Удзячнасць настаўніку – праз усё жыццё

Нашы праекты: імёны малой радзімы

  30 сакавіка 90-годдзе з дня нараджэння  адзначыць Аляксандр Іванавіч Козел. Аб гэтым у сваім лісце паведаміла наша пастаянная падпісчыца Любоў Барысаўна Майсеенка.

Аляксандр Іванавіч і яго жонка Глафіра Аляксееўна ўсё сваё жыццё прысвяцілі навучанню і выхаванню вясковых дзяцей. Ва ўсіх школах, дзе працавалі, у іх калег і грамадскасці, вучняў і  бацькоў засталіся прыемныя ўспаміны аб гэтай дружнай сям’і.  І ён, і яна – высакародныя, прыстойныя, добразычлівыя і шчырыя людзі.

Успамінае Аляксандра Хіжанок, выпускніца Ільіцкай школы, настаўніца-пенсіянерка (г. Мінск):

–У сваім жыцці я больш не сустракала  такой гарманічнай сямейнай пары педагогаў, як Козелы. Мая класная (настаўніца рускай мовы) Глафіра Аляксееўна – мілавідная, разважлівая, з добрай усмешкай на твары і лагодным голасам выклікала сімпатыю ва  ўсіх  аднагодкаў. Яна вельмі любіла свой прадмет і гэту любоў перадала нам. Таму невыпадкова што і я –  настаўніца-мовавед.

На ўроках матэматыкі ў Аляксандра Іванавіча нам  было  цікава ўсім, бо ён знаходзіў рычаг уздзеяння на кожнага. Сакрэт яго поспеху – гэта ўменне заахвоціць, а не прымусіць вучня сур’ёзна займацца дакладнай навукай. На Брагіншчыне і на Жыткаўшчыне, куды сям’я пераехала пасля аварыі на ЧАЭС, Аляксандра Іванавіча ведаюць многія. І  як добрага настаўніка, дбайнага дырэктара школы, вопытнага класнага кіраўніка, так  і як добрага суседа, прыстойнага чалавека, цікавага суразмоўцу…

Мікалай Майсеенка (г. Мінск), выпускнік Ільіцкай школы 1964 года:

Лёс двойчы зводзіў мяне з гэтым высакародным чалавекам. Летам  1963-га ў Аляксандра Іванавіча закончыўся першы год працы на пасадзе дырэктара  ў нашай невялікай школе з саламянай страхой і маленькімі вокнам. Мы займаліся ў дзве змены,  было цесна і няўтульна. Ён арганізаваў калгаснікаў і нас, старшакласнікаў, на будаўніцтва новай. Лепшыя мясцовыя цесляры склалі  зруб,  выканалі ўнутраныя работы, і праз восем месяцаў шчаслівыя педагогі і вучні святкавалі наваселле ў новым і прасторным будынку. Стары разабралі і ўручную распілавалі бярвенні на дровы,   якіх хапіла  на цэлую зіму. На веснавых канікулах тых, хто ўзорна працаваў на будоўлі, заахвоцілі паездкай у Гомель на экскурсію. Я, здаецца, не быў ніколі такім шчаслівым, як тады.

А колькі гонару і радасці было ў нас, выпускнікоў, калі нашага дырэктара выбралі дэлегатам другога Усебеларускага з’езда настаўнікаў! Адтуль ён прыехаў з узнагародай – знакам “Выдатнік народнай асветы БССР!”.

Другі раз я сустрэўся з ім пасля службы ў арміі, калі шукаў работу. У аддзел адукацыі спатрэбіўся вадзіцель. Прэтэндэнтаў было некалькі, але выбралі мяне. Аказалася, што Аляксандр Іванавіч узначальвае аддзел адукацыі. Ён сказаў: “Гэтага хлопца я ведаю даўно і добра. Упэўнены: не падвядзе”. Відаць, не забыўся пра мой удзел у будаўніцтве школы. Працаваць  вадзіцелем было няпроста.  Даставіць інспектараў райана ў школы на праверку без прыгод атрымлівалася не заўсёды. Аўтамабіль буксаваў на пясчаных дарогах, і тады Аляксандр Іванавіч выходзіў першым і дапамагаў мне выехаць.”

 Вольга Фёдараўна Шапецька расказала аб тым, якім быў Аляксандр Іванавіч як кіраўнік Залесскай школы, дзе яна выкладала  хімію:

–Таленавіты арганізатар, аптыміст і весялун. У кароткі тэрмін здолеў згуртаваць настаўнікаў. З яго прыходам прыкметна палепшыўся  вучэбна-выхаваўчы працэс. Стварыўшы ў калектыве атмасферу ўзаемавыручкі і ўзаемадапамогі, ён ініцыіраваў стварэнне агітбрыгады, выступленне якой гледачы навакольных вёсак сустракалі на “ўра”. У Аляксандра Іванавіча была здольнасць да імправізацыі, таму яму заўсёды знаходзілася камедыйная роля ў сцэнках, п’есах або інсцэніроўках.

Расказвае сам юбіляр:

Дакладна не ведаю, чаму з маім меркаваннем часта згаджаюцца. Мабыць, вераць мне, бо на працягу жыцця імкнуся ўсё рабіць па-людску. У памяці ўсплывае лета 1986-га. Эвакуацыя… Развітанне з родным, дарагім, што люба сэрцу. Вёску Залессе перасяляюць у Жыткавіцкі раён. Будаўнікі не ўклаліся ў графік і ўсім новага жылля не хапае. У людзей разгубленасць, не за гарамі зіма…

Я рызыкнуў угаварыць аднавяскоўцаў пераязджаць. Расказаў, што радыяцыя – вельмі небяспечная рэч для здароўя чалавека, асабліва дзяцей. І лепш выбраць малакамфортныя ўмовы (гэта ж часова) ў чыстай зоне, чым заставацца на тэрыторыі з  высокай радыяцыяй. Запісаўся першым, а за мной адразу яшчэ дзесяць сем’яў. У хуткім часе з прыстасаванага жылля нас перасялілі ў новенькія катэджы. Вось так я і застаўся ў Жыткавічах, але вельмі-вельмі часта ўспамінаюцца маляўнічыя куточкі роднай Брагіншчыны і яе добрыя людзі.

А далей, памаўчаўшы, дадаў: “Незагойнай ранай лягла на сэрца трагічная смерць жонкі. Пазней на жыццёвым шляху сустрэў другую жанчыну, якая дапамагла мне крыху забыцца. Як роднага чалавека прынялі мяне яе дачка, нявестка і і чацвёра дарослых унучак. Але, на вялікі жаль, шчасце, напэўна, бясконцым не бывае. Адыходзяць дарагія і блізкія людзі, а ты застаешся адзін…

Па-ранейшаму  Аляксандра Іванавіча наведваюць нявестка з дзвюма ўнучкамі з Прыбалтыкі і дачка з унучкамі з Казані. Затрымліваюцца ў гасцях на некалькі месяцаў. Нягледзячы на паважаны ўзрост, наш юбіляр па-ранейшаму  жыццярадасны і прыветлівы, бадзёрым звонкім голасам адказвае на тэлефонныя званкі. Прырода надзяліла яго фенаменальнай памяццю, якая ўтрымлівае неверагодную колькасць інфармацыі аб лёсах і прафесіях яго вучняў. У сваю чаргу яны не забываюць чалавека, які  многім даў пуцёўку ў жыццё,  прысылаюць паштоўкі і запрашаюць на юбілейныя сустрэчы. Дарэчы, у чэрвені 2018-га Аляксандр Іванавіч быў ганаровым госцем на 155-годдзі Мікуліцкай школы, дзе ў далёкім юнацтве пачаў настаўнічаць, прайшоўшы доўгі і складаны, але пачэсны працоўны шлях.

Узнагароджаны юбілейным медалём “За доблестный труд”, знакам “Выдатнік народнай асветы БССР”, шматлікімі граматамі і дыпломамі. Але самая вялікая ўзнагарода – гэта людское прызнанне, павага і пашана, шчырая ўдзячнасць, якую былыя вучні і калегі праняслі праз усё жыццё.

Падрыхтавала Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий