На Еўрапейскіх гульнях у медальным заліку беларусы занялі другое месца

II Европейские игры Спорт

Атлеты зборнай Беларусі заваявалі 69 узнагарод – 24 залатыя, 16 сярэбраных і 29 бронзавых.

Выдатна выступілі беларускія самбісты, у актыве якіх 15 узнагарод (3, 4, 8). Зноў пацвердзілі свой высокі клас весляры на байдарках і каноэ. Падапечным галоўнага трэнера каманды Уладзіміра Шантаровіча не было роўных на вяслярным канале ў Заслаўі – яны апярэдзілі ўсіх сапернікаў, заваяваўшы 10 медалёў (5, 2, 3). У скарбонцы беларускіх барцоў у трох дысцыплінах 7 медалёў (3, 2, 2). Столькі ж узнагарод у лёгкаатлетаў – 3 залатыя і 4 сярэбраныя.

Майстры спартыўнай акрабатыкі пад купалам “Мінск-Арэны” сталі ўладальнікамі двух залатых і чатырох бронзавых медалёў. Там жа на п’едэстал гонару падымаліся гімнасты. У турніры па мастацкай гімнастыцы беларускія грацыі заваявалі 5 медалёў (2, 1, 2), а ў спартыўнай гімнастыцы ў беларусаў дзве бронзы.

Беларускія веласіпедысты сталі ўладальнікамі 5 узнагарод – 3 на трэку (1 залатая і 2 бронзавыя) і 2 на шашы (па адной залатой і бронзавай). Батутысты двойчы падымаліся на вышэйшую прыступку п’едэстала гонару і ўзялі адну бронзу. У баксёраў па залатым і сярэбраным медалі. Адзін залаты медаль у дзюдаістаў, лучнікі і стралкі паклалі ў скарбонку па адным сярэбраным медалі, па бронзе заваявалі мужчынская і жаночая зборныя Беларусі па баскетболе 3х3, а таксама каратысты.

У агульнакамандным медальным за-ліку беларусы ўступілі толькі расіянам, у якіх 109 узнагарод (44, 23, 42), трэцяе месца занялі спартсмены Украіны, што заваявалі 51 медаль (16, 17, 18). Усяго на п’едэстал гонару II Еўрапейскіх гульняў падымаліся прадстаўнікі 43 каманд.

Мінск перадаў эстафету польскаму Кракаву, які атрымаў права прыняць у 2023 годзе наступныя Еўрапейскія гульні.

БелТА



Пакінуць адказ