На  вадаём – толькі   з  дарослымі

Важное Грамадства

Наступае доўгачаканы купальны сезон, і жыхары раёна ўсё часцей накіроўваюцца да рэк і азёр, каб атрымаць  задавальненне ад свежага паветра і сонца. Разам з тым вада рэгулярна адбірае жыцці лю-дзей, таму ў гэтыя дні пракуратура вывучае ўмовы бяспекі ў такіх месцах адпачынку. Асноўная ўвага надаецца  прафілактыцы няшчасных выпадкаў сярод непаўналетніх. Аб найбольш распаўсюджаных парушэннях расказвае намеснік пракурора Брагінскага раёна Аляксей Мельнікаў.

 

Па словах Аляксея Васілье-віча, бацькі павінны катэгарычна забараніць непаўналетнім не толькі купацца, але і знаходзіцца недалёка ад вадаёма без дарослых, бо першая прычына, з-за якой можа здарыцца бяда, – дзіцячае свавольства. Апынуўшыся ў вадзе, хлопчыкі і дзяўчынкі звычайна вядуць сябе вельмі шумна,  устройваюць разнастайныя гульні, падчас якіх ныраюць ці пачынаюць  адзін аднаго “тапіць”.  Падобныя забавы патрэбна неадкладна спыняць. Да таго ж дзеці не змогуць адэкватна ацаніць экстрэмальную сітуацыю, таму за імі абавязаны быць строгі кантроль. На жаль, некаторыя бестурботныя бацькі, хоць і знаходзяцца побач, могуць заняцца больш “неадкладнымі справамі”: гутарыць з сяброўкамі, распіваць спіртныя напоі або загараць, прыкрыўшы твар капелюшом. Так быць не павінна.

Другая прычына, чаму нельга адпускаць дзяцей адных купацца, – мы не ведаем дакладна, як яны павядуць сябе падчас стрэсу. Нехта застанецца і паспрабуе аказаць пацярпеламу дапамогу, а нехта можа проста пакінуць месца здарэння. Аляксей Васільевіч прыводзіць прыклад са Жлобінскага раёна. Трое сяброў вырашылі  папрактыкавацца ў акрабатычных труках на апоры лініі электраперадач, але іх небяспечная гульня закончыліся трагедыяй. І калі адзін з падлеткаў атрымаў разрад токам і загінуў, двое другіх уцяклі і нават нікому не паведамілі аб здарэнні. Падобная ж сітуацыя можа адбыцца і на вадаёме.  Добра, калі дзіця пачне клікаць на дапамогу і дарослыя падаспеюць своечасова.  Але калі яно спужаецца ці разгубіцца? А можа і само кінуцца ў ваду ратаваць, не справіцца і таксама загіне.

Намеснік пракурора звяртае ўвагу яшчэ і на такую акалічнасць: перш чым накіроўвацца на дапамогу чалавеку, які тоне, неабходна не толькі быць упэўненым у сваіх сілах, але і ведаць адпаведныя правілы. І адно з іх – пазбягаць цеснага кантакту з тапельцам, бо той у паніцы можа пацягнуць на дно і вас. Тут варта ўспомніць правілы выратавання на лёдзе і кінуць пацярпеламу прадмет, за які можна ўчапіцца, – палку ці галіну і так выцягнуць яго на мелкаводдзе.

Аляксей Мельнікаў просіць памятаць і аб перападах тэмператур. Нават калі паветра прагрэлася да  +30, вада можа заставацца халоднай (напрыклад, з-за крыніцы). Пры рэзкім ныранні ў чалавека можа не вытрымаць сэрца. Таму лепш у ваду заходзіць павольна, каб арганізм прывык да розніцы тэмператур.

Дарэчы, аматараў нырнуць з абрывістага берага ў раку можа чакаць яшчэ адна небяспека – бервяно, якое плыве па цячэнні. Увабраўшы ў сябе ваду, яно можа знаходзіцца на любой глыбіні. І якраз у той момант, калі вы вырашылі зрабіць прыгожы трук, па законе подласці кавалак дрэва будзе праплываць міма.  Звычайна, сутыкнуўшыся з ім, чалавек атрымлівае траўму пазваночніка і застаецца інвалідам на ўсё жыццё.

Аляксей Васільевіч таксама ўпэўнены, што многіх трагедый на вадзе можна было б пазбегнуць, калі б не алкаголь. П’янаму, як вядома, мора па калена. Пад уздзеяннем спіртных напояў чалавек адчувае сябе героем і лічыць, што зможа пераплысці раку ці возера літаральна ўздоўж і папярок. І гэтая сумная праўда толькі дадае працы выратавальнікам. Страціўшы асцярожнасць, людзі ныраюць, не ведаючы асаблівасцяў вадаёма, адплываюць далёка ад берага, а, знаходзячыся ў лодцы, не выконваюць нормы яе грузападымальнасці, разгойдваюць. Дарэчы, бяспека на плавальных сродках – гэта не толькі адсутнасць алкаголю, але і наяўнаць выратавальных камізэлек.

– Прычым яны павінны бы-ць абавязкова на адпачывальніку, нягледзячы на тое, рухаецца лодка ці стаіць на якары, – лічыць намеснік пракурора. – Чалавек можа падчас спёкі страціць прытомнасць, лодка можа перакуліцца ці лопнуць. І толькі выратавальная камізэлька гарантуе, што вы  не патонеце.  На жаль,  гэтым правілам грэбуюць многія рыбакі і, здымаючы камізэльку, часцей думаюць аб штрафах, якія ім прыйдзецца заплаціць пры сустрэчы з інспектарам, чым аб бяспецы на вадзе.

Такім чынам, падсумуем. Выбі-раць месца для адпачынку патрэбна старанна і адказна, з чыстым дном і без высокіх берагоў. Нагадаем, што ў Брагінскім раёне дазволена купацца толькі на пляжы ў Камарыне, які падрыхтаваны па ўсіх правілах, побач дзяжураць выратавальнікі. У гэты час лепш адмовіцца ад спіртных напояў. І  самае галоўнае, аб чым неабходна памятаць бацькам, – дзеці не павінны знаходзіцца каля вады без нагляду дарослых.

Дарэчы, за купанне ў забароненых месцах прадугледжаны штраф ад адной да трох базавых велічынь (арт. 23.63 КаАП).

Вольга ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *