Дзейнічаць аператыўна, арганізавана і зладжана

Официально

Наш раён набліжаецца да юбілейнай даты: першага верасня спаўняецца 95 год з дня яго заснавання. Старшыня райвыканкама Аляксандр Кохан пацікавіўся ў начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Сяргея Даўгуляўца, як ідзе падрыхтоўка да важнай для Брагіншчыны і яе жыхароў падзеі. У першую чаргу неабходна навесці ў райцэнтры чысціню і парадак, наладзіць работу фантана. І, вядома, не забыць запрасіць ганаровых гасцей. Такія юбілеі ўжо адзначылі некаторыя раёны Гомельшчыны, неабходна, каб і ў нас урачыстасці прайшлі на высокім арганізацыйным узроўні. У час святочных мерапрыемстваў добра было б падвесці вынікі конкурсу на лепшы падворак і заахвоціць дбайных гаспадароў.

Асноўная ўвага на апаратнай нарадзе была ўдзелена ходу жніва. Яго тэмпы кіраўніка раёна не задавальняюць.

Убрана толькі палова плошчаў. З-за працяглых дажджоў камбайнеры выязджаюць у поле позна, чакаюць, калі ніва прасохне. У такой сітуацыі выйсце адно: вар’іраваць культурамі, выкарыстоўваць кожную спрыяльную гадзіну. Аляксандр Васільевіч нагадаў аб неабходнасці падрыхтоўкі насеннага матэрыялу, яго пярвічную ачыстку павінны весці ўсе сельгаспрадпрыемствы. Кантроль – за Брагінскай дзяржаўнай інспекцыяй.
“Кармавая база сёлета слабая, уборка саломы, закладка сянажных і сіласных ёмістасцей павінна весціся кругласутачна, – паставіў задачу перад дырэктарамі сельгаспрадпрыемстваў Аляксандр Кохан. – Паколькі і кукуруза не ўрадзіла, месцамі нізкарослая, рэдкая, падумайце, як яе зжаць, дзе ўзяць травяныя жняяркі”.

Кіраўнік раёна перасцярог ад мінулагодніх памылак, калі сцірты саломы, размешчаныя каля дарог або населеных пунктаў, станавіліся пажаранебяспечнымі аб’ектамі: успыхвалі з-за дзіцячага свавольства з агнём. Варта падумаць, дзе скласці салому сёлета, каб захаваць грубы корм.

Як складваецца сітуацыя з выплатай заработнай платы ў КЖУП “Брагінскае”, іншых прадпрыемствах, тлумачылі начальнікі аддзелаў, эканамісты.

Сяргей Даўгулявец праінфармаваў аб паўторным маніторынгу мабільнай групай вытворчых аб’ектаў ААТ “Пераможнік” і “Малажынскі”. Большасць недахопаў, на якія ўказвалася, ухілены.

У час наведвання гаспадарак Аляксандр Васільевіч заўсёды цікавіцца, ці падводзяцца вынікі работы на фермах, ці ведаюць людзі, колькі малака надаілі ў параўнанні з мінулагоднім. І толькі на Асарэвіцкай МТФ убачыў запоўненыя эканамістам экраны. А яны, як падкрэсліў старшыня райвыканкама, павінны быць і на зернетаках.

Начальнік РАНС Віктар Марчанка расказаў, што ў першым паўгоддзі пажараў са смяротным зыходам не адбылося. 18 ліпеня выратавальнікам давялося выязджаць у Ніжнія Жары. Паступіла трывожнае паведамленне: прапаў чалавек. Як стала вядома, рыбак, які прыехаў да сябра ў госці, патануў у Дняпры. Чатыры наглядальныя камісіі наведалі тыя домаўладанні, якія планавалася праверыць. Дзецям састарэлых бацькоў накіравана шэсць пісем аб аказанні дапамогі ў набыцці і ўстаноўцы аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў.

На тэлефон міліцыі паступіла 48 паведамленняў, за апошні тыдзень узбуджаны дзве крымінальныя справы (па фактах крадзяжу дарожнага веласіпеда і вуды). Чатыры правапарушэнні выяўлены ў сферы сямейна-бытавых адносін і столькі ж – у арганізацыях АПК. Па лініі ДАІ затрыманы 57 удзельнікаў дарожнага руху. Гэтыя факты агучыў выконваючы абавязкі начальніка РАУС Мікалай Якунін.

Аб дэмаграфічнай сітуацыі ў раёне з болем гаварыў галоўны ўрач ЦРБ Ігар Кірэня: памерла трохмесячная дзяўчынка, у цяжкім стане знаходзіцца ў абласной бальніцы 15-гадовы падлетак. Здарэнні адбыліся на тэрыторыі Чамярыскага Савета. Не стала і двух мужчын працаздольнага ўзросту. Адзін з іх злоўжываў спіртным, другі пакутваў ад невылечнай хваробы. Улічваючы такія абставіны, кіраўнік раённай вертыкалі даручыў свайму намесніку, які курыруе ахову здароўя, трымаць сітуацыю пад кантролем. Патрэбна абследаваць усіх дзяцей.

Аляксандр Васільевіч вярнуўся да тых даручэнняў, якія агучыў у мінулы раз. Датычыліся яны харчавання ўдзельнікаў жніва і рэгістрацыі тэлефонных званкоў у дыспетчарскай КЖУП “Брагінскае”. Па абодвух пытаннях былі заўвагі. Якасць абедаў у хлебаробаў выклікае нараканні, а на нумар 115 нельга дазваніцца.
Не выконваюцца сёлета ў раёне прагнозныя паказчыкі, “тармозяць” гандаль і грамадскае харчаванне. Ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі тавараабарот у гандлёвых кропках Брагінскага філіяла Гомельскага абласнога спажывецкага таварыства склаў 40% да ўзроўню мінулага года (па вобласці – 103%). Патрэбна, па словах Аляксандра Васільевіча, больш завозіць і прапаноўваць людзям тавараў, каб не пуставалі прылаўкі магазінаў.

На апаратнай нарадзе разгледжаны таксама пытанні раскарчоўкі садоў і ўводу зямель у севазварот, спагнання запазычанасці за камунальныя паслугі, праверкі на нітраты прадукцыі, якая прадаецца на рынку.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *