Калі  прафесія  –  любоў  і  творчасць

Грамадства

 

Што такое шчасце? Для некага гэта стан душы,  нехта бачыць шчасце ў патоку станоўчых эмоцый, а для мяне шчасце – гэта мая сям’я, чыстае неба над галавой, цёплая ўсмешка матулі, і, вядома ж, мая праца, прафесія настаўніка. І хоць мой педагагічны шлях яшчэ зусім невялікі, я ўжо магу сказаць аб сваёй адданасці прафесіі.

Працую я ў ДУА “Брагінская сярэдняя школа” настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Маё жыццё запоўніла школа. Так, бывае цяжка, але разам з тым і вельмі цікава. Для мяне няма нічога лепшага, чым даваць веды вучням. Падабаецца, калі дзеці на занятках усміхаюцца, імкнуцца да творчасці і нават робяць памылкі, бо такім чынам яны развіваюцца.

Вялікай апорай з’яўляецца наша дружнае, згуртаванае метадычнае аб’яднанне, кіраўніком якога з’яўляецца Алена Яфрэмава, вопытная настаўніца. А яшчэ ў складзе аб’яднання – настаўнікі беларускай і рускай мовы і літаратуры Жанна Амельчанка, Вікторыя Баранава, Жанна Рослік, Таццяна Сцепанцова, Алена Быкава.

Усе мы розныя, але аб’ядноўвае нас адно – любоў да працы. Мы з цеплынёй адносімся да вучняў і перадаём ім свае веды. Разам пераадольваем усе цяжкасці і радуемся поспехам адзін аднаго.

Кожная хвіліна, праведзеная ў сценах школы, мае для нас вялікую каштоўнасць. Чакаем урокаў, імкнёмся перадаць вучням тыя веды і навыкі, якімі валодаем самі. Кожны з настаўнікаў па-свойму таленавіты, мы праяўляем сябе у гарадскіх і абласных мерапрыемствах, радуемся дасягненням.

Напрыклад, вучаніца Марына Гарэленка заняла другое месца  ў вобласці ў конкурсе сачыненняў  “Залатое пяро Беларусі”. З вялікім задавальненнем нашы дзеці ўдзельнічалі  ў конкурсе рытарычнага майстэрства “Гавары са мной па-беларуску”. Асаблівую ўвагу ўдзяляем алімпіяднаму руху, да якога рыхтуемся на працягу ўсяго навучальнага года. Хачу адзначыць, што вучаніца Ганна  Дубіна заняла першае месца ў другім этапе алімпіяды па рускай мове і прадстаўляла наш раён на абласным узроўні. Не абыходзім і навукова-даследчыя мерапрыемствы. Прымалі ўдзел у абласным конкурсе “Мележаўскія чытанні”, на абласной канферэнцыі навукова-даследчых работ “Свабодны выбар” атрымалі дыплом у намінацыі “За актуальнасць даследавання”. У конкурсе чытальнікаў “Жывая класіка” нашы вучні атрымалі два дыпломы другой ступені. Гэты пералік далёка не поўны: аднымі з лепшых мы былі і на “Тэатральным перакрыжаванні” (2 месца), і ў “Праваслаўнай алімпіядзе” (1 месца).

Вядома, не ўсё бывае гладка. Здараюцца памылкі і расчараванні. Але ж і адмоўны вопыт не менш важны, чым станоўчы. Недахопы вымушаюць самаўдасканальвацца, працаваць над сабой, вучаць ісці наперад.

Вікторыя БАРАНАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *