Пасяджэнне раённага Савета старшакласнікаў прайшло ў Брагіне

Грамадства

Савет старшакласнікаў – гэта каманда, якая ўстанаўлівае кантакт паміж школьнікамі і настаўнікамі і падымае на новы ўзровень вучнёўскае самакіраванне. Яго дзейнасць курыруе цэнтр творчасці дзяцей і моладзі.

Падчас раённага пасяджэння на тэму “Юныя лідары Брагіншчыны: дыялог на роўных” вучні прынялі актыўны ўдзел у абмеркаванні важных пытанняў.

На сустрэчу быў запрошаны галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Дзмітрый Тамко, які расказаў вучням аб Брагіншчыне, падрабязна спыніўся на пытаннях, якія датычаць сацыяльнай і эканамічнай сферы раёна. На момантах, адметных менавіта для моладзі, акцэнтавала ўвагу першы сакратар РК ГА “БРСМ” Юлія Сапега. Валанцёрская і дабрачынная дзейнасць, студатрадаўскі рух, новы членскі білет і сістэма “Аўтахэлп” – тэм для абмеркавання было шмат.

Падчас дыялогу на роўных юныя лідары праявілі актыўнасць і задалі гасцям проста масу пытанняў. Напрыклад, вучаніцу з Чамярыс цікавіла, калі нарэшце ў вёсцы будзе адкрыты клуб? Па словах галоўнага спецыяліста аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, вырашэнне гэтага пытання залежыць ад фінансавання. Ці паступяць грашовыя сродкі сёлета, пакуль невядома, вядуцца перамовы з вышэйстаячай арганізацыяй.

Такая ж тэма з’яўляецца актуальнай і для старшакласніцы з Конанаўшчыны. Паколькі ў даным населеным пункце адчыняць установу культуры немэтазгодна, Дзмітрый Ігаравіч паабяцаў, што вёску ўключаць у свой маршрут работнікі аўтаклуба, які дзейнічае пры раённым доме культуры. Ён таксама заклікаў школьнікаў часцей наведваць мясцовую бібліятэку, дзе плануецца разнастаіць асартымент кніг маладзёжнай тэматыкі.
Пытанне экалагічнага накірунку падняла прадстаўніца Камарына.

– У парках і лесе шмат смецця. Магчыма, калі паставіць там больш урн, ваколіцы пасёлка стануць чысцейшымі? – цікавіцца вучаніца.

– Парадак і чысціня ў населеных пунктах і вакол іх залежаць найперш ад людзей, – адказвае Дзмітрый Тамко. – І тут кожны чалавек, у тым ліку і вучні, не толькі павінны пачаць з сябе, але і імкнуцца прывіць культуру паводзін іншым, тлумачыць аднагодкам аб шкодзе, якую бытавыя адходы наносяць навакольнаму асяроддзю.

Да таго ж школьнікі і самі могуць арганізаваць акцыю па сборы смецця. Дапамагчы дзецям у гэтай справе паабяцала першы сакратар РК ГА “БРСМ” Юлія Сапега.

У апошні час у Брагіне з’явілася шмат аматараў скейтбордынга. Прычым моладзь катаецца прама па праезджай частцы і тратуарах, што небяспечна для іх жыцця і здароўя.

– Ці плануецца ўсталяванне спецыяльнай пляцоўкі для гэтага ўжо досыць папулярнага віду спорту, – пытаецца старшакласніца, знаёмыя якой таксама любяць паганяць на скейтах па вуліцах райцэнтра.

Па словах Дзмітрыя Ігаравіча, адказу на гэтае пытанне пакуль няма, але прапанова цікавая, якую патрэбна добра абдумаць. Галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама таксама развянчаў слыхі аб закрыцці гімназій і запэўніў, што ў Камарынскім культурна-спартыўным цэнтры ўсё ж такі будзе працаваць харэограф і там абавязкова пакажуць кіно.

Прыемным момантам сустрэчы стала ўручэнне ўзнагароды вучаніцы Мікуліцкай сярэдняй школы Кацярыне Здор, якая заняла першае месца ў занальным этапе абласнога фестывалю-конкурсу “Хачу быць педагогам” у намінацыі “Педагагічны каляндар”, што праходзіў на базе Лоеўскага дзяржаўнага педагагічнага каледжа.

Вучні таксама абмеркавалі праект “Школа сямейных каш-тоўнасцей”, пагутарылі аб удзеле ў праекце “Новае жыццё ў абмен на крышачкі” і інш. Падводзячы вынікі, куратар раённага Савета старшакласнікаў Наталля Фурс адзначыла, што пасяджэнне атрымалася змястоўным і насычаным. Яна падзякавала школьнікам і гімназістам за актыўную жыццёвую пазіцыю.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *