Новая дзіцячая гульнявая пляцоўка з’явілася ў Камарыне

Главное Грамадства

Яркая дзіцячая гульнявая пляцоўка, што некалькі дзён таму з’явілася ў Камарыне па вуліцы Леніна паміж шостым і восьмым дамамі, адразу кідаецца ў вочы. На сэрцы цяплее, калі бачыш, якая колькасць хлопчыкаў і дзяўчынак выбягае з пад’ездаў шматпавярховак і адразу накіроўваецца сюды. Паклапацілася аб яе ўстаноўцы раённая ўлада. Ідэя належыць старшыні райвыканкама Аляксандру Кохану.

“Мы вельмі абрадаваліся, калі даведаліся, што ў нашым пасёлку з’явіцца яшчэ адна дзіцячая пляцоўка, – падзялілася в.а. старшыні Камарынскага сельскага Савета Валянціна Блудчая. – Шчыры дзякуй Аляксандру Васільевічу ад усіх жыхароў”. Дарэчы, на закупку і ўстаноўку абсталявання выкарыстаны сродкі, заробленыя ў час раённага суботніка.

Юныя камарынцы з задавальненнем расказваюць, чым любяць тут займацца. Глебу Шубянку, які перайшоў у пяты клас, найбольш падабаецца перацягваць канат, як і яго сябру Івану Яўсеенку. Глеб не без гонару паведаміў, што раніцай падцягнуўся на перакладзіне чатыры разы, устанавіў свой першы “рэкорд”. Шасцігадовая Даша Ятчанка і яе малодшая сястрычка Рыта з задавальненнем катаюцца з горкі. Равеснік Рыты Мікіта слізгаціць па каляровай стойцы, толькі і чуваць яго радасны вокліч: “Даша, лаві мяне!”

Пасля работы прыводзяць сюды сваіх маленькіх сыноў і дачок бацькі з іншых вуліц. У двары становіцца весела, ажыўлена і шумна, а галоўнае – пануе атмасфера добразычлівасці і прыязнасці. Як і павінна быць паміж суседзямі, як было ў тыя часы, калі раслі і сталелі іх бацькі. Агульныя забавы, радасці, ніякай варожасці і зайздрасці. У гэты ўтульны і зялёны дворык яны будуць вяртацца з іншых гарадоў, куды паедуць на працу або вучобу.

А пакуль уволю бегаюць, займаюцца на пляцоўцы, якая падаравала столькі шчаслівых імгненняў. Жыхары дома, якія вырасцілі сваіх сыноў і дачок, з замілаваннем назіраюць за дзецьмі знаёмых і з удзячнасцю ўзгадваюць тых, хто падараваў юным камарынцам свята.

Ніна СІНІЛАВА
Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *