Прыгожая матроская форма, флоцкая выпраўка яшчэ больш падкрэслілі прывабнасць юнака, а яго выступленне да глыбіні душы кранула ўсіх прысутных.

Прадпрымальны брыгадзір

Працоўная дзейнасць Адама Анісімавіча пачалася з пасады брыгадзіра паляводчай брыгады. Першае яго лета выдалася неспрыяльным. Рабочых рук не хапала, і нарыхтоўка сена была пад пагрозай. Давялося праявіць знаходлівасць і арганізатарскі талент: угаварыць падлеткаў дапамагчы гаспадарцы ў нарыхтоўцы грубага корму. У выніку яго брыгада першай у калгасе справілася з адказнай работай.

Успамінае Валерый Майсеенка (г. Гомель):

– Тады мы амаль цэлымі днямі ганялі ў футбол. Неяк пасля работы на стадыён завітаў Адам Анісімавіч і прапанаваў папрацаваць у брыгадзе. Пяцёра з нас згадзіліся. Як і абяцаў, за кожным замацаваў каня і вупраж. Раніцай кожны на сваім прыгажуну-рысаку, як нам здавалася, імчаў на сенажаць. Касіць сена і звозіць копы, каб дарослыя складвалі з іх стагі, навучыліся хутка. Паказаў ён, як укладваць цюкі, упраўляцца з грабалкай. Памятаю, што на свежым паветры самая звычайная ежа, якую бралі з дому, была вельмі смачнай. А калі працавалі каля ракі, на лузе, то Адам Анісімавіч частаваў усіх калгаснікаў духмянай юшкай. Увечары, стомленыя, але задаволеныя, што мы запатрабаваны, вярталіся ў вёску. А назаўтра кожнаму было падрыхтавана новае заданне. І хаця язда без сядзёлак была не вельмі камфортнай, звыкліся.

Сёння з цеплынёй узгадваю тыя школьныя канікулы. І праз усё жыццё нясу ўдзячнасць Адаму Анісімавічу, які ў тыя гады быў маладым і ініцыятыўным, але дзейнічаў як умудроны вопытам чалавек і знайшоў прымяненне нашай кіпучай энергіі. Я з сябрамі яшчэ больш здружыўся. Атрымалі мы і першы заробак і спазналі цану кавалку хлеба, які дастаецца потам і працай.
Не толькі мне, але і маім равеснікам навыкі, атрыманыя ў брыгадзе Адама Царанка, спатрэбіліся потым у жыцці.

На пасадзе старшыні

Вынікамі работы маладога брыгадзіра было задаволена праўленне калгаса. У хуткім часе ён стаў галоўным аграномам. Аўтарытэт спецыя-ліста ўзрастаў. Спалучаючы працу і вучобу, ён паспяхова закончыў вышэйшую навучальную ўстанову. Вынікі работы агранамічнай службы калгаса імя Чапаева былі на належным узроўні, аб чым сведчылі вытворчыя паказчыкі. Раённае кіраўніцтва прапанавала кандыдатуру ініцыятыўнага агранома на пасаду старшыні калгаса. Аднавяскоўцы падтры-малі яе і аказалі давер Адаму Анісімавічу. Ён стварыў моцную каманду з ліку спецыялістаў не толькі вышэйшага, але і сярэдняга звяна. У цесным саюзе гаспадарка была з адміністрацыяй Хракавіцкай школы і яе педагогамі. У выніку склаліся шматгадовыя традыцыі: выступленне сумеснай агітбрыгады, ушанаванне ветэранаў працы і перадавікоў вытворчасці, жанчын-маці і салдацкіх удоў, правядзенне Дзён вёскі, мітын-гаў каля помніка загінуўшым аднавяскоўцам з ганаровай вартай піянераў, шчодрымі падарункі ад калгаса ветэранам і ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны. Праўленне гаспадаркі выдзяляла сродкі для азелянення тэрыторыі школы. Знаходзіла яно грошы і для закупкі матэрыялаў для гуртка “Умелыя рукі”.

Цяпер Адам Анісімавіч узначальвае Чамярыскі сельскі Савет. Рукі гаспадара адчуваюцца ва ўсім, ён шмат увагі надае добраўпарадкаванню вёсак.

Ад шчырага сэрца жадаю юбіляру плёну і натхнення, здароўя і шчаслівай жыццёвай дарогі.

З павагай, Любоў МАЙСЕЕНКА

P. S.
Рыхтуючы да друку пісьмо Любові Барысаўны, я па-новаму адкрыла для сябе чалавека, якога ведала з першых гадоў працы ў раённай газеце, неаднаразова бывала ў гаспадарцы, у тым ліку і на справаздачных сходах. Знаёма і з добрымі традыцыямі, якія існавалі ў Хракавіцкай школе. Давялося нават папрысутнічаць тут на мерапрыемстве, прымеркаваным да свята апошняга званка. Гэтай навучальнай установе Любоў Майсеенка прысвяціла 34 гады педагагічнай дзейнасці з 43-х. Больш чым 12 гадоў яна жыве ў Гомелі, але не забывае пра тых, з кім звёў лёс, з павагай адносіцца да людзей, якія наперакор выпрабаванням і цяжкасцям многага дабіліся, знайшлі сваё прызванне, сталі аўтарытэтнымі і паважанымі асобамі.

У Год малой радзімы хацелася б часцей атрымліваць такія лісты, каб больш даведвацца пра нашых працавітых людзей, іх род, тых, хто ствараў багацці, прымнажаў славу Брагіншчыны і дбаў аб яе росквіце. Таму пішыце нам, тэлефануйце, будзем рады. Думаю, з цікавасцю прачытаюць пра сваіх землякоў не толькі родныя і блізкія, але і ўсе, хто іх ведае і памятае.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий