Лепшы  падарунак дзіцяці –  увага  і клопат

Важное Грамадства

Дзень добры, лета, і бывай да восені, школа! Дачакаліся. У дзяцей пачынаецца самая любімая пара: без ранніх пад’ёмаў, урокаў і дамашніх заданняў. Толькі свежае паветра, любімыя гульні, сустрэчы з сябрамі. Радасць, вядома, бязмежная. А што патрэбна ад нас, дарослых, каб канікулы пакінулі ў юных асоб толькі прыемныя ўражанні, а жыццё іх было шчаслівае? Нашы любоў, увага, цеплыня ды клопат. Аб гэтым нагадвае, дарэчы, і Міжнародны дзень абароны дзяцей. Заўтра – свята, якое ў чарговы раз дае нам магчымасць адчуць усю важнасць спраў на карысць маленькіх грама-дзян краіны, падкрэслівае неабходнасць аховы іх законных інтарэсаў і правоў. А лета тым часам павышае адказнасць – за бяспеку, здароўе і жыццё кожнага дзіцяці. 

– Каб не дапусціць здзяйснення падлеткамі правапарушэнняў і злачынстваў, паставіць заслон пажарам, папярэдзіць няшчасныя выпадкі і засцерагчы дзяцей ад шкодных звычак, у раёне разгорнута маштабная работа ў рамках міжведамаснай праграмы “Клопат”. Свае планы, намеры і задумы прафілактычныя службы пачалі ўзгадняць яшчэ задоўга да канікул. Прадугледзець і ўлічыць патрэбна было ўсё: ад варыянтаў занятасці юных асоб да стварэння бяспечных умоў для іх працы і адпачынку, – паведаміла намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Вольга ЯСІНСКАЯ.

Гэтым летам, па яе словах, у лагерах дзённага знаходжання, якія будуць працаваць на базе ўстаноў адукацыі, адпачнуць, умацуюць сваё здароўе і з карысцю правядуць вольны час 290 хлопчыкаў і дзяўчынак. Яшчэ трыццаць дзяцей прымуць лагеры працы і адпачынку. Прадугледжана работа аздараўленчых пляцовак: з 10.00 да 13.00 і з 17.00 да 20.00.

Не змяняе добрай традыцыі дарыць сваім выхаванцам актыўны адпачынак на прыродзе – з гульнямі, спаборніцтвамі, конкурсамі, працоўным дэсантам – калектыў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. Сёлета ў арганізаваным ім вандроўным турыстычным лагеры правядуць некалькі летніх дзён 120 чалавек.

Пад забаронай сум, нуда, апатыя будуць і ў палатачным лагеры “Новы бераг”, які ў чарговы раз раскінецца на дняпроўскіх прасторах Камарына. Праграма, як заўсёды, абяцае быць насычанай і змястоўнай. Удосталь накупацца, праявіць сябе ў розных мерапрыемствах, пашырыць кругагляд і кола сяброў змогуць 60 юных асоб.

Больш чым 200 хлопчыкаў і дзяўчынак накіруюцца за межы раёна, каб не толькі адпачыць, але і атрымаць санаторна-курортнае лячэнне. Іх прымуць беларускія дзіцячыя рэабілітацыйна-аздараўленчыя цэнтры “Жамчужына”, “Пралеска”, “Лясная паляна”, а таксама санаторый “Белоруссия” (Латвія) і ДАЦ “Белая Русь” (Расія). Ёсць магчымасць атрымаць пуцёўкі ў летні перыяд маці з дзецьмі ва ўзросце ад трох да шасці гадоў.

Што ж датычыць другаснай занятасці, то на працоўныя праекты з фонду сацыяльнай абароны выдзяляецца больш за 14 тысяч рублёў. У іх плануецца задзейнічаць як мінімум 100 школьнікаў, якія зоймуцца прывядзеннем у належны стан кніжнага фонду. Яшчэ 104 падлеткі і прадстаўнікі моладзі атрымаюць у перыяд канікул работу ў сельскагаспадарчых арганізацыях і КЖУП “Брагінскае” пры садзейнічанні раённага камітэта ГА “БРСМ”. Ён жа прапаноўвае непаўналетнім цікава і з карысцю правесці вольны час у складзе вала-цёрскіх атрадаў, а таксама ў спартыўна-патрыятычным лагеры “Кур-сан-ТЫ”.

Да работы па арганізацыі летняй занятасці і адпачынку школьнікаў, папярэджанні негатыўных з’яў у дзіцячым асяроддзі далучаны прадстаўнікі праваахоўных органаў, службы МНС, устаноў культуры, аховы здароўя, іншых зацікаўленых структур. Пад пільным наглядам, як заўсёды, застануцца юныя асобы, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, патрабуюць асаблівай увагі.

Дзеці – наш гонар і працяг, наша радасць і надзея, наша найвялікшае багацце. Таму няхай абаронай кожнаму стануць атмасфера разумення, дабрыні і клопату, бацькоўская падтрымка, цяпло дамашняга ачага, а любові будзе столькі, колькі прагне адкрытая душа.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *