Да юбілею раёна: у складзе Вялікага Княства Літоўскага

Год малой родины Наша гісторыя

У сярэдзіне XII – XIV стст. усе землі Беларусі паступова ўвайшлі ў склад Вялікага Княства Літоўскага, даволі моцнай на той момант дзяржавы. Так мясцовыя феадалы імкнуліся забяспечыць абарону сваіх уладанняў ад знешніх і ўнутраных замахаў, стварыць больш спрыяльныя ўмовы для развіцця іх гаспадаркі, гандлю і інш.

Пасля заключэння Крэўскай дынастычнай уніі (1385) паміж Літвой і Польшчай на тэрыторыю Беларусі і Украіны пачалі пранікаць польскія феадалы, а з імі – і каталіцтва. Узмацніўся прыгнёт народа.

У 1500 г. Брагінская воласць побач з іншымі падняпроўскімі мясцовасцямі ўзгадваецца ва Устаўной грамаце польскага караля і вялікага князя літоўскага Сігізмунда I Старога, да-дзенай намеснікам і іншым кіраўнікам каралеўскіх уладанняў аб віннасцях і памерах пабораў, што падлягалі спагнанню. Гэты дакумент прадпісваў брагінчанам і жыхарам іншых гарадоў Падняпроўя поўны збор нядоімкі, “абы ни один грош дани нашое у вас не остал”. Відаць, што побач з данінай у выглядзе шкур баброў і куніц, мёду насельніцтва абкладвалася і грашовымі паборамі.

У пачатку XVI ст. (асабліва ў 1505 г.) адбыліся спусташальныя набегі крымскіх татар на ўкраінскія і беларускія землі. Найбольш пацярпелі ад іх Палессе і Случчына. Не абмінула гэтая варожая навала і Брагіншчыну.

Аб далейшым узмацненні прыгнёту, злоўжываннях зборшчыкаў падаткаў сведчыць каралеўская грамата ад 1511 г. У ёй побач з іншымі валасцямі, адкуль часта прыходзілі скаргі ад падаткаплацельшчыкаў, узгадваецца і Брагін. “Польскі кароль і вялікі князь літоўскі Сігізмунд I дараваў Брагіну грамату, якая забяспечвала правы жыхароў і давала ім усялякія льготы. Такія граматы забытым богам мястэчкам не даваліся”, – адзначае ў сваёй кнізе “Сцежкі ў даўніну” беларускі даследчык Аляксандр Рогалеў. У ліку прывілей быў новы парадак уплаты падаткаў. У адпаведнасці з ім брагінчане атрымалі права рабіць плацяжы непасрэдна ў каралеўскую казну, а не мясцовым старастам ці дзяржаўцам, якія дапускалі злоўжыванні.

Важныя звесткі аб нашым краі ўтрымлівае абмежавальны акт Брагінскага графства, складзены 7 сакавіка 1512 г. Дакумент уяўляе сабой запіс у актавую кнігу Мазырскага гарадскога суда ад 2 жніўня 1776 г. Тут змешчана апісанне межаў Брагінскай воласці, якая раней належала каралю польскаму і вялікаму князю літоўскаму Сігізмунду I Старому, зробленае на загад караля і вялікага князя Сігізмунда II Аўгуста дзякам Іванам Кніцічавым. І цікавае яно тым, што дае прыблізнае ўяўленне аб тэрыторыі, якая на пачатку XVI ст. уваходзіла ў Брагінскую воласць. Паўднёвая мяжа яе пралягала ад вусця Брагінкі, па Дняпры “…до села брагинского Галэк”, паўночная – па рацэ Пясчанка, заходняя – “Хвойничак (Хойнікі), Дроньки, Кожушки… брагинское село Листвин”.

Выгаднае размяшчэнне Брагіншчыны на водных шляхах (сярэднедняпроўская частка шляху “з варагаў у грэкі”) садзейнічала яе прыкметнаму эканамічнаму і культурнаму развіццю. Па рэках Брагінка і Днепр вёўся сплаў лесу ў Чарнігаў, Кіеў, Екацярынаслаў, Крамянчуг, Херсон. Уніз і ўверх па гэтых транспартных артэрыях накіроўваліся гандляры, асабліва з поўдня, у напрамку Смаленска, Ноўгарада, Полацка, прыбалтыйскіх гарадоў.

У 1534 – 1537 гг. адбылася чацвёртая па ліку вайна Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім, у ходзе якой моцна пацярпела і наша мясцовасць. У прыватнасці, у 1535 г. адна з расійскіх армій на зваротным шляху ад Навагрудка спаліла Тураў, Мазыр і Брагін.

Пасля прыняцця ў 1557 г. польскім каралём і вялікім князем літоўскім Сігізмундам II Аўгустам “Уставы на валокі” на Беларусі ўводзілася фальваркавая сістэма гаспадаркі, што абумовіла канчатковы распад сялянскай абшчыны і яшчэ больш узмацніла прыгнёт сялян. Найбольш буйныя на Брагіншчыне фальваркі былі ў вёсках Астрагляды, Гарадзішча, Іёлча, Касачоў, Крукі, Рудакоў, Савічы і інш.
Паводле адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1564 – 1566 гг. на тэрыторыі Гомельшчыны былі ўтвораны (1566) Мазырскі павет у Кіеўскім і Рэчыцкі павет у Мінскім ваяводствах. У 1569-м у Мінскае ваяводства перададзены і Мазырскі павет.

Падрыхтавала
Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий