Да юбілею раёна: у складзе Кіеўскай Русі

Главное Грамадства Наша гісторыя

Першага верасня Брагінскі раён сустрэне 95-годдзе. І гэта юбілейная дата – добрая нагода зазірнуць у мінулае, прасачыць за падзеямі, якія некалі адбываліся на нашай зямлі, але мелі далёка не мясцовае значэнне.

Прыгадаем: першае ўпамінанне аб Брагіне ўтрымліваецца ў Іпацьеўскім летапісе і адносіцца да 1147 года. Яно звязана з узмацненнем распаду Кіеўскай Русі на асобныя феадальныя княствы, ростам княскіх міжусобіц. Некаторыя даследчыкі старажытнасці, напэўна, небеспадстаўна лічаць, што адной з прычын варагавання з-за Брагіна з’яўлялася яго важнае стратэгічнае, гаспадарчае і гандлёвае значэнне. А летапісец зазначае, што чарнігаўска-северскія князі ў 1147 годзе сумесна з полаўцамі раптоўна напалі на кіеўскія землі Ізяслава Мсціслававіча, у якія ўваходзіў і Брагін, у адплату за разбурэнне ім некалькіх чарнігаўскіх гарадоў.

Чытаем: “…по тому же времени, како уже рекы сташа, пославше Ольгович и Довыдовича дружину свою с половцы воеваша Брягинь”.

Жорсткая была бітва. Дні і ночы працягвалася спусташэнне. Да самых аблокаў уздымаўся дым пажарышчаў.  Брагін і яго абаронцы былі знішчаны, а ваколіцы – разрабаваны. Частку насельніцтва захопнікі пагналі ў палон. За няпоўнае паўстагоддзе на месцы руін і папялішчаў зноў узняўся Брагін. У другі раз Іпацьеўскі летапіс згадвае пра яго ў 1187 годзе. Запіс зроблены з нагоды таго, што кіеўскі князь Рурык (Раман) Расціслававіч жаніў свайго дзесяцігадовага сына Расціслава на васьмігадовай Верхуславе – дачцэ суздальскага князя Усевалада Юр’евіча, які ўвайшоў у гісторыю пад прозвішчам Усевалад Вялікае Гняздо. Летапісец ярка апісвае сцэну развітання Усевалада з дачкой і вяселле, што адбылося ў Белгарадзе ў Ефрасіннін дзень: “Сотвори же Рюрик Ростиславу велми сильну свадьбу, яка же несть бывала в Руси; и быша на свадьбе князи многы, за 20 князей. Сносе же своей дал многы дары и город Брягинь”.

Пасля згаданых падзей працягваўся часова перапынены працэс раздробленасці старажытнарускай дзяржавы ў выніку міжусобнай барацьбы ўдзельных князёў за кіеўскі трон. Да сярэдзіны XII ст. Кіеўская Русь распалася на некалькі самастойных і паўсамастойных княстваў. Нават пагроза мангола-татарскага нападу, а затым і варожае нашэсце, паражэнне старажытнарускага войска ў бітве з полчышчамі Батыя на рацэ Калцы ў 1223-м не спынілі згубных княскіх міжусобіц. Гэта значна аблегчыла задачу заваёўнікаў па авалоданні Кіевам.

Лёс стольнага горада раздзялілі тады Мазыр, Тураў, Пінск, Брагін і іншыя мясціны беларускага Палесся, заваяваныя мангола-татарамі пад кіраўніцтвам іх ханаў Гаюка і Кайдгана. Пры гэтым Камарыншчына і Брагіншчына разам з суседнімі тэрыторыямі апынуліся пад уладай Залатой Арды ў складзе Кіеўскага княства.

З 1243 года Кіеў (з дазволу мангольскага хана) знаходзіўся пад уладай Уладзімір-Суздальскага князя Яраслава Усеваладавіча, які меў тут свайго намесніка. А з 1249-га па ярлыку Залатой Арды стольным горадам валодаў яго сын Аляксандр Неўскі. Затым у Кіеве княжылі нашчадкі ўладзімірскіх князёў.

Частыя феадальныя войны і барацьба са знешнімі ворагамі вымусілі беларускія і ўкраінскія княствы пайсці ў 1360 годзе на ваенна-эканамічны саюз з даволі моцнай тагачаснай дзяржавай – Вялікім Княствам Літоўскім.

Падрыхтавала Валянціна БЕЛЬЧАНКА

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *