28 ліпеня – Дзень работнікаў гандлю

Грамадства

Практычна кожны дзень мы робім тыя ці іншыя пакупкі: у магазінах, салонах, праз інтэрнэт. Гэты працэс з’яўляецца неад’емнай часткай такой гаспадарчай дзейнасці, як гандаль. І тыя, хто да яго мае дачыненне, у апошнюю нядзелю ліпеня адзначаюць сваё прафесійнае свята.

Сваю гісторыю гэтая дата вядзе з часоў СССР, калі ў адзін дзень ушаноўваліся супрацоўнікі гандлю, бытавога абслугоўвання насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі. І толькі ў 1998 годзе, дзякуючы адпаведнаму ўказу Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі, яна была замацавана ў календары прафесійных дат Беларусі афіцыйна і стала самастойным святам для асоб, занятых у гандлёвай сферы.

Напярэдадні Дня работнікаў гандлю пра тонкасці прафесіі і сакрэты поспеху мы пагутарылі з дырэктарам ПГУП “Лалід” Леанідам Сцепанюком. Яшчэ адна прыемная нагода для сустрэчы – 1 жніўня прыватнае гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства адзначыць 12-годдзе з дня заснавання.

Па словах Леаніда Канстанцінавіча, поспех у любой справе залежыць ад адказных, працавітых і мэтанакіраваных людзей. І ў “Лалід” склалася метавіта такая згуртаваная каманда, у якую ўваходзяць і правераныя часам пастаўшчыкі, і прадаўцы, і, вядома ж, пакупнікі, які застаюцца вернымі гэтай гандлёвай кропцы, нягледзячы на тое, што побач знаходзіцца шмат іншых.

У магазін “пад сінім дахам” брагінчане і госці райцэнтра ідуць з упэўненасцю, што тут ім заўсёды прапануюць свежыя прадукты па ўмеранай цане. Вопытныя прадаўцы ўжо добра вывучылі густы і перавагі многіх сваіх пастаянных кліентаў і нават заяўкі пастаўшчыкам робяць з улікам іх пажаданняў. Дарэчы, гандлёвая кропка прапаноўвае больш за 7000 найменаванняў тавараў.

Анжэла Карсак і Святлана Новік

Вось чаго ніколі не пабачаць пакупнікі на паліцах магазінаў “Лалід”, дык гэта прадуктаў з тэрмінам прыдатнасці, які падыходзіць да заканчэння. Тут, па словах дырэктара, працуе сістэма зніжак. Калі, напрыклад, нейкі сорт рыбы не раскупілі за палову тэрміну, кошт на яе можа быць паменшаны на 50 і больш працэнтаў.

Між тым Леанід Канстанцінавіч лічыць, што пакупніка прыцягваць патрэбна не толькі якасным таварам і нізкімі цэнамі, але і добразычлівым мікракліматам у калектыве.

– У сваю работу патрэбна ўкладваць душу. У памяшканнях магазіна, вакол яго, на паліцах неабходна заўсёды падтрымліваць парадак і чысціню і, вядома ж, з усмешкай сустракаць кожнага наведвальніка, – адказвае кіраўнік на пытанне, што галоўнае ў працы работнікаў гандлю.

Вераніка Уласенка

А асноўнымі якасцямі прадаўцоў ён лічыць сумленнасць, адказнасць і ўменне наладжваць адносіны з людзьмі. Менавіта з такіх асоб і складаецца невялікі калектыў ПГУП “Лалід”. З моманту заснавання прадпрыемства тут працуюць Таццяна Раманюк, Таццяна Жураўская і Любоў Кліменка – ёсць на каго раўняцца моладзі. Да таго ж заробак работнікаў залежыць ад таго, як спрацуе змена, таму кожны зацікаўлены ў хуткім тавараабароце. У чэрвені сярэдні заробак па прадпрыемстве склаў 988 рублёў.

Алеся Коцур

Нягледзячы на сур’ёзную канкурэнцыю, ПГУП “Лалід” толькі павышае свой аўтарытэт. Да прадстаўнікоў іншых гандлёвых сетак тут таксама ставяцца паважліва, вывучаюць іх вопыт. Рэаліі жыцця дыктуюць неабходнасць ісці ў нагу з часам, абсталёўваць прадпрыемства сучаснай тэхнікай, адпавядаць высокім стандартам рынку. І адно з новаўвядзенняў – магазін перайшоў на работу са штрыхкадзіраваннем, што паскорыла працэс разлікаў з пакупнікамі.

Віншуем усіх работнікаў гандлю з надыходзячым святам! Няхай паміж імі і пакупнікамі заўсёды пануюць разуменне і добразычлівасць.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *