Першы  ўкос трэба ўбраць да  пятага  чэрвеня

Главное Сельское хозяйство

 

Летне-пашавы перыяд патрабуе намагнняў і канцэнтрацыі сіл, вопыту, напружанай працы  не толькі ад жывёлаводаў, але і ад раслінаводаў. Калі першыя імкнуцца на танных кармах атрымаць максімум прадукцыі, то другія заклапочаны, як нарыхтаваць дастатковую колькасць сена, сенажу, сіласу і палепшыць іх якасць, каб зімоўка была і сытнай, і прадуктыўнай.

Пра структуру кармавога поля мы размаўляем з галоўным аграномам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Максімам КАЎЦЭВІЧАМ.

– Максім Юр’евіч, майскія травы пасля доўгачаканых дажджоў хутка пайшлі ў рост. Скасіць  іх патрэбна ў лепшыя агратэхнічныя тэрміны, калі яны  ўтрымліваюць максімальную колькасць клят-чаткі і спажыўных рэчываў. Да якой даты?

– Да 5 чэрвеня. У кожнага віда свая фаза кашэння: злакавых – да стадыі калашэння і выкідвання мяцёлкі, бабовых – да бутанізацыі. Практыка мінулых гадоў паказвае, што сельгаспрадпрыемствы паспявалі завяршыць уборку першага ўкосу да 5 чэрвеня. Спадзяюся, 2019-ты не стане выключэннем.

На 22 мая да касьбы прыступілі практычна ўсе. Сянаж рыхтуюць  ААТ “Камарынскі”, “Брагінскі” і “Чамярыскі”. Кладуць травы ў валкі “Імя Жукава”, “Малажынскі” і “Пераможнік”, якія плануюць назапасіць з першага ўкосу духмянае сена. Майскае  лічыцца найбольш карысным.

Для грамадскага статка раёна згодна з планам патрэбна нарыхтаваць 14,5 тысячы тон сена. У мінулым годзе, дарэчы, забяспечанасць грубым кормам гэтага віду складала 100%.

– Колькі цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы мяркуеце назапісць з траў?

– Усяго – 69,6 тысячы тон кармавых адзінак, або па 33 цнт на ўмоўную галаву жывёлы грамадскага сектара. Для гэтага будзе пасеяна 1125 гектараў шматгадовых  бабовых і злакавых траў: люцэрны, канюшыны, цімафееўкі і купкоўкі зборнай. Летась упершыню размясцілі на нашых землях люцэрну разам з цімафееўкай, бо раней гэтыя культуры вырошчвалі ў чыстым выглядзе. Люцэрна з’яўляецца выдатнай крыніцай пратэіну. Убраць яе пажадана да высыхання сцебляў і пры мінімальнай страце лісця.

Са шматгадовых траў патрэбна закласці не менш 40 тысяч тон сенажу, што складзе  121,4% да ўзроўню мінулага года. Звычайна з планам нарыхтоўкі кансерваванага корму сельгасвытворцы спраўляліся за 10-14 дзён.

– Якую ролю адводзіце сёлета кукурузе?

– Гэтая стратэгічна важная культура не будзе абдзелена ўвагай. Кукурузнага сіласу павінны закласці не менш  чым 186 тысяч тон (115,8% да патрэбнасці). Павялічылі пасяўныя плошчы пад каралеву палёў і на сілас, і на зерне. Не хачу загадваць наперад, але пакуль кліматычныя ўмовы садзейнічаюць росту сельгаскультур,  траў.

Дбаем не толькі пра колькасць кармоў, але і пра іх якасць. Ветэрынарная служба будзе, як і ў папярэднія гады, кантраляваць тэрміны закладкі сенажу і сіласу, якасць сена, якое трапіць пад павець.

Гутарыла Ніна СІНІЛАВА

Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *