Пытанняў узнята шмат: ад выпускнога балю да нарыхтоўкі кармоў

Общество

Як ідзе падрыхтоўка да РАЁННАГА ВЫПУСКНОГА БАЛЮ, якая дапамога патрэбна, якія праблемы ўзнікаюць? З гэтага пытання пачаў апаратную нараду старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Кохан. Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Галіна Васяновіч праінфармавала: уся падрыхтоўчая работа праведзена, зараз ідуць рэпетыцыі, узаемадзеянне наладжана. Неабходна адзначыць, што свята гэтае заўсёды пакідае і ў выпускнікоў, і ў іх бацькоў, і ў запрошаных самыя светлыя пачуцці.

Аб рабоце МАБІЛЬНАЙ ГРУПЫ паведаміў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Сяргей Даўгулявец.

Яе прадстаўнікі наведалі сельгаспрадпрыемствы. Пэўная работа па ўхіленні раней выяўленых недахопаў тут праводзіцца, але аб’ектаў шмат, поле дзейнасці шырокае.

З наступленнем спякоты ПАЖАРАНЕБЯСЕЧНАЯ сітуацыя ўскладняецца – адзначыў намеснік начальніка РАНС Віктар Цімонін. На мінулым тыдні выратавальнікі выязджалі на тушэнне даху нежылога дома. Пажар ліквідаваны аператыўна, але ў чарговы раз звяртаемся да чытачоў: будзьце пільнымі з агнём, не пакідайце без нагляду, захоўвайце правілы бяспекі. Гэта датычыць і кіраўніцтва сельгасарганізацый: патрэбна яшчэ раз праверыць забяспечанасць вогнетушыцелямі, правесці інструктажы з механізатарамі, вадзіцелямі, аператарамі зернетакоў. Бяду лепш папярэдзіць, чым ліквідаваць яе наступствы, – падкрэсліў кіраўнік раённай вертыкалі.

Настаў, бадай, самы любімы час нашых дзяцей. Але доўгачаканыя школьнікамі КАНІКУЛЫ павінны праходзіць пад пільным наглядам дарослых, – звярнуўся да прысутных Аляксандр Васільевіч. Наладзіць праверкі і рэйды ў месцах, забароненых, але аблюбаваных для купання, кантраляваць знаходжанне непаўналетніх на вуліцы ў вячэрні і начны час, арганізаваць карысную занятасць – задача і клопат бацькоў, педагогаў і культработнікаў, усіх адпаведных структур.

Закранаючы кола пытанняў, якія датычаць АПК, старшыня райвыканкама адзначыў: страчваем пазіцыі ў вытворчасці малака, гэта недапушчальна. Пэўныя меры прымаюцца, але іх яўна недастаткова. Галоўнаму ветэрынарнаму ўрачу раёна Надзеі Шкуратавай даручана ўзмацніць работу ў дадзеным накірунку. Другое, не менш важнае пытанне, – якасць кармоў. Калі сянаж будзе закладвацца без захавання тэхналогій – трывалую базу для грамадскага статка на зімова-стойлавы перыяд забяспечыць будзе цяжка. Таму і якасць масы, і тэрміны закладкі павінны быць на пастаянным кантролі.

Як готовы ЗЕРНЕСУШЫЛЬНЫЯ КОМПЛЕКСЫ да жніва? Гэтае пытанне старшыня райвыканкама адрасаваў начальніку ўпраўлення сельскай гас-падаркі і харчавання Васілю Шэйку, кіраўнікам гаспадарак. Час масавай уборкі зерневых не за гарамі, і яна павінна прайсці зладжана і арганізавана. Надвор’е дыктуе свае ўмовы і, магчыма, на рапсавыя палеткі камбайны неабходна будзе вывесці ўжо ў трэцяй дэкадзе чэрвеня. Прадугледзець усе дробязі, правесці ўборку без страт – задача, якая пастаўлена перад сельгасвытворцамі раёна.

Па інфармацыі начальніка РАУС Валерыя Чэкана, за тыдзень была ўзбуджана адна крымінальная справа па факту крадзяжу мабільнага тэлефона. Пры расследаванні высветлена, што гаспадар проста страціў апарат, які знойдзены. Затрыманы тры вадзіцелі ў нецвярозым стане, адзначаны факты знаходжання п’яных у грамадскіх месцах.

Пасля каардынальнага добраўпарадкавання райцэнтра з’явілася шмат прыгожых альтанак, лавачак. Сачыць за іх захаванасцю падчас патрулявання – задача не толькі супрацоўнікаў РАУС, але і дружыннікаў, – падкрэсліў кіраўнік раённай вертыкалі, звяртаючыся да першага сакратара райкама ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» Юліі Сапегі.

Рэгулярна ўздымаюцца пытанні ДОБРАЎПАРАДКАВАННЯ КАМАРЫНА. Аб’екты, дамы, якія рамантаваліся, яшчэ не здадзены падрадчыкамі. Калі нешта не атрымоўваецца ў плане выпраўлення недаробак – неабходна звяртацца ў абласныя структуры, – даручыў старшыня райвыканкама свайму намесніку Юрыю Лук’яненку.

НАСЫЧАНАСЦЬ ТАВАРАМІ магазінаў райспажыўтаварыства нізкая, даведзеныя заданні не выконваюцца. Што робіцца, каб выправіць сітуацыю? Тлумачэнні на гэтае пытанне давала намеснік старшыні Аксана Раманюк. Зараз арганізоўваецца выязны гандаль, робіцца ўсё магчымае, каб забяспечыць гандлёвыя кропкі садавіной і гароднінай.

На апаратнай нарадзе разгледжаны таксама пытанні выканання прагнозных паказчыкаў, якасці рамонту дарог, навядзення парадку на зямлі.

Галіна ШАЎЧЭНКА



Пакінуць адказ