У Конанаўшчыне выязны прыём грамадзян правёў намеснік старшыні райвыканкама

Официально

У аўторак жыхары Конанаўшчыны сабраліся каля мясцовага магазіна, каб сустрэцца з прадстаўнікамі раённай улады. Выязны прыём грамадзян правёў намеснік старшыні райвыканкама Юрый Лук’яненка.

І першае пытанне, з якім звярнуліся да яго вяскоўцы, датычылася работы калонак. Яны часта выходзяць са строю, а да каго звяртацца ў такім выпадку насельніцтва не ведае. Па словах Юрыя Анатольевіча, каб наладзіць сістэму, спачатку патрэбна жыхарам заключыць адпаведныя дагаворы з абслугоўваючай арганізацыяй. Пакуль за вадапровад адказвае сельгаспрадпрыемства, але плануецца яго перадача на баланс КЖУП “Брагінскае”.

Патрабуе рамонту і дарога на пад’ездзе да вёскі. Зараз вырашэннем гэтага пытання займаецца ДРБУ-155. А яшчэ ў вёсцы няма ўстановы культуры, дзе вяскоўцы маглі б праводзіць свой вольны час. Дарэчы, у Конанаўшчыне пражывае больш за 140 чалавек, 53 з якіх – дзеці. Але ж будаўніцтва клуба тут не запланавана.

Завіталі прадстаўнікі райвыканкама і да Таццяны Гардзейчык. Жанчына раней звярталася з просьбай спілаваць высокае дрэва, якое расце блізка каля дома. Яна перажывае, што пад напорам моцнага ветру ясакар зламаецца, да таго ж яго галінкі стукаюць аб дах, парушаючы спакой пажылога чалавека. Як растлумачыла загадчыца сектарам па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Ніна Кавалёк, дрэва стаіць у двары жанчыны і яго спілаванне – платная паслуга.

У Мікулічах жыхары звярнулі ўвагу прадстаўнікоў райвыканкама на якасць вады. Як запэўніў Юрый Лук’яненка, сёлета гэта праблема будзе знята з парадку дня. У гэтым годзе ў трох населеных пунктах –Мікулічах, Малажыне і Чамярысах – будуць пабудаваны станцыі абезжалезвання. Плануецца, што з цягам часу абсталяванне па ачысцы вады з’явіцца ва ўсіх аграгарадках раёна.



Пакінуць адказ