Супрацоўнікі міліцыі фіксуюць крадзяжы на аб’ектах АПК Брагінскага раёна

Территория закона

Мерапрыемствы, накіраваныя на папярэджванне правапарушэнняў на аб’ектах АПК падчас пасяўной кампаніі, праводзяць у гэтыя дні супрацоўнікі раённага аддзела ўнутраных спраў.

У гаспадаркі Брагіншчыны штодня накіроўваюцца прадстаўнікі групы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі, Дзяржаўтаінспекцыі, участковыя інспектары міліцыі, каб ацаніць гатоўнасць да палявых работ як сельгастэхнікі, так і саміх механізатараў. Асаблівая ўвага надаецца выяўленню фактаў безгаспадарчасці і крадзяжоў.

Па словах начальніка аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Антона ДУБАЎЦА, у такім рэжыме супрацоўнікі міліцыі працуюць ужо месяц. За час правядзення маніторынгу, а пачаўся ён 5 сакавіка, у сельгаспрадпрыемствах раёна зафіксавана шэсць фактаў крадзяжу. Так, загадчыца адной з ферм спрабавала прысвоіць 20 літраў малака, а вадзіцель “Амкадора” – 440 кілаграмаў шчэбню. На месцы злачынства затрыманы і некалькі чалавек з камбікормам і мукой. У сувязі з гэтым дырэктарам ААТ накіраваны прадстаўленні аб ухіленні прычын і ўмоў, якія паспрыялі здзяйсненню правапарушэнняў. Адна службовая асоба прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці за невыкананне патрабаванняў (арт. 24.3 КаАП): галоўнаму заатэхніку сельгаспрадпрыемства давялося заплаціць штраф у памеры дзвюх базавых велічынь.

Неаднаразова ў поле зроку рэйдавай групы траплялі работнікі гаспадарак, якія знаходзіліся на працоўных месцах у нецвярозым стане. У іх ліку – трактарысты, паляводы, аператары машыннага даення і вартавыя. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты сем чалавек.

Супрацоўнікі міліцыі звяртаюць увагу і на тое, наколькі якасна падрыхтаваны сельгасмашыны да выхаду ў поле: ці цалкам укамплектаваны, ці пройдзены тэхагляд. Яшчэ адно парушэнне, якое часта сустракаецца, – захоўванне спісанай тэхнікі на мехдвары, з-за чаго ўтвараюцца так званыя несанкцыянаваныя пляцоўкі для складзіравання металалому.

Акрамя таго, што пры кожным наведванні сельгаспрадпрыемстваў з вартавымі праводзяцца інструктыўныя гутаркі аб недапушчэнні крадзяжоў, кіраўнікам гаспадарак праваахоўнікі накіравалі прапановы па тэхнічнай умацаванасці аб’ектаў АПК. У ліку рэкамендацый: устанавіць агароджы вакол тэрыторый, якія ахоўваюцца, вароты з замкамі, наладзіць асвятленне ў цёмны час сутак і відэаназіранне.

У склад рэйдавых груп разам з супрацоўнікамі міліцыі ўваходзяць і прадстаўнікі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама. Працягнецца такі маніторынг да 24 красавіка.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *