У суботу, 29 чэрвеня, у вёсцы Рудня Жураўлёва адбудзецца сустрэча з ветэранамі калгаса імя Чкалава

Год малой родины Наша гісторыя

 

Вёскі Рудня Жураўлёва, Каманоў, Лубенікі, пасёлкі Майскі і Рагазін. Менавіта гэтыя населеныя пункты ўваходзілі ў калгас імя Чкалава, які быў утвораны ў 50-я гады шляхам аб’яднання пяці гаспадарак, што размяшчаліся на іх тэрыторыі. І праіснаваў ён да 2004-га. Чым славіўся гэты калгас? Як развіваўся? Хто з мясцовых жыхароў пакінуў на зямлі добры след, ушанаваны Радзімай? Даведацца аб усім гэтым, успомніць мінулае, падзякаваць нястомным працаўнікам, руплівым гаспадарам дае магчымасць заўтрашняе мерапрымства.

 

У суботу, 29 чэрвеня, у вёсцы Рудня Жураўлёва адбудзецца сустрэча з ветэранамі калгаса імя Чкалава – яго былымі старшынямі, спецыялістамі, іншымі работнікамі.  Гэта стане добрай нагодай сабрацца ўсім разам – ураджэнцам, жыхарам, працаўнікам вышэйназваных вёсак, каб акунуцца ў атмасферу свята, далучыцца да гісторыі малой радзімы. А напярэдадні прыгадаем некаторыя факты і падзеі з мінулага названых населеных пунктаў.

 

Рудня Жураўлёва – вёска ў Вуглоўскім сельскім Савеце, размешчана на тэрыторыі ААТ “Брагінскі”, на р. Брагінка.

Па пісьмовых крыніцах вядомая з XVI стагоддзя як вёска Рудня ў Каралеўстве Польскім. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793 г.) – у складзе Расійскай імперыі. У 1850 го-дзе належала графіні Ракіцкай. У 1908-м – у Ручаёўскай воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерні.

Дарэчы:

У VII ст. да н. э. на тэрыторыі Беларусі, у т. л. у нашых палескіх мясцовасцях, пачаўся ранні жалезны век, калі людзі навучыліся атрымліваць жалеза з балотнай руды. Гэта стала сапраўдным пераваротам у эканамічным і грамадска-палітычным жыцці. Метал выплаўлялі ў печах-домніцах, а месцы іх размяшчэння называліся руднямі. Ад гэтага пайшлі назвы паселішчаў. Напрыклад, на Брагіншчыне – вёска Рудня Жураўлёва.

Узгадваецца ў царкоўных дакументах 1879 года пры пераліку населеных пунктаў Сялецкага праваслаўнага прыхода. У 1909-м – 40 двароў, 241 жыхар.

Згодна з перапісам 1926-га, 60 гаспадарак, насельніцтва – 351 чалавек. У 1931 годзе арганізаваны калгас “Чырвоная ніва”. Да Вялікай Айчыннай вайны налічвалася 78 двароў з  385 жыхарамі. У чэрвені 1942 года  фашысты спалілі вёску і загубілі 19 мірных жыхароў.

З успамінаў В. Шубянок, былой жыхаркі в. Рудня Жураўлёва:

…Калі немцы пачалі гнаць у Германію, наша маці з чацвярыма дзецьмі ўцякла ў лес, ва ўрочышча Плаўе. Людзей там было многа. Жылі ў куранях, галадалі, было холадна. Ужо заставалася дзесьці з месяц да адступлення немцаў, як яны напалі на наша лясное сховішча. Мне з братам удалося ўцячы, а маці з яшчэ двума дзецьмі гітлераўцы схапілі і разам з іншымі злоўленымі грамадзянамі загналі ў падвал у пасёлку Майскі і закідалі гранатамі.

У 1959-м Рудня Жураўлёва – цэнтр калгаса імя Чкалава. Знаходзіліся клуб, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, швейная майстэрня, магазін.

У 2002 годзе налічвалася 73 двары і 183 жыхары. Працавалі ветэрынарны пункт, майстэрні па рамонце сельскагаспадарчай тэхнікі, аддзяленне сувязі, клуб, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, магазін.

Зараз на тэрыторыі вёскі дзейнічаюць магазін і малочна-таварная ферма. Колькасць двароў – 55, жыхароў – 112, у тым ліку 15 дзяцей і 61 працаздольны грамадзянін.

Каманоў – вёска ў Вуглоўскім сельскім Савеце, размешчана на тэрыторыі ААТ “Брагінскі”, на р. Брагінка.

Выяўленае археолагамі гарадзішча ранняга жалезнага веку (за 2 км на паўднёвы ўсход ад вёскі, на левым беразе Брагінкі, датуецца канцом 1-га тысячагоддзя да н. э. – пачаткам 1-га тысячагоддзя н. э.) сведчыць пра засяленне гэтых месцаў са старажытных часоў. Па пісьмовых крыніцах Каманоў вядомы з пачатку XIX стагоддзя. У 1811-м згадваецца як вёска ў Рэчыцкім павеце Мінскай губерні, уласнасць графаў Ракіцкіх. Адносілася да Сялецкага праваслаўнага прыхода. У 1816 годзе тут было 14 гаспадарак, пражывала 36 мужчын і 37 жанчын. Паводле перапісу 1897-га, 43 двары, 295 жыхароў, працавалі школа царкоўнай граматы, хлебазапасны магазін, два млыны.

Да 1909-га колькасць два-роў павялічылася да 48, а насельніцтва – да 359 чалавек. Бытавалі промыслы – сплаў лесу, лоўля рыбы і інш. Згодна з перапісам 1926-га, 84 гаспадаркі, 426 жыхароў. З 8 снежня 1926 года да 30 снежня 1927-га – цэнтр сельсавета.

Да 1930 года ў Каманове быў створаны калгас “Зялёны лес”. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны тут налічвалася 95 двароў, насельніцтва – 390 чалавек. У красавіку 1943-га нямецка-фашысцкія акупанты спалілі вёску і загубілі 16 яе жыхароў.

З пісьма А. Купрэенкі, жыхара в. Каманоў:

…Летам 1942 года, падчас наступнай карнай аперацыі, фашысты і паліцаі выгналі жыхароў вёскі з хат і пачалі падпальваць будынкі. Васьмідзесяцігадовы Мялешка Даніла адмовіўся пакінуць сваё селішча, і тады яго застрэлілі пад самым палаўшым хлявом.

Былі забіты таксама Мялешка Х.М. і яе дачка Лідзія. Жанчыну Мялешка А.М., арыштаваную па падазрэнні ў сувязях з партызанамі, пры канваіраванні ў Брагін забілі па дарозе Каманоў – Вуглы. Напэўна, пры спробе ўцёкаў.

…Расстралялі з нашай вёскі таксама сясцёр Бараненкаў – Ганну і старэйшую Яўгенню – за тое, што Яўгення пякла і перадавала хлеб партызанам.

А яшчэ ад рук гітлераўцаў загінулі Прышчэп Макрэна, якая перад тым знаходзілася ў партызанскім атрадзе імя Суворава, яе сын і дачка.

У 2002 годзе было 30 двароў з 72 жыхарамі. На сёння гэтыя лічбы зменшыліся да сямі і дзесяці адпаведна.

Лубенікі – вёска ў Вуглоўскім сельскім Савеце, размешчана на тэрыторыі ААТ “Брагінскі”. У другой палове XIX – пачатку XX стагоддзя знаходзілася ў Брагінскай воласці Рэчыцкага павета. Адносілася да Сялецкага праваслаўнага прыхода. Паводле перапісу 1897 года, 49 двароў, 335 жыхароў, працавалі часоўня, царкоўнапрыходская школа, хлебазапасны магазін і ветраны млын. У 1909-м – 53 двары, 403 жыхары. Згодна з перапісам 1926 года, колькасць гаспадарак павялічылася да 63, а насельніцтва паменшылася да 376 чалавек.Л

У 1930-м дзейнічала пачатковая школа, у 1931-м быў арганізаваны калгас імя Чкалава.

Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў Лубеніках ужо налічвалася 120 двароў і 630 чалавек. Са жніўня 1941 года да кастрычніка 1943-га населены пункт быў акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія яго спалілі і загубілі 11 чалавек.

Памятаем

У баях за вызваленне вёскі і яе наваколля ў кастрычніку 1943 года аддалі свае жыцці 11 салдат 89-га стралковага корпуса 61-й арміі (пахаваны ў брацкай магіле ў цэнтры Лубенікоў). Для ўшанавання памяці абаронцаў і мясцовых  жыхароў, якія загінулі на франтах і ў партызанскай барацьбе, у 1968 годзе ўстаноўлены абеліск.

У 1959-м у Лубеніках раз-мяшчаліся сярэдняя школа, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, пражывала 402 чалавекі. У 2002 годзе – 72 двары, 171 жыхар.

На сёння ў Лубеніках дзей-нічае малочна-таварная ферма і лясніцтва. Налічваецца 46 гаспадарак, насельніцтва – 90 чалавек, у тым ліку восем дзяцей.

 

Майскі – пасёлак у Вуглоўскім сельскім Савеце, размешчаны на тэрыторыі ААТ “Брагінскі”.
Вядомы па рукапісных кры-ніцах з 1920-х гадоў. У 1926-м налічваў 14 гаспадарак, 90 жыхароў. У 1931 годзе арганізаваны калгас.

Перад Вялікай Айчыннай вайной было 18 двароў, насель-ніцтва – 65 чалавек. У красавіку 1943-га нямецка-фашысцкія акупанты спалілі пасёлак і загубілі сем жыхароў.

Паводле перапісу 1959 года, пражывала 147 чалавек. У 2002-м – 17 двароў, 36 жыхароў, сёння – шэсць і дзевяць адпаведна.  Размешчаны прыпыначны пункт Лубяніцкага лясніцтва.

Рагазін – пасёлак,  які раней уваходзіў у склад Вуглоўскага сельскага Савета.

Заснаваны ў 1920-я гады як хутар. Пазней пераўтварыўся ў пасёлак. У 1929 годзе створаны калгас “Рагазін”, працавалі кузня і ветраны млын.

Перад Вялікай Айчыннай было 22 двары, насельніцтва –150 чалавек. У красавіку 1943-га гітлераўскія карнікі спалілі пасёлак, але пасля вайны ён быў адноўлены.

26 верасня 1974 года зняты з уліку, паколькі жыхары перасяліліся ў суседнюю вёску Каманоў.

Падрыхтавала Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *