Механізатары  ААТ  “Пераможнік” працуюць  у  полі  па  13  гадзін

Важное Сельское хозяйство

Ва ўрочышча “Крэст” за Макрацом едзем разам з галоўным аграномам гаспадаркі Анатолем Панчанкам і старшынёй райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктарам Балобанам. У кожнага – свая мэта.

Прафсаюзнага лідара аграрыяў цікавіць у першую чаргу арганізацыя гарачага харчавання удзельнікаў пасяўной кампаніі, галоўнага спецыяліста – ход  работы ў механізатараў, якія ўносяць фосфарныя ўгнаенні пад кукурузу. Пагутарыўшы з людзьмі, пераканаўшыся, што ўсё ідзе як і належыць, засталіся задаволенымі.

На гэтым участку працуюць Алег Цыбуля і Мікалай Дарошчанка. Прозвішчы абодвух значацца на раённай Дошцы гонару. Алег Мікалаевіч унёс мінеральныя ўгнаенні на плошчы 1600 гектараў, а Мікалай Іванавіч паспеў да гэтага дня падсілкаваць зерневыя на 745 гектарах і зараз падвозіць фосфар. Каралева палёў расла тут і ў мінулым годзе на 70 гектарах, з кожнага нарыхтоўвалі па 200 цэнтнераў зялёнай масы. Усяго ж ёй адвядуць сёлета 1850 га, з якіх 650 – на зерне. Плошчы немалыя, лішняй зямлі ў гаспадарцы няма, таму для гэтай каштоўнай кармавой культуры распрацавалі 350 гектараў, якія былі заняты шматгадовымі травамі.

Сяўба ранніх яравых зерневых практычна заканчваецца. Вядзе яе Сяргей Сідарок, а насенне дастаўляе  Андрэй Савянок.  Каб не ўпусціць час, не спазніцца з тэрмінамі, шчыруюць у полі з раніцы да вечара.

– Рабочы дзень у Сяргея Рыгоравіча і Андрэя Дзмітрыевіча пачынаецца ў 7 гадзін і заканчваецца ў 20.00, – расказвае галоўны аграном. – У такім жа рэжыме працуюць і тыя, хто рыхтуе плошчы. А гэта Сяргей Катлярэнка і Міхаіл Дарошчанка. Трынаццаць гадзін доўжыцца змена ў механізатараў звяна па вывазцы арганікі. Новы “Амкадор”, які выдзелілі сёлета “Пераможніку”, даверылі Уладзіміру Карпенку. На адвозцы мясцовых угнаенняў заняты Аляксей Ціханчук, Мікалай Катлярэнка,  Міхаіл Шаўчэнка і Сяргей Панікэ. Паколькі людзі знаходзяцца ў полі ўвесь дзень, арганізавалі для іх двухразовае харчаванне. Абеды рыхтуем у сваёй сталовай.

Яравымі зерневымі будзе занята 800 гектараў. Гэта авёс і ямень (кожнага – па 400 гектараў). Аднагадовыя размесцяць на 200 га. У “Пераможніку” за лёс будучага ўраджаю перажываюць і адказваюць вопытны аграном Анатоль Панчанка і яго калега дырэктар Сяргей Карпенка. Яны ўсё спланавалі, прадумалі, як лепш правесці веснавую кампанію, якім культурам аддаць перавагу, каб атрымаць аддачу. Шмат пасеялі азімых на зялёны корм жывёле, з якіх частка застанецца для ўборкі ў час жніва. Сумленныя і ўмелыя тут механізатары, якія стараюцца не падвесці кіраўніка і галоўнага тэхнолага палёў. Гледзячы, як працуюць вяскоўцы, хочацца пажадаць ім аднаго: спрыяльнага надвор’я. Каб не было такой працяглай спёкі, як у мінулым годзе, каб колас не толькі вырас, але і наліўся буйным зернем.

Ніна СІНІЛАВА

Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *