Малако  гатунку  экстра можна  атрымаць,  калі  паставіць  такую  мэту

Сельское хозяйство

 

Ад чаго залежыць якасць малака, ці правяраецца яно  перад  адпраўкай на малочны завод, мы папрасілі расказаць галоўнага ветэрынарнага ўрача раёна Надзею Шкуратаву.

Па яе словах, усю  сваю прадукцыю гатунку экстра рэалізоўвае толькі адна гаспадарка: ААТ “Чамярыскі”. А яшчэ – працаўнікі фермы з в. Краснае (“Камарынскі”). Вытворчыя падраздзяленні “Пераможніка” і “Імя Жукава” пастаўляюць сыравіну вышэйшага гатунку. ААТ “Брагінка” і “Брагінскі” прадаюць малако ААТ “Мілкавіта” (Хойнікі). А ўсе астатнія гаспадаркі – сумеснаму адкрытаму акцыянернаму таварыству “Белсыр” (Калінкавічы).

Клас экстра па сваіх  характарыстыках адпавядае еўрапейскім патрабаванням па якасці і бяспецы (па колькасці мікраарганізмаў, саматычных клетак, бялку…). Закупачная цана на такую сыравіну значна вышэйшая.

Як растлумачыла Надзея Ільінічна, вытворцы малака дбайна кантралююць паказчыкі чысціні, кіслотнасці, бактэрыяльнай абсемянёнасці, тлустасці. На жаль, усе іх намаганні могуць быць зведзены да нуля, калі ў малацэ будзе перавышаны дапушчальны  ўзровень саматычных клетак. Нармальнае фонавае ўтрыманне вагаецца ад 100 да 500 тысяч саматычных клетак у 1 см3 малака: да 300 тысяч – прымаецца гатункам экстра, да 400 – вышэйшым, звыш 400 тысяч – першым.

У дойных кароў у малацэ заўсёды ўтрымліваюцца саматычныя клеткі. Як толькі жывёла захварэла, колькасць  лейкацытаў рэзка ўзрастае, бо яны імкнуцца да ачага запалення. Адпаведна, павялічваецца агульнае ўтрыманне саматычных клетак.

Ветэрынарная служба распрацавала схемы лячэння хворых на мастыты кароў, якія прадугледжваюць прымяненне пэўнага антыбіётыка. Перад гэтым спецыялісты выязджаюць на фермы, каб вызначыць, які прэпарат неабходна выдаваць дойнаму статку.

Лабараторыя ветстанцыі  забяспечана прыборамі для даследавання малака перад адпраўкай на перапрацоўку. Па адной такой лабараторыі абсталявалі ў кожнай гаспадарцы, хацелася б, каб яны працавалі. Там ёсць арыёметры, рэактывы, прыборы  для вызначэння якасці малака, яго чысціні, міні-аналізатары. Тэсты на антыбіётыкі сёння – не праблема. Штомесячна  правяраецца на захворванне мастытам пагалоўе на ўсіх фермах раёна.

Але ж якія б сучасныя прэпараты і прыборы ні прымяняліся, без чысціні і парадку ў памяшканнях якасную прадукцыю не атрымаеш. Сумесна са спецыялістамі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Надзея Шкуратава і яе падначаленыя кантралююць, ці ёсць на фермах неабходныя мыючыя сродкі. Захворванне на мастыты цесна звязана з якасцю кармлення.  Калі абагуліць сказанае, атрымаецца, што малако гатунку экстра атрымаць хаця і няпроста, але можна, калі ў гэтым будуць зацікаўлены ўсе: жывёлаводы,  механізатары, спецыялісты і караўніцтва сельгаспрадпрыемства.

Думаю, усе ведаюць, што ад гэтага залежыць рост доходаў, дасягненне рэнтабельнасці. На кожнай МТФ патрэбна задзейнічаць і пастаянна праводзіць комплекс арганізацыйных, тэхналагічных, санітарных, лячэбных і  прафілактычных  мерапрыемстваў, якія б забяспечвалі падтрымку здароўя кароў і іх ахову ад інфекцый.

Падрыхтавала Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *