У Брагіне на роднай мове размаўляюць з маленства

Главное

Навучанне дзяцей дашкольнага ўзросту роднай мове, развіццё беларускага маўлення і культуры маўленчых зносін — адна з галоўных задач у адукацыйным працэсе дашкольнай установы.

Каб гучала родная мова ў дзіцячым садзе, патрэбна на ёй размаўляць — і дарослым, і выхаванцам. Важную ролю ў далучэнні дзяцей да роднай беларускай мовы мае беларускамоўнае асяроддзе ў дзіцячым садку. Сумеснымі намаганнямі педагогаў і бацькоў у нашай групе створаны нацыянальны куток с  беларускай нацыянальнай сімволікай. Усім вядома, што любая сумесная праца ў сям’і спрыяе яе ўзмацненню,  аб’яднанню, а калі работа дае яшчэ і веды пра сямейныя карані, то цэннасць гэтага працэсу ўзрастае ўдвая. З гэтай мэтай ў нашай групе была арганізавана выстава сямейных генеалагічных дрэў «Мой радавод».

 

У цэнтры патрыятычнага выхавання дзеці маюць магчымасць бліжэй пазнаёміцца з культурнай спадчынай беларускага народа, гісторыяй, культурай і славутасцямі свайго роднага горада.

Далучыць дзяцей да вуснай народнай творчасці: калыханак, лічылак, забаўлянак, беларускіх народных казак дазваляе створаны разам з бацькамі камплект дыдактычнага матэрыялу.

Ва ўстанове кожную сераду  праводзяцца Дні беларускага маўлення. Выхаванцы знаёмяцца з творамі беларускіх паэтаў, пісьменнікаў; праводзяцца тэматычныя бяседы, нядзелі, дні беларускіх народных гульняў; экскурсіі да памятных месцаў горада.

З маленькага ўзросту дзіцяці неабходна чытаць як мага больш кніг. Вельмі важна пазнаёміць дзіця з творамі беларускіх пісьменнікаў. Вершы і апавяданні беларускіх пісьменнікаў – і класікаў дзіцячай літаратуры, і тых, хто выдаў свае першыя кнігі, — дапамагаюць дзецям адчуць прыгажосць роднага слова, мелодыку мовы.  Чытайце дзецям беларускія творы, прапануйце прыносіць ў садок сваю любімую кніжку, каб расказаць  яе змест іншым дзецям.

Да сваіх калег і бацькоў выхаванцаў у далучэнні да роднай беларускай мовы мы звяртаемся з словамі Змітрака Бядулі: “Не саромейся, беларус, гаманіць па-беларуску — на роднай мове бацькоў і дзядоў сваіх. Шануй сваю мову, шануй свае песні, свае казкі, звычаі і ўсё роднае — гэта спадчына дзядоў і вялікі нацыянальны скарб. Толькі тады цябе ўсе будуць шанаваць як чалавека”.

Алеся Корхава, Наталля Раманюк,

выхавальнікі дашкольнай адукацыі



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *