Праздник первой борозды прошёл в ОАО «Комаринский»

Сельское хозяйство

 

Свята  першай  баразны прайшло  7  сакавіка на  базе  адкрытага акцыянернага таварыства   “Камарынскі”, якое  першым прыступіла  да  сяўбы ранніх  яравых  зерневых. 

 

На адкрытай пляцоўцы сабраліся кіраўнікі сельгаспрад-прыемстваў,  арганізацый АПК, спецыялісты, работнікі раённага дома культуры. Дырэктар “Камарынскага” Рыгор Анапрэенка на правах гаспадара прывітаў усіх і расказаў,  як ідуць палявыя работы:

– Сеем зерневыя ўжо трэці дзень. На нашых лёгкіх землях марудзіць нельга, вільгаці ў глебе мала. Невядома,  які год выдасца, летась ужо ў  красавіку  градуснік  паказваў +37. Чым раней пасееш, тым больш атрымаеш – такі вывад мы зрабілі для сябе. Побач – Асарэвіцкая ферма, дзе ўтрымліваецца больш за тысячу галоў буйной рагатай жывёлы. Арганікі хапае. Гатовыя кампосты дастаўляем  на палі. Урочышча, дзе мы зараз знаходзімся, носіць назву Міхалаў. Тут будзем вырошчваць зерневыя для спасвання жывёле.

Гатоўнасць энерганасычаных трактароў – стопрацэнтная. Акрамя сяўбы,  якую плануем завяршыць у лепшыя агратэхнічныя тэрміны, вывозім арганіку пад яравыя культуры, вядзём падкормку азімых, закрыццё вільгаці.  

 

Старшыня райвыканкама Аляксандр Кохан адзначыў, што старт пасяўной кампаніі мінулага года быў дадзены таксама камарынцамі. І на гэтым жа ўчастку. Ён звярнуў увагу прысутных, што ў гаспадарцы вядзецца поўны комплекс веснавых палявых работ. Наяўнасць ГЗМ, ступень падрыхтоўкі тэхнікі ў сельгаспрадпрыемствах раёна розныя, яны залежаць ад эфектыўнасці гаспадарання. Паказчыкі работы мінулага года сведчаць: хто своечасова пасеяў, якасна падрыхтаваў глебу, той атрымаў нядрэнныя вынікі.

Спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі далі рэкамендацыі, як правесці адказную кампанію без траўм і парушэнняў, асаблівую ўвагу звярнулі на меры бяспекі,  тэхнічнае абслугоўванне трактароў Беларус-3022 ДЦ.1 і падрыхтоўку механізатараў, якім давядзецца эксплуатаваць іх. Галоўны аграном Максім Каўцэвіч падкрэсліў, што сеяць сёлета пачалі на месяц раней, у аграрыяў Брагіншчыны ёсць усе магчымасці, каб загарнуць у глебу насенне ранніх яравых за 12 дзён: пасяўныя агрэгаты, энерганасычаныя трактары, комплекс мінеральных угнаенняў. Галоўнае патрабаванне – захоўваць тэхналагічны рэгламент вырошчвання сельгаскультур.

 

Кіраўнік раёна дапаўняў кожнага, хто браў слова, акцэнтуючы ўвагу на самых важных момантах. “Азімыя выйшлі з зімоўкі аслабленымі, таму неабходна пакласці ў зямлю ўсё насенне, якое ёсць. Захоўвайце структуру плошчаў пры падборы культур. Мінеральныя ўгнаенні ў наяўнасці, таму недапушчальна сеяць у пустую глебу”, – падвёў вынікі Аляксандр Васільевіч.

Блаславіў хлебаробаў у поле іерэй Расціслаў Бандарэнка. Механізатары Мікалай Якімовіч, якому даверылі сяўбу яравых, і Генадзь Чарнічэнка (рыхтуе плошчы) паспяшаліся да сваіх трактароў.  Крыху воддаль працавалі  Валерый Касцючэнка, Аляксандр Леўчанка,  Аляксандр Мішчанка і Уладзімір Рыжык. Пра кожнага можна сказаць: гонар “Камарынскага”. Пажадаем жа і ім і ўсім, хто закладвае падмурак будучага ўраджаю, спрыяльнага надвор’я, удачы і натхнення. Няхай усё атрымаецца так, як задумана, лета будзе добрым, а жыта – буйным.

 

Свята, якое зямлю адмыкае і расу выпускае, атрымалася  ўрачыстым. Былі тут і Вясна, і Сейбіт, які выйшаў на палеткі з сявенькай. Песні пад баян абудзілі прасторы. Сяўба набірае абароты.

Ніна СІНІЛАВА

Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *