5 мая — Дзень друку. Няхай навіны будуць толькі добрымі!

Грамадства Колонка редактора с Галиной Шевченко

Сучасны свет перапоўнены інфармацыяй рознага кшталту і якасці.

І часам здаецца што ўсе – ад магутных выдавецкіх дамоў і рэкламных кампаній да дамарошчаных блогераў з Нью Васюкоў – імкнуцца заявіць аб сабе. У пагоні за смажанымі фактамі забываюцца нормы журналісцкай этыкі (а нехта пра іх і не чуў).

Аднак і ў час інфармацыйных тэхналогій для многіх усё яшчэ застаецца добрай звычкай браць у рукі друкаванае выданне і ў вольную хвіліну знаёміцца з цікавымі  навінамі, якія падрыхтавалі супрацоўнікі раённай газеты. А на нас ляжыць складаная задача: не зніжаючы планку годнасці, без прагі да танных сенсацый, без крыку, тлуму і мітусні данесці да чытача сваю думку, быць запатрабаванымі, дакладнымі. І – як аксіёма – не таптацца на бедах, не смакаваць іх. На жаль, менавіта чужыя праблемы прыцягваюць людзей, як наркотык, але журналісты (калі яны прафесіяналы) павінны ўмець знаходзіць светлае, акцэнтаваць на ім увагу і запрашаць чытача да разважання.

Ёсць жыццёвы прынцып любога журналіста (незалежна ад адукацыі), без якога ён наўрад ці адбудзецца і як прафесіянал, і як грамадзянін. Трэба ці любіць сваю прафесію, ці, у адваротным выпадку, бегчы ад гэтай справы. Журналістыка – гэта працяг душэўных якасцей чалавека, і калі яны не пераносяцца на прафесію, то ні спачування, ні водгуку, ні жадання дапамагчы ў сэрцы чытача не ўзнікне.

Праца дыктуе лад жыцця. Яе не пакідаеш у шэсць гадзін вечара, зачыніўшы кабінет на ключ, і не аднаўляеш пасля выхадных. Ёй жывеш дваццаць чатыры гадзіны ў суткі, сем дзён у тыдзень. Пасля цяжкіх будняў часам думаеш: “Навошта мне гэта? Патрэбна шукаць нешта іншае!”, але такі стан хутка пераходзіць у фанатычнае «Я люблю сваю работу!» У выніку за спінай шмат памылак, нямала крытыкі, кінутыя суразмоўцамі тэлефонныя трубкі, бяссонныя ночы над вёрсткай і вычыткай, асвойваннем новых тэхналогій і камп’ютарных праграм… Але журналістыка – гэта і магчымасць пражыць жыццё свайго героя, цікавыя сустрэчы, веды ў розных галінах.

Вядома, артыкул у газеце не выратуе свет. Ды і ад чаго яго ратаваць? На мой погляд, нашмат важней і карысней, калі публікацыі “кропкава” змяняюць рэчаіснасць вакол нас. Напрыклад, чым з пустога ў парожняе абмяркоўваць высокія матэрыі, лепш падрыхтаваць матэрыял аб нейкай праблеме і дапамагчы вырашыць яе. Слова можа быць розным, і часам творыць цуды.

Дзень друку, які мы штогод сустракаем 5 мая, – свята не толькі творчых супрацоўнікаў і аператараў, усіх, хто складае цудоўны калектыў “Маяка Палесся”, узначальваць які для мяне і вялікая адказнасць, і гонар, але і тых, хто так ці інакш звязаны з выхадам газеты ў свет. А гэта і заснавальнікі выдання: раённы выканаўчы камітэт і раённы Савет дэпутатаў, і нашы партнёры-друкары з ААТ “Палесдрук”, і пазаштатныя аўтары, і супрацоўнікі пошты, і, безумоўна, падпісчыкі і чытачы. Са святам! Творчасці і натхнення вам у любой справе, радасці, цеплыні, святла – у кожным дні. І, вядома ж, толькі добрых навін.

Галіна ШАЎЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *