З конкурсу дзіцячай творчасці “Маленькі прынц” юныя брагінчане вярнуліся з узнагародамі

Грамадства

Харэаграфічны калектыў Брагінскай дзіцячай школы мастацтваў.

Адразу некалькімі поспехамі ўвянчаўся ўдзел вучняў Брагінскай дзіцячай школы мастацтваў у VIII адкрытым рэгіянальным конкурсе дзіцячай творчасці “Маленькі прынц–2019”.

Ён сабраў 27 і 28 сакавіка ў Светлагорску больш за 500 юных талентаў, якія праяўлялі сябе ў розных намінацыях і ўражвалі гледачоў сваімі здольнасцямі. А аўтарытэтнае журы тым часам ацэньвала ўзровень іх выканаўчага майстэрства, сцэнічнай культуры, артыстызм, раскрыццё мастацкага вобраза.

Узорны харэаграфічны калектыў “Брагінка” нашай школы, якім кіруе Таццяна Чырык, а харэографам з’яўляецца Алена Цярэшчанка, прадставіў танцавальную кампазіцыю “Каралі”. І вярнуўся з творчага спаборніцтва з кубкам і дыпломам другой ступені – стаў сярэбраным прызёрам у намінацыі “Эстрадны танец” (сярэдняя група). Віншуем!

Дастойным выступленнем парадавалі таксама вучні, якія аддалі перавагу інструментальнаму напрамку. Алена Раманюк і Яўген Шкурко, дарэчы, спасцігаюць ігру на баяне пад кіраўніцтвам Аляксандра Пяхоты ў Бурках, дзе працуюць класы школы мастацтваў. А з Яўгенам Манжосам у Брагіне трэці год займаецца Валянціна Жорава.

Усе тры юныя інструменалісты па выніках конкурсу заахвочаны граматамі за паспяховае выступленне (малодшая група).

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *