Да юбілею раёна: сялянскія хваляванні: са зброяй у руках

Наша гісторыя

Уся другая палова XVII ст. з’явілася адным з найбольш цяжкіх перыядаў у гісторыі нашага краю. У выніку частых войнаў і сялянскіх паўстанняў былі спустошаны многія гарады і мястэчкі, у т. л. Брагін. Пасля другога моцнага разбурэння войскамі Рэчы Паспалітай, калі горад быў поўнасцю спален, а матэрыяльныя і культурныя каштоўнасці зрабаваны і вывезены, ён перастаў выконваць ролю апорнага абарончага пункта на ўкраінска-расійскай мяжы і ператварыўся ў маёнткавую сядзібу яго ўладароў. Паступова Брагін страціў і значэнне даволі важнага раней звяна на гандлёвым шляху па Дняпры, а таксама па сушы – праз Мазыр, Хойнікі і далей на Лоеў, Любеч.

Адначасова з узмацненнем нацыянальнага і рэлігійнага прыгнёту пагоршыліся ўмовы для развіцця культуры карэннага насельніцтва. Беларуская мова ў дзяржаўных сферах яе ўжывання замянялася польскай. Закрываліся і без таго нешматлікія школы, знішчаліся кнігі, складзеныя па-беларуску. Асвета станавілася манаполіяй каталіцкай і ўніяцкай цэркваў.

У гэты ж перыяд Брагін і навакольныя мясцовасці перайшлі ад Вішнявецкіх ва ўласнасць буйнейшых па тым часе польскіх магнатаў Канецпольскіх. Так, у 1687 г. ён належаў ваяводзічу бэлзскаму – Яну Канецпольскаму. У склад Брагінскага маёнтка (ключа) уваходзілі тады, як сведчаць архіўныя даныя, 22 населеныя пункты: Бабчын, Спарыж (Спярыжжа), Нудзічы, Дублін, Галкі, Сувіды, Мікулічы, Веляцін, Гамолічы, Сялец, Малыйкі (Малейкі), Катловіца, Скураты, Мокіш, Еўлашы, Глухавічы, Губарэвічы, Сцежарна, Хатуча, Юркавічы, Юлча (Іёлча), Ліствін, а таксама чатыры хутары: Маскі, Ільічы, Буркі, Крыўча, Дамброўскі, Варацец, Каноны, Чэхі, Забалацце, Ясяноў (Ясяні), Звінярскае, Бандары.

Напрыканцы XVII ст. у Брагінскую воласць уваходзіла і мястэчка Хойнікі з яго ваколіцамі.

Дарэчы:

Да пачатку XVIII ст. адносіцца цікавы гістарычны факт: у апошнія дні чэрвеня 1706 г. у нашых мясцінах пабываў расійскі цар Пётр I. З невялікай флатыліяй рачных суднаў ён праследаваў па Дняпры ў Кіеў. У народзе бытуе легенда пра тое, нібыта ў гонар той падзеі на паштовым тракце Брагін – Лоеў быў пабудаваны памятны “царскі” (Пятроў) домік, а неўзабаве каля яго заснавана вёска, якая атрымала назву Петрыцкае.

На пачатку XVIII ст. Брагін зноў перайшоў да новых уладальнікаў. У 1715 – 1721 гг. мястэчка і частка воласці належалі падкаморыю дзерпцкаму Аляксандру Бандзінелі, другая палова воласці з рэзідэнцыяй у Губарэвічах – мазырскаму маршалку Антонію Аскерку, а потым – Сігізмунду Шукту. Гэтыя ўладальнікі часта варагавалі паміж сабой.

У Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве ў Мінску захоўваецца інвентарны вопіс маёнтка Хойнікі ад 20 сакавіка 1721 г., паводле якога да маёнтка адносіўся фальварак Астрагляды разам з вёскамі Астрагляды, Вязок, Плоскае, Варацец.

Сярэдзіна XVIII ст. была адзначана шырокім размахам сялянскага руху на мазырскім Палессі. Са зброяй у руках выступалі прыгонныя людзі ў вёсках каля Брагіна, Лоева, Нароўлі і ў іншых месцах. Гэтыя разрозненыя сялянскія хваляванні, вядома, не маглі змяніць цяжкага становішча збяднелага і бяспраўнага люду, але ўсё ж вымушалі мясцовых памешчыкаў хоць у нейкай меры лічыцца з настроямі прыгонных.

У другой палове XVIII ст. Брагін са значнай часткай воласці і вёска Мікулічы набылі ці атрымалі ў спадчыну графы Людвіг Міхайлавіч і Алозій (Алоіз) Міхайлавіч Ракіцкія. Яшчэ да пачатку іх уладарання тут (50-я гг. XVII ст.) брагінскі маёнтак быў даволі буйны. Па даных “Словаря географического Королевства Польского” ў яго ўваходзілі 37 вёсак з 3319 душамі прыгонных мужчынскага полу.

Аб тым, што ва ўладаннях Ракіцкіх не абыходзілася без сялянскіх бунтаў, сведчыць пісьмо ротмістра графа Ракіцкага да рускіх уладаў у Кіеве і пісьмо кіеўскага генерал-губернатара на адрас Генеральнай вайсковай канцылярыі ад 14 мая 1751 г. аб прыняцці сілавых захадаў супраць нападаў сялян на ўладанні шляхты ў раёне Брагіна. У ім генерал-губернатар, паведамляючы аб удзеле ў гэтых хваляваннях сялян памежных раёнаў Украіны, патрабаваў “…всепрележнейшей таковых вновь появившихся злодеев-разбойников поимки… и искоренения”.

Падрыхтавала Валянціна БЕЛЬЧАНКА   



6 комментариев по теме “Да юбілею раёна: сялянскія хваляванні: са зброяй у руках

  1. І ў 1751 г. Ракіцкія «графамі» яшчэ не падпісваліся. Гэта пачалося пазней, пасля набыцця ў 1754 г. «Брагінскага графства» – спадчыны дачкі і ўнучкі князя Міхала Сервацыя Вішнявецкага (†1744) Эльжбеты (Вішнявецкай) Замойскай і Катарыны (Замойскай) Мнішкавай.
    Апошняе. На будучыню…

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  2. Аб тым, што ва ўладаннях Ракіцкіх не абыходзілася без сялянскіх бунтаў…

    Тут размова вядзецца не пра бунты мясцовых сялян, а пра рабункі і гвалт, учыненыя гайдамакамі

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  3. І пра што той верхні каментарый без папярэдняга?
    Наконт адсвяткаванага летась 950-годдзя. Гэта памылковая (ажно на два гады!) звестка, узятая з сайта райвыканкама?
    Даруйце, шаноўныя, але ці ёсць гісторыкі ў Брагінскім раёне?!.. Не турбуйцеся, пісаць больш не буду.
    І раней бы не пісаў, але не ведаў, што ўсё «так запущено».

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  4. Значна важнейшы для жыхароў Брагіншчыны той каментар, у якім гаворыцца, што 95-годдзе з часу ўтварэння раёна (8 снежня 1926 года) прыпадае на канец 2021-га. Але ён якраз і не пададзены.

    Пра руіну ў двары Гарадзішча (п. Тэльман) як рэшткі мураванага палаца Ракіцкіх XIX ст. (аніяк не Вішнявецкіх!) інфармацыя таксама нібы пад грыф «Сакрэтна» трапіла…

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  5. Крыху ўпусціў. Яшчэ 20 кастрычніка 1750 года гайдамацкі ватажка Іван Падаляка сведчыў: «…ідучы да Брагіня каля млыноў, што завуцца Гарадзішчам, здыбалі аднаго чалавека, з імя і прозвішча невядомага, які таксама ўзяўся дабраахвотна праводзіць, і пайшлі да Брагіня…»

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  6. Вітаю!
    У артыкуле сказана: «Напрыканцы XVII ст. у Брагінскую воласць уваходзіла і мястэчка Хойнікі з яго ваколіцамі».
    Але ні адна крыніца пра тое не сведчыць.
    Хойнікі (Хвойнікі) з Астраглядамі (Астраглядавічамі) яшчэ ў 1504 годзе былі выдзелены з Брагінскай воласці каралём і вялікім князем Аляксандрам і аддадзены за вайсковыя заслугі на вечныя часы пану Сямёну Фёдаравічу Палазовічу (Аrchiwum Główny Akt Dawnych w Warszawie . Аrchiwum Рrozorów і Jelskich. Sign. 1. S. 3, 4, 200).
    Абпаведныя звесткі ўжо даступныя на беларускамоўных старонках Хойнікі і Хвойнікі Вікіпедыі.
    З павагай

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *