Рэалізаваць сябе ў складзе экалагічных і сельскагаспадарчых атрадаў змогуць больш за 100 падлеткаў і маладых людзей Брагіншчыны

Важное Общество

На календары – пачатак чэрвеня. З чаго пачаліся ў вучняў канікулы? Адны накіраваліся да сваіх бабуль і дзядуль, другія наведваюць прышкольныя лагеры ці плануюць паездку ў санаторый, трэцім не сумна ў кампаніі сяброў… А хтосьці не супраць і папрацаваць.

Сёлета, па словах першага сакратара РК ГА “БРСМ” Юліі Сапегі, рэалізаваць сябе ў складзе экалагічных і сельскагаспадарчых атрадаў змогуць больш за 100 падлеткаў і маладых людзей Брагіншчыны. Пераважная большасць з іх – старшакласнікі. А працоўныя месцы для юнакоў і дзяўчат прадугледжаны ў КЖУП “Брагінскае” і адкрытых акцыянерных таварыствах.

Работа ў вольны ад вучобы час, як сведчыць практыка, становіцца ўсё больш папулярнай. Пацвярджэнне таму – колькасць жадаючых праводзіць канікулы не за камп’ютарам, а з капаніцай, венікам ці рыдлёўкай у руках, з кожным годам узрастае. І прычын, відаць, тут некалькі. Па-першае, прываблівае магчымасць атрымаць заробак і стаць хоць на нейкі час фінансава незалежным ад бацькоў. Па-другое, гэта выдатны спосаб самасцвердзіцца сярод аднагодкаў: сябраваць са шкоднымі звычкамі не модна, а вось зарабіць на ўласныя патрэбы – крута. І, па-трэцяе, такая занятасць дазваляе падлеткам павысіць уласную самаацэнку, адчуць сябе больш самастойнымі, пранікнуцца адказнасцю за вынікі сваёй працы. У рэшце рэшт, зведаць сапраўдны кошт хлеба.

Гімназісткі Аляксандра Цеснавец і Рэгіна Хісамава, напрыклад, аддаюць перавагу працы ў складзе экалагічнага атрада ўжо другі летні сезон. Лічаць, што правесці канікулы з карысцю ды яшчэ атрымаць за гэта фінансавае ўзнагароджанне – прыемны бонус. І без пачуцця сяброўства, калектывізму тут – ніяк.

Працоўны дзень, як і належыць ва ўзросце 14–16 гадоў, доўжыцца ў студатрадаўцаў чатыры гадзіны: з 8.30 да 12.30. Падлеткі, а гэта дзесяць вучняў гімназіі і Брагінскай школы, задзейнічаны ў навядзенні чысціні на нашых вуліцах і ў месцах адпачынку, паліве пасаджаных дрэў і кветак, праполцы клумб, іншых справах па добраўпарадкаванні райцэнтра. Іх працоўныя будні пачаліся з панядзелка і працягнуцца да 28 чэрвеня.

Куды плануюць накіраваць заробленыя грошы? Большасць, як выявілася, на школьныя абноўкі, так што для бацькоў гэта таксама добрае падспор’е – сямейны бюджэт падрасце.

Калектыўная праца аб’ядноўвае, вынік натхняе, даручанае выхоўвае адказнасць. Вось яны, плюсы лета працоўнага.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА
Фота Ірыны СТЫЧЫНСКАЙ



Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *