Да юбілею раёна: у складзе Рэчы Паспалітай

Наша гісторыя


З мэтай больш паспяховага процістаяння з Расіяй Вялікае Княства Літоўскае ў 1569 годзе падпісала Люблінскую унію з Польшчай аб стварэнні федэратыўнай дзяржавы – Рэчы Паспалітай. Пасля Лівонскай вайны (1558–1583) асобныя падняпроўскія землі перайшлі ва ўласнасць польска-літоўскіх феадалаў і каталіцкай царквы. У выніку мясцовае насельніцтва апынулася пад цяжкім трайным прыгнётам. Дзеля акаталічвання праваслаўных беларусаў ва ўладаннях паспалітага панства абнаўляліся існуючыя і ўзводзіліся новыя, пераважна драўляныя касцёлы.

Так, у Астраглядах быў абноўлены пабудаваны ў 1526 годзе памешчыкам Харлінскім драўляны касцёл. Затым з’явіліся асобныя каталіцкія культавыя будынкі ў некаторых іншых месцах Брагіншчыны, уладальнікамі якіх з’яўляліся польскія феадалы. Аднак многія землі на поўдні Беларусі заставаліся ўласнасцю ўплывовых уладальнікаў суседняй Украіны. Напрыклад, у 1570–1580 гг. некаторыя абшары ўздоўж Прыпяці, у т. л. вёскі Баршчоўка, Масаны на Камарыншчыне, належалі кіеўскаму Міхайлаўскаму Залатаверхаму манастыру.

У 1574 г. Брагін з валасцямі і замкам быў падараваны каралём ва ўласнасць буйнейшым польскім магнатам Аляксандру і Міхаілу Вішнявецкім.

Напрыканцы XVI ст. гаспадаром брагінскага палаца быў Адам Вішнявецкі – спадчыннік украінскага і польскага магната Міхаіла Вішнявецкага. Амаль рускі па паходжанні, але падданы караля польскага, выхаванец віленскіх іезуітаў, аднак дбайны сын праваслаўнай царквы і чалавек набожны, Адам Вішнявецкі ўсё ж не быў прыхільнікам масквіцян.

Аб памерах тагачасных землеўладанняў Вішнявецкіх сведчыць пералік тытулаў князя Міхаіла з яго універсалу ад 17 чэрвеня 1737 г.: “Михаил Серванций Корибут Вишневецкий, князь Збаража и Вишневца, граф Дольска, Домбровицы, Брагина и Комарна, воевода виленский, юхольский, кирсненский, симиенский и метельский и т. д.”.

Аб тым, што атмасфера ў раёне межавання земляў Вішнявецкіх і Расійскай дзяржавы была далёкай ад добрасуседскай, сведчыць, у прыватнасці, дэпеша кіеўскага генерал-губернатара Генеральнай вайсковай канцылярыі ад 14 мая 1751 г. аб прыняцці мер супраць нападаў на ўладанні шляхты ў раёне Брагіна, Бабічаў і Багуслава. У ёй чытаем: “Сего дня 12 числа каковы присланы ко мне из разных мест с жалобами на российских подданых польские письма, а именно: 1) из Брагина от ротмистра Рокицкого… которые по переводе явились, что показанные в тех письмах многие предерзости и грабежи не от запорожских казаков, но от пограничных малороссиян”.

Пачуццё панскай ганарлівасці і ўладарнасці праяўлялася ў князёў Вішнявецкіх не толькі ў тытулах, але і ў раскошных жытлах. У Брагіне, на месцы старога гарадзішча, дзе цяпер знаходзіцца плошча, узвышаліся палац і іншыя пабудовы князя Адама Вішнявецкага. Гэта быў, як сведчыць адна з энцыклапедый,  “…комплекс драўляных умацаванняў сярэдневяковага замка XVXVII стст. Размяшчаўся на месцы дзядзінца старажытнага Брагіна. Пляцоўка памерам 90х70 м, умацавана валам вышынёй 5–6 м. Паводле інвентара 1574 г., на вале былі сцены-гародні з усходамі на бланкаванне, абарончая вежа з боку Брагінкі, 2-ярусная драўляная вежа-брама з вялікай святліцай наверсе. Злева ад уваходу ў лініі гародняў стаяла драўляная царква св. Тройцы “за всем нарядом, розным церковным золотом и серебром и книгами”. На падворку былі падклецці, спіжарні, пограб і “светлицы в стене. Да замкавай брамы вёў мост на палях, апошняе звяно якога было “ўзводам”, г. зн. падымалася да брамы на ланцугах”.

Новы двор князя Вішнявецкага размяшчаўся ў маляўнічай мясціне каля Брагінкі, у вёсцы Гарадзішча. Мяркуюць, што замак тут быў пабудаваны ў стылі барока, прыкметы якога меў і суседні парк.

Падрыхтавала Валянціна БЕЛЬЧАНКА    



2 комментария по теме “Да юбілею раёна: у складзе Рэчы Паспалітай

  1. У 1526 г. у нашым рэгіёне касцёлаў яшчэ не было, як не валодалі ў той час Астраглядавічамі паны Харлінскія. Тут сутыкаемся з памылкай, запазычанай з брагінскай кнігі «Памяць». А найранейшая згадка пра касцёл у Астраглядах, фундацыі паноў Харлінскіх, ёсць на 1622 год (Аrchiwum Główny Akt Dawnych. Аrchiwum Рrozorów і Jelskich. Sign. 1. S. 51).

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  2. 1. Брагінскі раён утвораны адначасова з суседнімі Лоеўскім, Рэчыцкім і Хойніцкім, г. зн. 8 снежня 1926 года, што зазначана ва ўсіх новых даведніках. Адпаведна 95-годдзе падзеі можна будзе адзначыць у 2021-м. У Беларускай савецкай энцыклапедыі інфармацыя памылковая, як даўно заўважана.
    Не будзем спяшацца…

    2. У Гарадзішчы існаваў мураваны палац паноў Ракіцкіх, пра што Аляксандр Ельскі паведаміў свету яшчэ ў 1882 годзе (Słownik geograficzny Krółewstwa Polskiego і innych krajów słowiańskich. – Warszawa, 1882. Т. III. S. 143). Збудаваны не раней XIX ст. Менавіта яго рэшткі мы і бачым сёння. Пра самое Гарадзішча ў пісьмовых крыніцах звестак раней за 1754 год адшукаць пакуль не ўдалося. Тады тут было ўсяго 2 двары (×6 – каля 12 жыхароў).

    Замак і пазнейшы двор князёў Вішнявецкіх былі драўляныя і месціліся ў самым Брагіне. Урывак з дакумента 1574 г., змешчаны ў артыкуле, апісвае замак, падзелены князямі-братамі Аляксандрам Аляксандравічам (бацькам князя Адама) і Міхаілам Аляксандравічам Вішнявецкімі. Замкавая вежа князя Аляксандра «паглядала» на Мікулічы, а вежа князя Міхаіла – на Глухавічы.
    Трымаемся крыніцаў…

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *