У ААТ “Малажынскі” ўмеюць працаваць на зямлі і дабівацца высокай выпрацоўкі

Сельское хозяйство

Каб адчуць працоўны рытм веснавой кампаніі, настрой хлебаробаў, палюбавацца хараством прыроды, якая абуджаецца пасля зімы, патрэбна было заехаць на поле. Яно знаходзіцца за выселенай вёскай Валахоўшчынай. Тут механізатары ААТ “Малажынскі” адчуваюць сябе сапраўднымі гаспадарамі ўгоддзяў.

Аб тым, што мы прыедзем сюды, у гаспадарцы ведалі. Дзякуючы зручнай мабільнай сувязі, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар Балобан адразу звязаўся з Віктарам Жукам, які рыхтаваў глебу пад раннія яравыя зерневыя. Трактарыст назваў каардынаты, дзе знаходзіцца зараз, час, калі пад’едзе да нас.

Навокал – бязлюддзе. На месцы былой вёскі толькі шматгадовыя кветкі, якія зацвітаюць кожную весну, нагадваюць, што тут жылі руплівыя сяляне, якія ўпрыгожвалі свае сядзібы, дбалі аб роднай зямлі, якая спрадвеку карміла іх. Пасля аварыі на ЧАЭС насельніцтва пакінула гэтыя мясціны, і цяпер палеткі навокал засяваюць іншыя.

Сяргей Чыгарэўскі

На ўчастку плошчай 230 гектараў будзе расці яравы ячмень, насенне якога загортвае ў глебу Сяргей Чыгарэўскі. Памятаю яго з 2009 года, калі малады чалавек вярнуўся ў “Малажынскі” пасля службы ў арміі. Дырэктар Мікалай Рубаха (на той момант) выдзеліў Сяргею новы трактар з дыскамі, бо верыў у яго і быў перакананы, што ў рабоце не падвядзе. Па словах механізатара, ён засявае за дзень ад 30 да 40 гектараў. Насенне яму дастаўляе Сяргей Цалуйка, які ў 2017-м выйшаў пераможцам у абласным спаборніцтве сярод механізатараў, занятых на адвозцы зялёнай масы.

Віктар Жук

У Віктара Жука не менш адказная задача: прадыскаваць поле. Трактар “CLAAS ATLES-946”, які эксплуатуе ўжо трынаццаць гадоў, таксама дастаўся яму новы. Не ад аднаго кіраўніка чула, што кантраляваць былога афганца не патрэбна. Ён адчувае зямлю, умее на ёй працаваць і дабіваецца высокай выпрацоўкі. Пры ўмове, калі ёсць паліва, запчасткі, фронт работы.

Рыхтаваць глебу ва ўрочышчы “Валахоўшчына” яму дапамагаў Уладзімір Карабіновіч, які пераехаў на другі ўчастак. Яравы клін 9 красавіка ў “Малажынскім” засявалі чатырма сеялкамі. Механізатарам адкрытага акцыянернага таварыства Сяргею Чыгарэўскаму, Максіму Харко і Мікалаю Гацко дапамагаў іх калега з ААТ “Брагінаграсэрвіс” Віктар Марчанка. Час прыспешвае, таму ў такі напружаны перыяд на дапамогу хлебаробам прыходзяць іх партнёры па АПК. На полі мы сустрэлі і начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Васіля Шэйку. Разам з галоўным аграномам “Малажынскага” Аляксандрам Бобрыкам ён паспеў ужо пазнаёміцца з ходам палявых работ, ацаніць сітуацыю на месцы і выказаць свае заўвагі.

Жанна Краўчанка

У 13 гадзін, як і абяцалі, даставілі ў поле гарачыя абеды. Повар Жанна Краўчанка корміць механізатарў не першы год. У меню – боршч з буракоў на першае, тэфтэлі з грэчкай на другое, чай і булачка. Смачна і не надта дорага. Кошт абедаў кантралюе прафсаюзны лідар Віктар Балобан. Для ўдзельнікаў пасяўной “Малажынскага” іх рыхтуюць у кафэ “Асалода”, хаця ў папярэднія гады з гэтай задачай спраўляліся мясцовыя повары.

Ход пасяўной стрымліваюць паломкі тэхнікі: выходзяць са строю запчасткі, якія даводзіцца шукаць. У гаспадарцы стараюцца рабіць гэта аператыўна, але ж прастояў, няхай і непрацяглых, пазбегнуць не ўдаецца.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий