Пытанняў  шмат, і  ўсе – важныя

Официально

На апаратнай нарадзе ў панядзелак, 11 сакавіка,  старшыня райвыканкама Аляксандр Кохан абмеркаваў з актывам раёна злабадзённыя пытанні, якія датычаць сельскай гаспадаркі, гандлю, будаўніцтва жылля для мнагадзетных сем’яў, аховы прыроды і навядзення парадку на зямлі, пасадкі лесу, камунальнай  і дарожнай службаў, самаабкладання і інш.

В.а. начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дзмітрый Тамко праінфармаваў аб выніках маніторынгу  мабільнай групы райвыканкама.  Яна  праверыла стан працоўнай дысцыпліны і аховы працы ў будаўнічых арганізацыях вобласці (ім даручана здаць пад ключ шматкватэрны жылы дом  і МТФ на тысячу галоў у  Брагіне), пабывала ў  магазіне ў  Шкуратах і на Брагінскім участку будаўнічага прадпрыемства “Калінкавіцкая ПМК-101”. Недахопаў, прычым сур’ёзных, выяўлена шмат.

На тэлефон дыспетчарскай службы КЖУП “Брагінскае” паступіла 44 заявы. Найбольшая колькасць – ад грамадзян, якія пражываюць па  вуліцы Кірава. У іх узніклі праблемы  з водазабеспячэннем. Аляксандр Васільевіч даў указанне дырэктару  ўнітарнага прадпрыемства Аляксандру Атрошчанку  высветліць, у чым прычына.

Першы намеснік начальніка РАНС Віктар Цімонін паведаміў, што вада ў Дняпры ўпала за суткі на шэсць сантыметраў,  выратавальнікам давялося выязджаць да месцаў узгарання  пяць  разоў. Агнём ахапіла  сухую  траву каля Дубліна і Буркоў, полымя  магло перакінуцца  не толькі на сцірты саломы, але і на вёску Буркі.  І хаця мясцовыя сельгаспрадпрыемствы на дапамогу не прыйшлі, дырэктары спаслаліся на адсутнасць тэхнікі і паліва,  абышлося без ахвяр. Кіраўнік раёна пацікавіўся, чаму пра ўзгаранні не паведамілі яму, і папрасіў  пра кожны падобны выпадак інфармаваць  яго ў любы час.

– На тэлефон міліцыі 102 паступіла 42 паведамленні, – канстатаваў начальнік РАУС Валерый Чэкан. – Не  ўзбуджана ніводнай крымінальнай справы, затрыманы на асабістым транспарце  два нецвярозыя вадзіцелі. Дзявятага сакавіка адбылося ДТЗ (машына апынулася ў кювеце). У зоне адчуджэння і адсялення затрымана 20 чалавек, якія праніклі сюды за ласінымі рагамі. У час правядзення Масленіцы парадак быў забяспечаны, ніякіх здарэнняў не адбылося.

Старшыня райвыканкама даручыў дырэктару Брагінскага ПМС Сяргею Лук’яненку праверыць і закрыць кожны шлюз, каб не даць сысці вадзе, якой сёлета і так мала. На гатоўнасці тэхнікі да веснавых палявых работ спыніўся асобна і назваў тэрмін, да якога 95% сельгасмашын і прычапнога  інвентару павінна стаяць на лінейцы гатоўнасці. Пачалася вегетацыя азімых, іх неабходна падсілкаваць, каб можна было разлічваць на добры ўраджай.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Дырэктыву №8 “Аб прыярытэтных напрамках развіцця будаўнічай галіны”, у якой абазначаны і ключавыя моманты дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі. Тэрмін знаходжання шматдзетных сем’яў на чарзе тых, хто мае  патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, і кошт квадратнага метра  былі і застаюцца важнейшымі ў  галіне дзяржаўнай жыллёвай палітыкі. Аляксандр Кохан запатрабаваў ад старшынь сельскіх Саветаў і начальніка аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва ўдакладніць спісы шматдзетных сем’яў, правесці з імі растлумачальную работу і ўзяць пытанне будаўніцтва жылля для гэтай катэгорыі  на строгі кантроль.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий