Аб паломніцкай паездцы ў Кіеў – толькі светлыя ўражанні

Грамадства

Напэўна, ніхто не будзе спрачацца са сцвярджэннем, што рух – гэта жыццё, а новыя эмоцыі і ўражанні, атрыманыя падчас падарожжаў, напаўняюць энергіяй на доўгі час. Менавіта таму ў апошнія гады ў раённай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі з’явілася добрая традыцыя – арганізоўваць для педагогаў экскурсіі па святых месцах. І вось у мінулую суботу адбылася чарговая паездка, якая дала магчымасць брагінчанам пазнаёміцца з хараством і раскошай сталіцы Кіеўскай Русі.

Аглядная экскурсія па горадзе дала магчымасць зазірнуць глыбей у яго гістарычнае мінулае, атрымаць цікавую інфармацыю пра яго славутыя мясціны і проста ўявіць, што і некалькі стагоддзяў назад людзі хадзілі гэтымі ж вуліцамі, маліліся ў гэтых жа храмах. Тутэйшыя ўзгоркі – такія ж, як і тысячу год назад, а Днепр таксама цячэ павольна і велічна.

Дарэчы, гісторыка-культурная спадчына Кіева налічвае каля 2000 помнікаў археалогіі, архітэктуры, гісторыі і прыроды. Таму літаральна на кожным кроку экскурсантаў з Беларусі чакала нешта цікавае: дамы, музеі, плошчы, скульптуры… Адна з галоўных славутасцяў украінскай сталіцы – Сафійскі сабор, які быў пабудаваны ў XI стагоддзі. Інтэр’ер храма змяшчае самую вялікую ў свеце калекцыю мазаік і фрэсак таго часу. Да нашых дзён захаваліся і разваліны Залатых варот, якія з’яўляліся парадным уваходам у Кіеў перыяду князя Яраслава.

На Міхайлаўскай плошчы ўсталяваны помнік княгіні Вользе, святому Андрэю Першазваннаму і стваральнікам славянскай азбукі Кірылу і Мяфодзію.

Пасля наведвання Міхайлаўскага сабора брагінчане прайшліся па самай старэйшай вуліцы Усходняй Еўропы – легендарным Андрэеўскім спуску.

Тут жа ўзвышаецца Царква Андрэя Першазваннага. Яна была пабудавана па загадзе імператрыцы Лізаветы Пятроўны па праекце прыдворнага архітэктара Растрэлі. Падмурак каменнага храма закладзены ў 1749 годзе.

У цэнтры горада асабліва вылучаецца стары корпус Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі. Пабудаваны ён па замове Мікалая I у 1833 і называўся тады Імператарскі Кіеўскі ўніверсітэт Святога Уладзіміра. А каб падкрэсліць яго значнасць, шэдэўр архітэктуры быў пафарбаваны ў ярка чырвоны колер.

Велічна ўзвышаецца над горадам стомятровая манументальная скульптура “Радзіма-маці”, размешчаная на тэрыторыі Нацыянальнага музея гісторыі Украіны ў Другой сусветнай вайне.

У “Парку Вечнай Славы” знаходзіцца аднайменны мемарыял з помнікам невядомаму салдату і вечным агнём, а таксама мемарыял памяці ахвяр галадамору.

Вядома ж, экскурсія была б няпоўнай без наведвання Кіева-Пячэрскай Лаўры – аднаго са старажытных манастыроў Украіны, заснаванага ў 1051 годзе пры Яраславе Мудрым. Ва ўсе часы ён прывабліваў праваслаўных паломнікаў унікальным надземным комплексам і грандыёзнымі пячорнымі лабірынтамі.

Сёння – гэта гісторыка-культурны запаведнік (займае 26 гектараў, на якіх размешчаны больш за 120 разнастайных помнікаў).

Дарэчы, у лаўры знаходзяцца мошчы таго самага казачнага Іллі Мурамца, летапісца і ігумена Нікана, іканапісца і лекара Алепія і інш. Тут жа можна пабачыць раку з мошчамі літоўскай князёўны Альшанскай, якая памерла ў 16 гадоў. Паводле легенды, дзяўчыну пахавалі ў 1566-м, а праз 100 гадоў яе цела выпадкова выяўляюць абсалютна нятленным. Князёўна залічана ў лік святых.

Больш за 730 гадоў тут былі пахаваныя мошчы яшчэ адной нашай зямлячкі – святой Ефрасінні Полацкай. У 1910 годзе, па патрабаванні вернікаў, яны былі перапраўлены ў яе родны горад.

Кажуць, што чалавек, які пройдзе праз усе пячоры, становіцца чысцей душой. Вядома, брагінчане не маглі не скарыстацца такой магчымасцю.

 

Наведванне храмаў і дакрананне да святых мошчаў, набыццё сувеніраў і ікон… Аб чарговай паломніцкай паездцы ва ўсіх засталіся толькі светлыя ўражанні і ўспаміны.

Вольга ПАЛЯШЧУК
Фота аўтара

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *