Цёплае надвор’е з дажджамі чакаецца ў Беларусі ў трэцяй дэкадзе ліпеня

Грамадства

Цёплае надвор’е з кароткачасовымі дажджамі чакаецца ў Беларусі ў трэцяй дэкадзе ліпеня. Аб гэтым паведаміў начальнік службы метэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Аляксандр Бяганскі.

«У трэцяй дэкадзе ліпеня прагназуецца павышэнне тэмпературы паветра. У бліжэйшыя выхадныя, 20 і 21 ліпеня, тэмпература паветра ў большасці раёнаў чакаецца ў межах ад 22 да 29 градусаў цяпла, ападкаў будзе няшмат. Але ў пачатку наступнага тыдня прагназуюцца дажджы, звязаныя з атмасфернымі франтамі, якія будуць перамяшчацца да нас з тэрыторыі Польшчы. Тэмпературны фон будзе блізкі да кліматычнай нормы. Да канца ліпеня ў начны час будзе ў сярэднім ад 10 да 17 градусаў вышэй за нуль, удзень — ад 21 да 28 градусаў, у паўднёва-заходніх раёнах слупок тэрмометра ў асобныя дні можа набліжацца да плюс 30. Перыядычна будуць ісці кароткачасовыя навальнічныя дажджы», — сказаў Аляксандр Бяганскі.

Па кліматычных характарыстыках ліпень — самы цёплы і вільготны месяц.

«Пакуль апраўдваецца толькі другі пункт. Улічваючы, што першыя шэсць месяцаў былі цёплымі, ліпень стаіць асабна. У першай палавіне ліпеня тэмпературны фон быў ніжэйшы за за кліматычную норму на 2,6 градуса. Большасць дзён у ліпені былі даволі прахалоднай, некаторыя дні можна назваць нават халоднымі. Выключэннем было толькі 1 ліпеня: адзначалася гарачае надвор’е, на многіх метэастанцыях у дзённы час тэмпература дасягнула плюс 35 градусаў і вышэй, а ў Брагіне слупок тэрмометра падняўся да плюс 36,4 градуса. Потым усталяваліся паўночна-заходнія паветраныя патокі, якія абумовілі халоднае надвор’е з дажджамі. За першую палавіну ліпеня колькасць ападкаў была блізкай да кліматычнай нормы, яны былі частымі і адзначаліся ва ўсёй краіне», — адзначыў прадстаўнік Белгідрамета.

БелТА

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *