Бяспека вачамі дзіцяці: дарога памылак не выбачае

Грамадства

Дзеці – самы вясёлы народ на планеце Зямля. Ніхто так, як яны, не ўмее радавацца жыццю. Няўрымслівыя, жвавыя, бойкія, яны заўсёды знойдуць сабе нейкі занятак: хованкі, даганялкі, катанне на веласіпедзе, маляванне… Але часам, захопленыя любімай справай, яны не заўважаюць, як трапляюць у непрыемнасці. Аднойчы я стала сведкай здарэння, якое адбылося з дзесяцігадовым хлопчыкам.

Зіма. Дзеці любяць у такую пару года ляпіць снегавікоў, катацца на санках, аддавацца іншым забавам на свежым паветры. Выдатны час для актыўнага адпачынку – зімовыя канікулы. Даніку бацькі якраз паабяцалі схадзіць разам з ім на каток, пра што хлопчык даўно марыў. Ён ніяк не мог гэтага дачакацца.

У адзін з дастаткова цёплых для зімы дзён сябры паклікалі Даніка катацца на санках. І хлопчык згадзіўся. Дзеці каталісь на пляцоўцы, дзе ў пачатку зімы зрабілі невялічкую горку. Праз нейкі час да іх падышлі старэйшыя хлопчыкі, якія звярнуліся да меншых:

– Ой, малышня, катаецесь тут, на гэтай дзіцячай горцы, а слабо вам з’ехаць з вялікай, якая каля дарогі?

Адзін з Данікавых сяброў, Грышка, адказаў:

 – Я не магу. Мне бацькі казалі, што гуляць і катацца каля дарогі небяспечна.

– І  я не магу. Нас у школе таксама папярэджвалі, што гэта небяспечная справа, – сказаў Пеця, другі сябар Даніка.

Але Данік не прыслухаўся да слоў сяброў і пайшоў са старэйшымі хлопцамі на тую горку.

– Хто першы з’едзе? – спытаў адзін з падлеткаў, калі ўсе ўжо былі на месцы.

Данік гучна крыкнуў:

– Я, я першы!

Сеў на санкі – і ўніз. У канцы горкі Данік хацеў затармазіць, але ў яго не атрымалася, і ён выляцеў на дарогу. Знянацку аднекуль выскачыла машына. Вадзіцель паспеў прытармазіць і павярнуў рэзка руль, але ўсё ж зачапіў Даніка. Хлопчыкі гэта ўсё бачылі і пачалі зваць на дапамогу. На шчасце, у аднаго з іх быў нумар тэлефона бацькі і маці Даніка. Бацькі хутка прыехалі, забралі хлопчыка і завезлі ў бальніцу.

Доктар паведаміў устрывожаным бацькам, што іх сыну вельмі пашанцавала, што ён нарадзіўся, як кажуць, у кашулі – пры такім раскладзе справы застаўся амаль не пашкоджаным. Наведаў Даніка ў бальніцы і вадзіцель, які амаль сам не загінуў і дзіця не загубіў. Ён, ушчуваючы хлопчыка, сказаў, што так рабіць нельга. Хоць Даніка і папярэджвалі пра небяспечныя гульні на дарозе і каля яе, ён усё роўна пайшоў некаму нешта даказваць. А да чаго гэта прывяло?..

Дома Даніла атрымаў, як кажуць, на арэхі. Ён папрасіў у бацькоў прабачэнне і сказаў, што болей не будзе так рабіць. Ніколі-ніколі!

Гэтай павучальнай жыццёвай гісторыяй я хацела сказаць усім дзецям, наколькі важна ўважліва слухаць сваіх бацькоў і настаўнікаў і прытрымлівацца таго, што яны кажуць.

Будзьце ўважлівыя! Выконвайце законы дарогі і памятайце, што яна памылак не выбачае.

Ганна ГАНЧАР,

вучаніца 7 класа ДУА “Мікуліцкая сярэдняя школа”



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *