Не лёс, а хвароба

Позиция Валентины Бельченко

Ці не заўважалі вы, што пасля размовы з чалавекам, незадаволеным жыццём, адчуваеш сябе нейкім апустошаным? А то і ўвогуле стомленым, раздражнёным? Слухаеш такога – і сам ужо не бачыш ніякіх радасцей. Усё навокал дрэнна: грошай катастрафічна не хапае, на рабоце вечны завал, хваробы толькі ліпнуць… Стоп! Тут ужо можна з лёгкасцю падхапіць “інфекцыю” песімістычнага настрою. Пералічвае суразмоўца свае праблемы, непрыемнасці, напасці – і ты, па асацыяцыі, міжволі прыгадваеш свае. Магчыма, яшчэ да нядаўняга часу не такія балючыя і вострыя. Градус аптымізму пачынае павольна спаўзаць уніз. Вось дык пагутарылі! З кім павядзешся… Заразіцца, выходзіць, можна не толькі грыпам.

“А як жа падтрымаць, паспачуваць?” – заўважыць нехта. З дзяцінства нас вучылі быць чулымі, міласэрнымі, уважлівымі адзін да аднаго. Але гэта, на мой погляд, для людзей, якія сапраўды маюць патрэбу ў разуменні і маральнай падтрымцы ці нейкай дапамозе. Іншая справа – ныцікі, мэта якіх – запэўніць: горш, чым у іх жыцці, няма ні ў кога. І галоўнае – на гэта яны ніяк не могуць паўплываць. Бо даўно сябе пераканалі, што ад іх нічога не залежыць. Застаецца толькі скардзіцца: на лёс, абставіны, людзей, якія акружаюць. Ды хіба што параўноўваць сябе з іншымі – больш дужымі, са спакойнай работай, вышэйшым заробкам, выгадным уладкаваннем асабістага жыцця, без даўгоў і крэдытаў. Замест таго, каб азірнуцца і ўбачыць ланцужок з уласнай ляноты, неразборлівасці, разгільдзяйства, бяздзейнасці і многага іншага, што, хутчэй за ўсё, і прыводзіць да праблем, нейкіх непрыемнасцей.

Прызнаем: усе мы з гадамі не становімся больш дужымі, і любая работа (калі, вядома, ставіцца да яе адказна) патрабуе немалых затрат энергіі сіл. Дзеці падрастаюць, і з цягам часу менш паддаюцца бацькоўскаму ўплыву. Бытавая тэхніка псуецца, кватэра патрабуе рамонту, аўтамабіль выходзіць са строю. А тут яшчэ – не заўсёды кампетэнтныя ўрачы, няўмелыя майстры, сварлівыя суседзі… Калі прыкмячаць толькі дрэннае, бачыць адны мінусы, падставы для скарг знойдуцца ў кожнага. Ды свет не страсянецца, не перайначыцца пад плынню вечнага ныцця. За пачуццём незадаволенасці павінна ісці спроба нешта ў сваім жыцці змяніць, за праблемай – рабіцца крок да яе вырашэння. Але гэта – не для вечных “пакутнікаў”, якія прывыклі толькі вохкаць ды жаласліва ўздыхаць, умела каваць сваё няшчасце. І няхай бы… Дык камусьці яшчэ патрэбна затрачваць час на іх нараканні, пранікацца песімізмам, браць на сябе чужы негатыў. А потым – адчуваць сябе не лепшым чынам.

Кажуць, што радасць, добры настрой, як і гнеў, злосць, іншыя эмоцыі перадаюцца ад чалавека да чалавека. Так што хочаце быць шчаслівымі, паспяховымі, аптымістычнымі – акружыце сябе такімі ж асобамі. І  трымайцеся ад незадаволеных жыццём падалей! Няхай вядуць размову з сабе подобнымі.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА  

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *