Крысціна Сідарок: родны Брагін на іншы горад ні за што на свеце не прамяняю

Нашы праекты: імёны малой радзімы

З Крысцінай Сідарок, будучай настаўніцай пачатковых класаў, я пазнаёміўся тады, калі яна пачала вучыцца на 2-м курсе Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І. П. Шамякіна. У групе, у якой яна вучыцца, я выкладаў «Выразнае чытанне». Крысціну нельга было не заўважыць. Яна вылучалася сціплым светлым позіркам, уменнем сваім прыгожым голасам дакладна перадаць сэнс твора пры чытанні, зацікаўленасцю да навукі.

Сёння Крысціна – студэнтка 3-га курса факультэта дашкольнай і пачатковай адукацыі. Чарговую экзаменацыйную сесію яна здала на выдатныя адзнакі. І гэта дало магчымасць ёй атрымліваць павышаную стыпендыю.

Нядаўна Крысціна праводзіла свае першыя самастойныя ўрокі ў школе. Вядома ж, як і кожны, хто робіць у якой-небудзь справе першыя крокі, хвалявалася.

Шмат часу аддавала складанню планаў-канспектаў з падрабязнай распрацоўкай мэты і задач урока, яго зместу і метадычных прыёмаў, падбору нагляднага матэрыялу. Як метадысту, мне давялося прысутнічаць на многіх уроках, якія праводзіла Крысціна. Яны пакінулі ў мяне самае прыемнае ўражанне. Вытокі гэтай паспяховасці, відаць, трэба шукаць у дзяцінстве Крысціны.

«У дзяцінстве, – расказвае яна, – я часта гуляла ў школу і любіла выконваць ролю настаўніцы. Сваіх маленькіх вучняў забяспечвала старымі школьнымі бацькоўскімі падручнікамі. Цішком ад мамы малявала крэйдай на шафах, расказваючы дзецям новы матэрыял па прадмеце «Чалавек і свет», па беларускай і рускай мовах.

Вельмі падабалася правяраць сшыткі і выстаўляць адзнакі. Я адчувала, што гэта маё».

Дзеці на ўроках не зводзілі з Крысціны вачэй, наперабой цягнулі рукі, каб адказаць на яе пытанне, з задавальненнем выконвалі заданні.

Намеснік дырэктара школы па навучальнай працы, у якой праходзіла педагагічную практыку Крысціна, выказала думку, каб пасля заканчэння ўніверсітэта запрасіць Крысціну на працу ў школу. Але Крысціна цвёрда заявіла, што свой родны Брагін на іншы горад ні за што на свеце не прамяняе.

Вынік педпрактыкі – усе ўрокі, пазакласнае мерапрыемства, заданне па педагогіцы і псіхалогіі ацэнены дзясяткамі!
«Студэнтка, – напісала ў справаздачы пра Крысціну настаўніца СШ № 9 г. Мазыра Таццяна Крукоўская, – паказала добры ўзровень ведаў па прадметах і высокі ўзровень метадычнай падрыхтоўкі. Да ўрокаў падыходзіла творча і кожны новы ўрок старалася правесці так, каб ён быў не падобны на папярэдні.

На ўроках паводзіла сябе ўпэўнена, добра ведала змест вучэбнага матэрыялу, старалася ўцягнуць у адукацыйны працэс усіх вучняў класа. Студэнтка з першага ўрока выклікала прыхільнасць да сябе дзяцей, і нават самыя малаактыўныя вучні з вялікай цікавасцю працавалі на ўроках. Каб зацікавіць дзяцей, яна рыхтавала розныя тэматычныя карткі, раздатачны матэрыял, гульні, фізкультмінуткі. Творчы падыход выявіўся і пры правядзенні пазакласнага мерапрыемства… Студэнтка паказала добрае веданне дзіцячай псіхалогіі…»

«Ад педагагічнай практыкі, – дзеліцца ўражаннямі Крысціна, – я атрымала многа яркіх уражанняў. Кожны дзень не быў падобны на папярэдні. З вялікай цікавасцю назірала за дзейнасцю настаўніцы, пераймала яе вопыт, ідэі, метады і прыёмы працы. Безумоўна, гэта вялікі рывок для мяне і маёй рэалізацыі ў будучым у якасці настаўніка. Працуючы ў школе з дзецьмі, яшчэ больш зразумела, якая гэта пачэсная і цудоўная прафесія – настаўнік.

Я добра разумела: каб ажыццявіць сваю мару, трэба прыкласці шмат намаганняў. Я была гатова да новых адкрыццяў і пазнання, мне заўсёды па душы былі зносіны з дзецьмі. Дакладна разумела: не змагу працаваць юрыстам, бухгалтарам, прадаўцом і т.д. Я выбрала прафесію настаўніка пачатковых класаў, таму што мне падабаецца працаваць з дзецьмі, пастаянна ўдасканальваць свае веды, развівацца. Гэта вялікая магчымасць рэалізаваць сябе творча.

Калі маеш зносіны з дзецьмі, ты таксама ў іх вучышся. Усе дзеці розныя, ва ўсіх свае звычкі, інтарэсы, і калі да цябе звяртаецца дзіця за дапамогай, ты разумееш, што ты ім патрэбен. Трэба знайсці ключык да сэрца кожнага. Я гатова зрабіць гэта, узяўшы на сябе такую вялікую адказнасць».

Паралельна з вучобай Крысціна займаецца навуковай працай. На яе рахунку – ужо два навуковыя артыкулы па праблемах выкладання рускай мовы ў пачатковых класах.

Хутка пачнецца чарговая экзаменацыйная сесія – чацвёртая ў студэнцкім жыцці Крысціны. Спакойна і ўпэўнена Крысціна рыхтуецца да іспытаў і, верыцца, што яна зноў пацвердзіць свае высокія адзнакі.

Аляксей Солахаў,
кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры педагогікі і методык дашкольнай і пачатковай адукацыі Мазырскага
дзяржпедуніверсітэта імя І. П. Шамякіна



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *