Мінадукацыі аб’явіла дадатковы набор на бюджэт

Грамадства

Міністэрствам адукацыі Беларусі ў 2019 годзе аб’яўляецца дадатковы набор на бюджэтныя месцы, вызначаныя кантрольнымі лічбамі прыёму і якія засталіся пасля залічэння абітурыентаў. Такая інфармацыя размешчана на сайце ведамства.

У прыватнасці, у Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі засталося 79 свабодных месцаў на спецыяльнасці: «аграномія», «заатэхнія» і «аграхімія і глебазнаўства».

Абітурыентам патрэбна мець сертыфікаты цэнтралізаванага тэсціравання па навучальных прадметах «Біялогія» і «Хімія» ад 7 балаў або даведкі аб выніках здачы ўступных іспытаў ва ўстановах вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай або прафесійна-тэхнічнай адукацыі па гэтых прадметах.

Па два свабодныя месцы засталося ў Беларускім дзяржаўным універсітэце на спецыяльнасці «славянская філалогія» і ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Ф.Скарыны на «беларускай філалогіі».

Абітурыентам патрэбна мець сертыфікаты цэнтралізаванага тэсціравання па навучальных прадметах «Беларуская мова» ад 25 балаў і «Гісторыя Беларусі» ад 15 балаў, а таксама даведку аб выніках здачы ўступных іспытаў ва ўстановах вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай або прафесійна-тэхнічнай адукацыі па прадмеце «Беларуская літаратура».

На спецыяльнасць «інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі» ў Палескім дзяржаўным універсітэце засталося тры месцы на скарочаны тэрмін навучання.

Абітурыентам патрэбна мець даведкі аб выніках здачы ўступных іспытаў ва ўстановах вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай або прафесійна-тэхнічнай адукацыі па дысцыплінах «Асновы алгарытмізацыі і праграмавання» і «Ахова працы. Ахова навакольнага асяроддзя і энергазберажэнне».

Падача дакументаў праводзіцца з 30 ліпеня па 1 жніўня, залічэнне па 3 жніўня.

БелТА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *