Аддзяленне дзённага знаходжання інвалідаў адзначыла 10-годдзе з дня заснавання

Общество

Дом цеплыні, утульнасці і радасці – так называюць аддзяленне дзённага знаходжання інвалідаў яго наведвальнікі – людзі няпростага лёсу, якія захапляюць сваёй мужнасцю і незвычайнай сілай волі, якія ставяць перад сабой мэты і дасягаюць іх.

Аб тым, колькі зроблена па сацыяльнай рэабілітацыі лю-дзей з абмежаванымі магчымасцямі на працягу дзесяці год існавання, вялася размова падчас урачыстага мерапрыемства, прымеркаванага да юбілею аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў, якое прайшло ў раённым доме культуры. Прысутных павіншавалі начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Любоў Кулабухава, дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Сяргей Пархамец, член прэзідыума раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Ала Кучык, старшыня абласной дабрачыннай арганізацыі “Лепшы шлях” Юрый Куніцкі.

За дабрыню і ўвагу да праблем людзей з абмежаванымі магчымасцямі шмат цёплых слоў пачулі ў свой адрас супрацоўнікі аддзялення. У іх ліку – загадчыца Любоў Кузняцова, спецыяліст па сацыяльнай рабоце Ірына Кавалёва, інструктар па працоўнай тэрапіі Наталля Мендзелева, кіраўнік гуртковай работы Ірына Яшчанка, а таксама прадстаўнікі тэхперсаналу Рыгор Шчучэнка і Аляксандр Сарокін. Дарэчы, падчас урачыстага мерапрыемства, прымеркаванага да 100-годдзя сацыяльнай службы Беларусі, усе яны былі адзначаны граматамі.

– Кожны, хто звяртаецца да нас, атрымлівае ўвагу і клопат, – гаворыць Любоў Паўлаўна. – Нашы падапечныя маюць магчымасць весці актыўны лад жыцця, удзельнічаць у творчых і спартыўных спаборніцтвах. Прыемна таксама, што побач з намі заўсёды знаходзяцца людзі, неабыякавыя да таго, што адбываецца ў жыцці інвалідаў. Значную падтрымку аказваюць як мясцовыя грамадскія і дабрачынныя аб’яднанні, так і замежныя партнёры, у ліку якіх – нямецкі фонд “Дапамога дзецям Чарнобыля”. Яго прадстаўніца Інгрыд Ратхгебер ужо неаднаразова наведвала Брагін. На жаль, у яе не атрымалася пабываць на юбілейным свяце, але яна паклапацілася аб падарунках для наведвальнікаў аддзялення. Дарэчы, на працягу дзесяці год супрацоўніцтва фінансавую дапамогу дзякуючы гэтай жанчыне атрымала не адна сям’я, дзе выхоўваюцца цяжкахворыя дзеці.

Юбіляраў і іх гасцей парадавала яркая канцэртная праграма, падрыхтаваная работнікамі раённага дома культуры. Самым актыўным наведвальнікам аддзялення ўручаны граматы.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *